Электрастанцыя была адкрытая на палігоне цвёрдых бытавых адходаў «Паўночны» пад Мінскам. Рэалізатары праекта, прадстаўнікі беларуска-швейцарскага СТАА «ТДФ-Экатэх», паведамілі, што цяпер магутнасць электрастанцыі складае 2,8 МВт, але пасля запуску другой чаргі магутнасць станцыі ўзрасце да 5,6 МВт.

Як заявіў на цырымоніі адкрыцця станцыі старшыня рады дырэктараў кампаніі Дзмітрый Васільеў, на дадзены момант перапрацоўка звалачнага газу на палігоне «Паўночны» — самы вялікі праект па дэгазацыі палігона ЦБА не толькі ў СНД, але ва ўсёй Усходняй Еўропе. Ва ўсякім выпадку, самай вялікай электрастанцыяй, якая працуе на звалачным газе, гэты праект стане пасля выхаду на поўную магутнасць.

Унікальнасць дэгазацыі палігона «Паўночны» заключаецца яшчэ і ў тым, што гэты праект рэалізуецца на дзейным сметніку. Раней лічылася, што гэта нонсэнс.

Запуск другой чаргі ўдвая павялічыць і выдаткі. Калі першая чарга абышлася інвестарам у 6 млн еўра, то па заканчэнні другой чаргі выдаткі на праект складуць 12 млн еўра.

Як растлумачыў Дзмітрый Васільеў, дзякуючы на электрастанцыю будзе паступаць 3000 кубаметраў звалачнага газу, які ў адваротным выпадку трапляў бы ў атмасферу. На сметніках метан звычайна ўтвараецца цягам многіх гадоў у выніку паступовага раскладання арганічных адходаў. Пры адсутнасці перашкод метан рассейваецца ў атмасферу як звалачны газ, які, як правіла, прыкладна на 50% складаецца з метану. Метан спрыяе парніковаму эфекту і стварае пагрозу для здароўя і бяспекі людзей.

Па словах Дзмітрыя Васільева, электрастанцыя на палігоне «Паўночны» дазволіць паменшыць шкодныя выкіды ў атмасферу больш чым на 80 тыс. тон СО2 у год. Такім чынам, новая станцыя стане самым сур’ёзным праектам, накіраваным супраць парніковага эфекту ў Беларусі.

Дэгазацыя палігона «Паўночны» — ужо чацвёрты праект, які рэалізуецца TDF Ecotech AG у Беларусі. Аднак, па словах Дзмітрыя Васільева, планы ў кампаніі вялікія і яна мае намер рэалізаваць яшчэ 4 праекты ў нашай краіне ў найбліжэйшыя гады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?