У Будславе, што ў Мядзельскім раёне, праходзіць юбілейны фэст, прысвечаны 400-годдзю абраза Маці Божай.

Падчас урачыстасці ў Будслаў прыбылі рэліквіі святой Тэрэзы. А на начную працэсію сабралася каля 40 тысяч вернікаў.

«Марыя прымае ўсіх. Яна адорвае ўсіх і кожнага паасобку сваёй радасцю, якая найперш выплывае са спаткання з Яе Сынам»,
падкрэсліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас святой Імшы, якая адбылася ў Будславе ўначы. Перад літургіяй прадстаўнікі чатырох дыяцэзій унеслі копію абраза Маці Божай Будслаўскай, якая здзяйсняла перэгрынацыю па Беларусі, і адбылася працэсія з копіяй абраза вакол будслаўскага парка.

«Мы найчасцей просім Бога, каб нас выслухаў і дапамог. Але ці памятаем аб тым, што трэба і дзякаваць? А мы, сапраўды, маем за што дзякаваць і праслаўляць Бога, — адзначыў арцыпастыр. — Марыя прымае ўсіх. Яна адорвае ўсіх і кожнага паасобку сваёй радасцю, якая найперш выплывае са спаткання з Яе Сынам, дзякуючы чаму мы атрымліваем дар веры, без якой няма збаўлення».

Па словах арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, «у цяжкія часы ганенняў на Касцёл мы імкнуліся сюды, у славуты Будслаў, імкнуліся да Марыі, верачы, што Яна выпрасіць у свайго Сына ласку свабоды веравызнання», сёння ж «знаходзімся тут, каб дзякаваць Богу за гэты дар свабоды і прасіць Яго ласкі і сілы мудра і адказна яе выкарыстаць».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?