Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі ўзмацняе кантроль за арганізацыяй і выкананнем перавозак пасажыраў, у тым ліку турыстычных. Пра гэта гаворыцца ў заяве Мінтранса, размешчанай на яго афіцыйным сайце.

Заява прынятая пасля трагічнага ДТЗ, якое адбылося раніцай 11 ліпеня ў Валынскай вобласці Украіны — пацярпеў аварыю аўтобус з беларускімі дзецьмі і дарослымі, якія іх суправаджалі, што накіроўваўся з Мінска ў Балгарыю. У выніку ДТЗ загінулі восем чалавек, у тым ліку, паводле папярэдняй інфармацыі, адзін падлетак — грамадзянін Беларусі.

Мінтранс звяртае асаблівую ўвагу кіраўнікоў турыстычных кампаній «на неабходнасць няўхільнага выканання норм «Правілаў аўтамабільных перавозак пасажыраў у Рэспубліцы Беларусь» (пастанова Савета міністраў ад 30 чэрвеня 2008 года № 972), асабліва раздзела 11 «Аўтамабільныя перавозкі груп дзяцей аўтобусамі».

Як зазначаецца ў заяве, у адпаведнасці з гэтымі правіламі аўтамабільныя перавозчыкі або заказчыкі такіх перавозак абавязаныя паведаміць пра перавозку груп дзяцей, што мае адбыцца, Дзяржаўтаінспекцыі, правесці ў адпаведных падраздзяленнях ДАІ інструктажы вадзіцеляў пра асаблівасці патрабаванняў правілаў дарожнага руху пры аўтамабільных перавозках груп дзяцей, а таксама пра меры перасцярогі, якія гарантавалі б бяспеку такіх перавозак па маршруце. У выпадку наяўнасці ў транспартным сродку вадзіцеля, які не валодае рускай мовай, такі інструктаж павінен праводзіцца з удзелам перакладчыка.

Абавязковым з’яўляецца патрабаванне правядзення тэхнічнага агляду аўтобуса, прадугледжанага для перавозкі груп дзяцей у нерэгулярных зносінах, у тым ліку з замежнай рэгістрацыяй.
Тэхагляд павінен праводзіцца не менш як за 7 дзён да пачатку перавозкі на дыягнастычнай станцыі. Пры гэтым у аўтобусе, які рухаецца па маршруце на адлегласць большую за 450 км, павінна быць два вадзіцелі, адпачынак якіх перад паездкай павінен складаць не менш за 12 гадзін.

Правіламі таксама не дапускаецца перавозка груп дзяцей з 23.00 да 5.00 гадзін, а таксама ва ўмовах недастатковай бачнасці. Перавозка груп дзяцей у начны час у парадку выключэння дапускаецца пры неабходнасці дастаўкі дзяцей да чыгуначнага вакзала, аэрапорта ці да бліжэйшага месца начлегу.

Да перавозак груп дзяцей адносяцца перавозкі дзяцей да 16 гадоў колькасцю восем і больш чалавек.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?