Кожны раз, калі баба Гіта, адстаяўшы чэргі, прыносіла ў хату ці нешта занадта дарагое, ці ўвогуле не патрэбнае, на ўсе матчыны папрокі «навошта?» яна адказвала вычарпальна: «Усе палкоўнікі і генералы бяруць!»…

Палкоўнік Макараў, зразумела, не баба Гіта. Але кожны год, калі набліжаецца 3 ліпеня, галоўны прапагандыст, «сцяганосец», так бы мовіць, ад Міністэрства абароны намагаецца пераканаць грамадства ў тым, як патрэбен яму, грамадству, вайсковы парад. На ўсе пытанні адносна кошту «тавара» і сумненні адносна гістарычнай нагоды ён адказвае не горш за бабу Гіту: якія грошы ў параўнанні з высокім маральным духам, патрыятычным уздымам і свяшчэннай памяццю?!

Віншаванне ад Лукашэнкі.

Віншаванне ад Лукашэнкі.

Палкоўнік Уладзімір Макараў.

Палкоўнік Уладзімір Макараў.

Насамрэч грошы турбуюць палкоўніка Макарава не менш за «патрыятычны ўздым» і «свяшчэнную памяць».

У маім архіве захаваліся дакументы да гісторыі, якая цягнулася больш за 7 гадоў. Аднойчы мінчук Пётр Папоў, прачытаўшы віншаванне ад прэзідэнта да 60-годдзя Перамогі і пачуўшы прэзідэнцкія словы пра тое, што «кожнаму ўдзельніку вайны трэба аказаць асаблівую ўвагу і выканаць іх жаданне», пажадаў атрымаць у падарунак ад прэзідэнта шуйскую гармонь.

«Я з дзяцінства, — пісаў Папоў у „Народную Волю“, — граў на гармоніку і ўсё жыццё марыў пра Шуйскую гармонь. Гармонь была нам адзінай радасцю. Як яна ўздымала дух у тыле і на фронце! Дзе гармонь грала, там гора і слёзы забываліся. Калі вярнуўся з вайны, ужо ні родных, ні хаты не было. Не да гармоні… Галеча, жыць няма дзе… Ну, а потым Мінск, будоўля, праца на аўтазаводзе, вучоба, сям’я… А што па капейчыне назапасіў у ашчаднай касе, прапала… Вось і не вытрымаў, вырашыў (магчыма, і недарэчна), напісаць Аляксандру Рыгоравічу… Мо і яму аўтарытэт…»

Сем гадоў запар выпрабоўваў ветэран вайны аўтарытэт дзяржаўнай улады, то бок «усіх палкоўнікаў і генералаў»: ад Адміністрацыі прэзідэнта праз дырэкцыю аўтазавода, якому аддаў усё працоўнае жыццё, да Палаты прадстаўнікоў, Савета ветэранаў і Міністэрства абароны.

Генералу Новікаву, старшыні Савета ветэранаў, Папоў пісаў ўжо ў стане роспачы: «…4 гады мне даказвалі, што я не толькі капейкі — слова не каштую… Забіваліся вера, аўтарытэт урада, прэзідэнта, патрыятызм да працы, да Радзімы… Таварыш Генерал, спадзяюся, Вы не падвядзеце гвардзейца…»

Генерал Новікаў «не падвёў». Адказаў, што Савет ветэранаў «…не имеет полномочий…» і «искренне» павіншаваў з Днём Перамогі — адказ пісаўся 8 мая. Праўда, усё ж папрасіў Міністэрства абароны знайсці «финансовую возможность…»

«Фінансавую магчымасць» шукаў палкоўнік Макараў. І адшукаў, што «…К сожалению,.. оказать Вам безвозмездную спонсорскую помощь для приобретения Шуйской гармони военное ведомство не имеет возможности… начальник управления информации главного управления идеологической работы Министерства обороны полковник…»

Быў, праўда, момант, калі нейкі падпалкоўнік завёў Папова на «вялізны склад утылю музычных інструментаў». І Папоў абраў-такі сіплаваты гармонік, пасля чаго ці не з год разам з тэлефоннымі віншаваннямі да кожнага свята атрымліваў ад падпалкоўніка запэўніванні, што гармонік вось-вось спішуць і давязуць. Не давязлі…

«Давязлі» чытачы газеты, скінуліся на падарунак. І сярод іх, напэўна, нашчадкі тых, хто ад пачатку вайны так і не запатрабаваў свае ўклады, бо загінуў альбо згінуў без вестак. Больш за 2,5 мільёна гэтых грашовых укладаў дасюль захоўваюцца ў Цэнтрабанку Расіі…

Такі вось парад.

Такі «маральны дух». Такі «патрыятычны ўздым». Такая «свяшчэнная памяць»…

Не ведаю, што там на памяці ва «усіх палкоўнікаў і генералаў». На маёй памяці Ён.

…Ён быў, як тое завецца, знакавай фігурай майго дзяцінства. Пачынаючы гадоў з пяці, калі я ўпершыню ўбачыў яго. Дакладней, пачуў, як грукочуць па крутым брукаваным спуску вуліцы Берсана падшыпнікі ягонага самакату. А потым убачыў, як ён тармозіць рукамі ля газавай крамы, куды я пайшоў разам з маці. Яна кінулася да яго дапамагчы, ён закруціў галавой і нават замахнуйся на яе. А я не разумеў, як гэта магчыма рухацца на карачках, адштурхоўваючыся ад маставой нейкімі дзеравяшкамі. Пазней я даведаўся, што яны так і зваліся — штурхачы.

Потым я сустракаў яго ледзь не кожны дзень, калі ішоў у школу па вуліцы Нямізе, ўздоўж яшчэ не загнанай у трубы Нямігі-ракі. Я трохі палохаўся яго, ягоных аблямаваных тлустай, зацёртай да люстэркавага бляску, скурай абрубкаў ног, ягонай грузнай фігуры, што невядома як змяшчалася на дошачках з падшыпнікамі. Магчыма, таму, што ў нас былі свае самакаты, мы хвацка ганялі на ніх па вуліцах і дварах, адштурхоўваючыся дзеля вар’яцкай хуткасці то адной нагой, то другой…

Зімой ён апранаўся ў стары, заўсёды расшпілены бушлат — яму, відаць, заўжды было горача ад цяжару ягонай, можна сказаць, падзвіжніцкай працы. З-пад бушлату цьмяна пабліскваў медаль. Я разгледзеў гэты медаль аднойчы летам, ужо пад штрыфлем пінжаку, апранутага проста на цяльняшку — «За отвагу», такая ж была ў бацькі. Падобна на тое, што ён увогуле яе не здымаў, бо калі-нікалі я бачыў яе проста на цяльняшцы, рукавы каторай узгорысталіся магутнымі біцэпсамі — куды там сёняшнім «качкам»!

Потым мы з’ехалі на іншую вуліцу, і я згубіў яго з вачэй на некалькі гадоў, да 9 мая 1965 года, калі ўбачыў апошні раз. У той дзень упершыню пасля вайны збіралася шэсцые ветэранаў. Хаця якія там ветэраны — 40, 60, ну, 70 гадоў…

Я ўбачыў яго ля гасцініцы «Мінск». Побач з ім прысеў на кукішкі знакаміты военачальнік, генерал арміі Батаў з чатырма зоркамі на пагонах і двума залатымі на грудзі. Ён, мабыць, папрасіў закурыць, бо ў руках у генерала мільгнула пачка цыгарэт, і яны абодва, зацягваючыся, доўга яшчэ аб нечым размаўлялі. А потым разам, поплеч пайшлі-паехалі ў пачатак праспекта, дзе ўжо выстройваліся да шэсця людзі, усе ў розных ордэнах і медалях, з розных блізкіх і далёкіх месцаў…

А потым ён са сваім медалём знік. З гораду. З жыцця. Але, як бачыце, не з памяці…

Не, я не супраць параду, калі б наперадзе замест танкаў каціў, грукоцячы падшыпнікамі, Ён. А за ім Папоў з гармонікам. А за імі ўсе знішчаныя і пакалечаныя вайной беларускія людзі…

І «усе палкоўнікі і генералы» аддавалі б ім чэсць.

Але я добра разумею, на што і на каго разлічаны іх парадны, пад грукат бранірованых страшыдлаў, рытуальны енк пра загінулых і ваяўнічую рыторыку пра «нашу победу», разлік — на пацеху адным, што вечна прагнуць відовішчаў, і на патрэбу іншым, што прагнуць вечнай улады над людзьмі.

Ад аўтара. Не выключана, што ў Беларусі жывуць нашчадкі тых загінулых і прапаўшых без вестак жаўнераў, чые грашовыя ўклады засталіся незапатрабаваныя і захоўваюцца ў Цэнтрабанку Расіі. Да іх ведама: пошук вядзе сайт «Мемориал Великой Отечественной войны».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?