Навабеліцкім (Гомеля) раённым аддзелам Следчага камітэта выстаўлена абвінавачанне жыхару абласнога цэнтра 1990 года нараджэння ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 339 КК (хуліганства). Ён узяты пад варту.

Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава, 30 чэрвеня прыкладна ў 17.00 абвінавачваны, будучы ў стане алкагольнага ап’янення, у магазіне «Тапаз» збіў неўстаноўленага мужчыну, як мяркуецца, бяздомнага. Пасля гэтага ён нанёс удар нагой у вобласць жывата прадаўшчыцы, якая заступілася за збітага.

Абвінавачваны, калі выйшаў з магазіна, звярнуў увагу на кампанію з двух мужчын і жанчыны, якія распівалі спіртное. Падбегшы да мужчын, ён беспрычынна стаў наносіць ім удары па розных частках цела.
Жанчына, спалохаўшыся паводзінаў незнаёмага хлопца, лягла на зямлю і стала адпаўзаць убок. Абвінавачваны скочыў ёй на спіну і зламаў рабро.

Сведкамі інцыдэнту сталі суседзі пацярпелай. Абвінавачваны, заўважыўшы падышоўшых мужчыну і жанчыну, беспрычынна збіў іх і ўцёк.

Па гарачых слядах нецвярозага маладога чалавека затрымалі ў пад’ездзе шматпавярховага дома ўчастковыя інспектары міліцыі Навабеліцкага РАУС, якія прыбылі па выкліку.

Пазней, пры дачы паказанняў у раённым аддзеле Следчага камітэта, абвінавачваны часткова растлумачыў матыў сваіх паводзінаў.

Паводле яго слоў, ён прытрымліваецца здаровага ладу жыцця і адмоўна ставіцца да людзей, якія злоўжываюць спіртным.
Ён мяркуе, што з такімі грамадзянамі можна размаўляць толькі на мове сілы. Непрацуючы малады чалавек растлумачыў, што захапляецца рукапашным боем і паўэрліфтынгам.
Абвінавачваны неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку ў 2009 годзе двойчы — за ўжыванне спіртных напояў у грамадскіх месцах, у 2010 годзе — за дробнае хуліганства.

Па стане на 10 ліпеня з заявай аб прыцягненні зламысніка да крымінальнай адказнасці звярнуліся дзве жанчыны. Усяго на праходжанне судова-медыцынскай экспертызы адпраўлены чатыры чалавекі. Два чалавекі адмовіліся ад экспертызы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?