Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 10 ліпеня накіраваўся ў Маскву з рабочым візітам, паведамілі БелаПАН у прэс-службе беларускага МЗС.

Падчас візіту Макей правядзе перамовы са сваім расійскім калегам Сяргеем Лаўровым.

На брыфінгу ў Маскве 5 ліпеня афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Аляксандр Лукашэвіч паведаміў, што падчас перамоў міністры плануюць абмяняцца меркаваннямі «па ўсім комплексе двухбаковых адносін міжнароднага парадку дня». «Зразумела, будзе разглядацца магчымасць павышэння эфектыўнасці ўзаемадзеяння супрацоўніцтва нашых краін у межах Саюзнай дзяржавы», — дадаў Лукашэвіч.

Макей і Лаўроў таксама маюць намер абмеркаваць пытанне функцыянавання Мытнага саюза.
«Зверым падыходы па дзейнасці ў міжнародных арганізацыях, у прыватнасці ў ААН, АБСЕ», — паведаміў афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ.
Хутчэй за ўсё, падчас сустрэчы Уладзімір Макей закране тэму рэалізацыі беларускай тэхнікі ў Расіі.
Напярэдадні візіту ў Маскву ў інтэрв’ю тэлеканалу СТВ ён паведаміў, што прызначаны адказным за разгрузку складоў прадпрыемства «Амкадор».

«За прадпрыемствамі, якія маюць вялікую затаваранасць складоў, замацаваны адказныя службовыя асобы. МЗС, у прыватнасці міністр замежных спраў, замацаваны за прадпрыемствам „Амкадор“. Мы ўжо сустракаліся з кіраўніцтвам гэтага прадпрыемства. Выпрацавалі канкрэтны план нашага ўзаемадзеяння, які, я думаю, дазволіць нам да канца года справіцца з гэтымі праблемамі. Аналагічна мы плануем дзейнічаць і па іншых прадпрыемствах», — сказаў Макей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?