Наста Азарка

Іван Шыла

Суды над нацыянальнымі актывістамі: Насьці Азарцы — 1 млн 240 тыс. штрафу, школьніку Івана Шылу прызналі вінаватым, але вынесьлі толькі папярэджаньне. Адвакат Марыяна Сімашка на судзе: Хаця я ня маю права рабіць прамых ацэнак, але лічу дзейнасьць «Маладога Фронту» карыснай для Беларусі, і яна будзе празь нейкі час ацэнена належным чынам. Пракурор: не ператварайце звычайную справу ў палітычную. Мы судзілі б тут нават сябра незарэгістраванага таварыства хамячкоў.

У аўторак 4 верасьня ў Нясьвіжы й Салігорску адбыліся суды над удзельнікамі патрыятычнага руху моладзі, беларускамоўнымі Іванам Шылам і Настай Азаркай.

Нясьвіж, 9.45: Каля суду зьбіраюцца людзі, якія прыехалі падтрымаць Насту Азарку. Сярод іх — Сяргей Панамароў з Клецку, Павал Красоўскі з Жодзіна, Алесь Міхалевіч зь Менску. Усяго каля 15 чалавек.

Дзяжурыць каля суду й група БТ з журналістам Дзянісам Бальшаковым, які праславіўся рэпартажамі з Плошчы (пра шпрыцы і порначасопісы).

Вельмі шмат міліцыі й супрацоўнікаў у цывільным. Яны ці не на кожным рагу вуліцы. Прыежджых, што кіруюцца да суду, не хаваючыся «вядуць» ад патруля да патруля.

Нясьвіж, 10.01: Пачаўся суд. Падтрымаць Насту прыйшлі каля 20 чалавек. Прозьвішча судзьдзі — Дунаева.

Салігорск, 10.01: Для суду над салігорскім актывістам Іванам Шылам у мясцовым раённым судзе вылучылі самую вялікую залю, на 60 чалавек. Але яна ці не на палову запоўненая людзьмі, у якіх мясцовыя жыхары пазнаюць сацыяльных пэдагогаў мясцовых школ.

Падрымаць Івана прыехалі вядомыя палітыкі й праваабаронцы, сярод іх — Алесь Бяляцкі (праваабаронца), Валер Ухналёў (ПКБ), Анатоль Лябедзька (АГП), Валянцін Стэфановіч (праваабаронца). Сабраліся моладзевыя актывісты з Салігорску й іншых гарадоў. Яны абяцаюць праводзіць акцыю падтрымкі пад вокнамі суду.

Салігорск, 10.14: Іван Шыла хадайнічаў, каб з залі быў выдалены невядомы чалавек, які здымаў паседжаньне на камэру. Судзьдзя хадайніцтва задаволіла, й чалавек з камэрай пакінуў залю.

Іван заявіў, што не разумее расейскай мовы. Таму ў працэсе ўдзельнічае перакладчыца зь беларускай.

Салігорск, 10.26: Пад будынкам Салігорскага суду сабралося каля 60‑70 чалавек. Іх шчыльна абступіў АМАП, у моладзі сілай адабралі расьцяжку. Да суду пад’ехалі тры міліцэйскія аўтобусы.

Моладзь скандуе «Свабоду!», «Жыве Беларусь!»


Фота Радыё Свабода. Паглядзець фотарэпартаж.

Салігорск, 10.31: Жорсткі разгон моладзі ў Салігорску.

Акцыя падтрымкі моладзі каля раённага суду ў Салігорску жорстка разагнаная. Тых, хто меў хоць якую сымболіку, значкі, пахапалі й кінулі ў аўтазакі. Астатняя моладзь паспрабавала заступіць дарогу аўтобусу, тады пачалося зьбіцьцё й новыя затрыманьні.

Нясьвіж, 10.37: Каля будынку суду знаходзяцца каля 25 чалавек, якім не хапіла месца ў залі.

Салігорск, 10.39: Іван Шыла прапанаваў судзьдзі адразу абвесьціць прысуд, бязь лішніх фармальнасьцяў. У справе фігуруюць матэрыялы праслухоўваньня тэлефонных размоў Івана.

Салігорск, 10.46: Іван Шыла адмовіўся даваць паказаньні. Суд заслухае паказаньні, якія Іван даваў у часе сьледзтва.

Салігорск, 11.27: У працэсе абвешчаны перапынак на 15 хвілін. Дапыталі сьведкаў — трох супрацоўнікаў міліцыі. Яны сказалі, што Іван Шыла вывешваў расьцяжкі, распаўсюджваў улёткі. Аднак багата сьведкаў не зьявіліся. Цяпер судзьдзя вырашае, ці можна разглядаць справу далей бязь іх удзелу.

Нясьвіж, 11.57: Дапыталі сьведак. Цяпер ідзе разгляд пісьмовых матэрыялаў справы. Сярод прысутных ля суду — Аляксей Янукевіч, Уладзімер Лабковіч. У маці Насты Азаркі кветкі ў руках.

Нясьвіж, 12.35: Аб’яўлены перапынак у працэсе на 10 хвілін. Ужо заслуханыя сьведкі й разгледжаныя матэрыялы справы.

Адным з доказаў па справе зьяўляюцца раздрукаваныя гутаркі, інтэрвію з розных інтэрнэт‑сайтаў, а таксама налепачныя і раздатачныя матэрыялы з згадваньнем «Маладога фронту»

На судзе прысутныя прадстаўнікі пасольстваў ЗША і Славакіі.

Каля суду затрыманыя фотакарэспандэнт Уладзімер Грызін і незалежны журналіст Сяргей Сыс.

Да тых, хто прыехаў падтрымаць Насту, далучыліся Эніра Браніцкая і Юрась Губарэвіч.

Маці Насты Азаркі сьведчыць, каб застацца ў залі. Карэспандэнту НН яна змагла ахарактарызаваць тое, што адбываецца, толькі адным словам: «Цяжка».

Салігорск, 12.47: І ў Салігорску ў якасьці доказаў выступаюць раздрукоўкі з сайтаў і выразкі з газэт у дадатак да тэлефонных праслухоўваньняў.

Салігорск, 13.10: Абвесьцілі перапынак на 30 хвілін. Былі дапытаныя дадатковыя сьведкі, зачытаная характарыстыка з школы. Да суду пад’ехалі Вінцук Вячорка, Вячаслаў Сіўчык, Павал Севярынец.

Нясьвіж, 13.10: Працэс працягваецца. Ля суду зьбіраюцца людзі зь белымі й чырвонымі кветкамі. Прадстаўнік пракуратуры просіць у якасьці пакараньня Насьце Азарцы 500 базавых адзінак.

Нясьвіж, 13.35: Пракурор настойваў на тым, што склад злачынства даказаны: агітацыя за арганізацыю, паклёп на БРСМ, удзел у паседжаньнях незарэгістраванай арганізацыі, вывешваньне расьцяжак. Але з улікам добрых характарыстык з школы й працы просіць абмежавацца штрафам.

Адвакат Галіеў заявіў, што артыкул, па якім судзяць Насту, не адпавядае сучаснаму заканадаўству й патрэбны толькі пэўным асобам у Беларусі. Сказаў, што ня можа быць складу злачынства ва ўдзеле ў арганізацыі, якая мае культурніцкія, адукацыйныя мэты, што такая арганізацыя мусіла б быць падтрыманая дзяржавай, і заклікаў спыніць справу.

Азарка ў апошнім слове сказала, што прызнае сваю памылку, што гуляла ў дзіцячыя гульні, скакала вышэй галавы. Але заявіла, што ня спыніць дзейнасьці й будзе працаваць у тым самым рэчышчы надалей, і будзе дамагацца, каб арганізацыю зарэгістравалі.

Салігорск, 14:34 Як паведаміў Вінцук Вячорка, цяпер у РУУСе Салігорску знаходзяцца затрыманыя раней актывісты, якія чакаюць далейшых крокаў з боку міліцыі. Гэта Франак Вячорка і Алесь Каліта з «Моладзі БНФ» і спадар Ясевіч з «Маладога Фронту».

Вінцук Вячорка цяпер ідзе ў РУУС, каб высьветліць лёс затрыманых і аддаць перадачу.

Нясьвіж, 14:40 Праз дваццаць хвілін Насьце Азарцы будзе вынесены прысуд. Нагадаем, што пракурор папрасіў 500 базавых велічыняў (больш за 15 млн рублёў).

Салігорск, 14:43 Абвешчаны чарговы перыпанак.

Былі зачытаныя паказаньні сьведкаў, якіх не было на судзе, прадэманстраваныя "рэчдоказы": аўдыёкасэты, кампакт-дыскі, павязкі, значкі «Малады Фронт». Бацька Івана Шылы, як афіцыйны прадстаўнік непаўналетняга Івана Шылы, адмовіўся даваць характарыстыку сыну.

Салігорск, 14:51 . На вуліцы, ля будынку суду, стаіць каля 50 чалавек. У асноўным гэта моладзь у саколках «Малады Фронт», некаторыя трымаюць партрэты Зьмітра Дашкевіча, гукаюць лёзунгі салідарнасьці. Міліцыянтаў каля суду 20 чалавек, яны ўсё фільмуюць на відэа.

Паводле ацэнак прысутных, прысуд Івану Шылу сёньня можа быць ня вынесены: яшчэ нават не пачыналіся судовыя спрэчкі.

Нясьвіж, 15:07. Насьці Азарцы вынесены прысуд: 40 базавых адзінак (1 млн 240 тысячаў) штрафу.

Нясьвіж, 15:20. На выхадзе з суду Насьці Азарцы падарылі кветкі, яна зь сябрамі сфатаграфавалася на ганку суду. «Я чакала, што прысуд будзе нашмат больш жорсткі, — кажа Наста. — І да гэтага суду рыхтавалася, як да іспыту. І я лічу, што мы вытрымалі гэты іспыт — і я, і ўсе тыя, хто мяне падтрымліваў».

Салігорск, 15:22 Удакладнены сьпіс затрыманых у Салігорску: Алесь Каліта, Франак Вячорка, Зьміцер Хведарук, Зьміцер Ясевіч, Віктар Дзенісевіч. Ім адмовіліся браць перадачы.

У судзе пачаліся судовыя спрэчкі.

Салігорск, 15:41 Пракурор запатрабаваў асудзіць Шылу без прызначэньня пакараньня.

Салігорск, 15:52. Тры хвіліны таму затрыманыя Ільля Шыла, Дзяніс Карноў, Кася Галіцкая, Аляксей Шэін, Крысьціна Самойлава, Андрусь Тычына. Тым часам ранейшым затрыманым дазволілі перадаць перадачу.

15:55 Адвакат просіць апраўдаць Івана.

16:07 Суд над затрыманымі сёньня раніцай у Салігорску моладзевымі актывістамі пройдзе заўтра, 5 верасьня.

16:24 Прысуд Івану Шылу будзе вынесены ў 17:45.

Адвакат Марыяна Сімашка зазначыла падчас спрэчак, што няма ніводнага прамога доказу ўдзелу Івана ў Маладым фронце. Яна таксама заявіла, што хаця ня мае права рабіць прамых ацэнак, але "лічыць дзейнасьць МФ пазытыўнай і карыснай для Беларусі, і яна будзе празь нейкі час ацэнена належным чынам".

Пасьля апошняе слова ўзяў Іван Шыла. Ён напачатку адзначыў, што сёньня на суд прыехала шмат людзей зь Менску і зь іншых гарадоў Беларусі, якія мелі на мэце правесьці мірную акцыю падтрымкі, але яны былі разагнаныя і супраць іх прыменена сіла. «Сёньня судзяць не канкрэтна мяне, сёньня судзяць усіх, хто ня згодны з гэтай сыстэмай. Сёньня адбываецца суд над грамадзянскай абыякавасьцю. Гэта ўсё адбываецца з маўклівай згоды ўсіх нас, нават тых, хто прысутнічае ў залі, і гэтая ненармальнасьць абурае. Грамадзтва ня можа і не павінна дазваляць уладам такія судзілішчы», - сказаў Іван Шыла.

Прысуд стане вядомым а 17:45. Пракурор, нагадаем, папрасіў асудзіць Івана без пакараньня. Гэта ён патлумачыў тым, што Іван непаўнагадовы, таму ня можа быць кінуты ў турму або на хіміі. Паколькі ён нідзе не працуе, ён таксама ня можа быць аштрафаваны. Пракурор таксама перасьцярог, каб не ператваралі "звычайную справу" ў палітычную. Мы нават судзілі б тут сябру незарэгістраванага таварыства хамячкоў.

17:00

Літаральна толькі што пад Салігорскам затрымалі машыну, у якой кіраваліся ў горад Павал Севярынец, Барыс Гарэцкі і Алесь Галіеў. Затрымалі кіроўцу, астатнім удалося скіравацца далей.

18:15

Івана Шылу прызналі вінаватым, але вынесьлі перасьцярогу.

18:20

Людзі — каля 60 чалавек, — сьпяваючы «Магутны Божа», ідуць да Салігорскага РУУС, дзе знаходзяцца затрыманыя сёньня пад сьценамі суду моладзевыя актывісты.

Наперадзе калёны Павал Севярынец і двое братоў Шылаў.

Дайшоўшы да будынку РУУС, яны некаторы час пастаялі пад яго сьценамі -- будынак быў ачэплены міліцыяй - і разышліся.

Заўтра, напэўна, пройдуць суды над затрыманымі сёньня моладзевымі актывістамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?