Санкцыі Еўрапейскага саюза ў дачыненні да Беларусі з’яўляюцца «абсалютна ненармальнай з’явай» і павінны быць адмененыя. Пра гэта заявіў кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей 10 ліпеня напрэс-канферэнцыі ў Маскве.
Сустрэча з журналістамі адбылася па выніках перамоў Уладзіміра Макея з расійскім калегам Сяргеем Лаўровым.
«Мы заўсёды выступалі за дыялог і за любыя прапановы, якія маглі б спрыяць развіццю гэтага дыялогу з нашымі еўрапейскімі партнёрамі,— сказаў Макей. — Мы маем намер падтрымліваць цесныя адносіны з усімі нашымі суседзямі, з усімі краінамі, якія гатовы ісці нам насустрач».
Кажучы пра саміт Усходняга партнёрства, які мае адбыцца ў Вільні ў лістападзе, Макей зазначыў:
«Мы спакойна глядзім на тыя дыскусіі, якія адбываюцца на тэму таго, хто будзе запрошаны на гэты саміт [ад Беларусі], у якім статусе і гэтак далей.Мы мяркуем, што калі ЕС зацікаўлены ў тым, каб мець дыялог з Беларуссю, то гэта павінен быць раўнапраўны дыялог без
Паводле слоў міністра, на гэтым этапе Беларусь зацікаўленая ва ўдзеле ва Усходнім партнёрстве. «Мы можам узяць адтуль пэўныя карысныя моманты для сябе, можам удзельнічаць у нейкіх рэгіянальных праграмах, якія могуць прынесці дывідэнды для Беларусі», — патлумачыў ён.
«Але мы вельмі спакойна глядзім на ўдзел Беларусі ў гэтай ініцыятыве, — сказаў Макей. —
Калі становішча складзецца так, што нам нявыгадна будзе браць удзел у гэтым вымярэнні, то мы будзем аналізаваць сітуацыю і прымаць рашэнне, зыходзячы з наяўных акалічнасцяў».
Нагадаем, 24 чэрвеня на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў ЕС у Люксембургу было прынятае рашэнне аб прыпыненні візавых санкцый у дачыненні да Уладзіміра Макея. Санкцыі прыпыненыя на той час, пакуль ён займае пасаду міністра замежных спраў Беларусі. Разам з тым Макей застаецца ў спісе асоб, на якіх распаўсюджваюцца фінансавыя санкцыі (рахункі і ўласнасць гэтых асоб на тэрыторыі ЕС павінны быць замарожаныя).
У паведамленні па выніках пасяджэння гаварылася: «Савет спрашчае дыпламатычныя кантакты паміж ЕС і Беларуссю. Каб аблегчыць кантакты, савет сёння прыпыніў забарону на ўезд для беларускага міністра замежных спраў Уладзіміра Макея».