obzor.lt

obzor.lt

blogs.sky-radio.fm

blogs.sky-radio.fm

Мастак Ян Камароўскі (J. Kamarauskas). Рэзідэнцыя вялікіх князёў літоўскіх. Папера, акварэль, 1894 г.

Мастак Ян Камароўскі (J. Kamarauskas). Рэзідэнцыя вялікіх князёў літоўскіх. Папера, акварэль, 1894 г.

Г. Браўн і Ф. Хогенберг. План горада Вільні. 1581.

Г. Браўн і Ф. Хогенберг. План горада Вільні. 1581.

Унутраны дворык замка на малюнку ХІХ ст.

Унутраны дворык замка на малюнку ХІХ ст.

Унутраны дворык замка пасля рэстаўрацыі ХХІ ст.

Унутраны дворык замка пасля рэстаўрацыі ХХІ ст.

На макеце можна пабачыць структуру Палаца Уладароў Вялікага Княства.

На макеце можна пабачыць структуру Палаца Уладароў Вялікага Княства.

Адбудову вялі з дапамогай сучасных тэхналогій, але з максімальным аднаўленнем старадаўніх матэрыялаў.

Адбудову вялі з дапамогай сучасных тэхналогій, але з максімальным аднаўленнем старадаўніх матэрыялаў.

На цырымоніі адкрыцця Палаца Уладароў прысутнічалі кіраўніцтва дзяржавы, з супругамі.

На цырымоніі адкрыцця Палаца Уладароў прысутнічалі кіраўніцтва дзяржавы, з супругамі.

Многія былі ў нацыянальных строяў, але прэзідэнтка Даля Грыбаўскайце была проста ў строгім сінім касцюме.

Многія былі ў нацыянальных строяў, але прэзідэнтка Даля Грыбаўскайце была проста ў строгім сінім касцюме.

Сярод 2000 гасцей былі і колішнія прэзідэнты Літоўскай Рэспублікі, і цяперашняя кіраўнічка краіны Даля Грыбаўскайце, якая выступіла на цырымоніі з урачыстай прамоваю, адцеміўшы, што гэты Палац адкрываецца з пачаткам старшынства Літвы ў Радзе ЕС, а колісь менавіта тут адбываліся падзеі, што прадвызначалі лёс Еўропы. І тут спадарыня Грыбаўскаце мае рацыю. У палацы жылі і спыняліся каралі і вялікія князі Жыгімонт Стары, Жыгімонт Аўгуст, Сцяпан Батура, Жыгімонт Ваза, Уладзіслаў Ваза.

Адбудова Ніжняга замка ў Вільні стала самым маштабным праектам такога кшталту не толькі ў Літве, але і беспрэцэдэнтным на ўсёй постсавецкай прасторы, бо гэты будынак быў разбураны яшчэ ў пачатку ХІХ стагоддзя, задоўга да з’яўлення фатаграфіі. Яшчэ ў сярэдзіне XVII ст. палац быў моцна пабураны і ўжо не мог быць рэпрэзентатыўнай рэзідэнцыяй. У другой палове XVIII ст. тут пасялілася 25 розных сем’яў. Рэшткі старога Ніжняга замка расійскімі ўладамі былі разабраныя дарэшты ў 1801 г. А ў канцы ХІХ стагоддзя былі зрытыя рэшткі валоў, пазасыпаныя равы і разбіты парк.

Мара пра ўзнаўленне гэтага комплексу цвяліла душы літоўскіх патрыётаў больш за два стагоддзі. У магчымасць яго ўзнаўлення шчыра верылі літоўскія адраджэнцы пачатку ХХ стагоддзя. І вось іх мары ўрэшце здзейсніліся.

На хвалі перабудовы, ва ўмовах жорсткага эканамічнага крызісу, урад ЛітССР знайшоў сродкі, каб распачаць маштабныя доўгатэрміновыя раскопкі ў 1987. Яшчэ ў пачатку 1980-х, у адбудаваным нанава Старым арсенале адкрыўся найцікавейшы Музей дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Падчас археалагічных даследаванняў былі выяўленыя аскабалкі каменных пабудоваў XIII—XIV ст., падмуркі і сутарэнні XV--XVI ст., рэшты мазаік, падлогавая плітка і кафлі, каменныя і ляпныя дэталі аздобаў… Металічныя знаходкі кансервуюцца, рэстаўруюцца і падрыхтоўваюцца для захоўвання і экспазіцыі, адначасова выконваецца іх якасны мікрахімічны аналіз, што дапамагае вызначыць склад сплаву, ідэнтыфікаваць пакрыццё. Пры неабходнасці выконваюцца рэнтгенаграфічныя даследаванні, што спрыяюць вызначэнню ступені захаванасці знаходак іх структуры. Увосень 1989 г. ускрытую археолагамі падземную частку палаца перакрылі дахам са шклопласту і пачалі экспанаваць для публікі.

СССР распаўся, а маладая Літва працягвала археалагічныя, кансервацыйныя і праектныя работы на гэтым аб’екце. Тады запанавала ідэя адбудовы вялікакняскага палаца Ніжняга замка і прыстасаванне яго пад рэзідэнцыю прэзідэнта Літоўскай Рэспублікі, што дасёння месціцца ў колішнім палацы Віленскіх генерал-губернатараў. Нават Альгірдас Бразаўскас, першы прэзідэнт Літвы, выказаўся з гэтае нагоды: маўляў, яму неспакойна знаходзіцца ў будынку, дзе раней жыў Мураўёў-Вешальнік ды іншыя кіраўнікі акупацыйных уладаў.

Сама неймаверная, як здавалася, ідэя адбудовы Ніжняга замка справакавала гарачую палеміку ў літоўскім грамадстве і рашучы адпор сярод часткі навукоўцаў. Некаторыя літоўскія адмыслоўцы звярталі ўвагу на тое, што наяўнай іканаграфіі відавочна недастаткова для навуковага аднаўлення палаца, перадусім яго ўнутранай структуры і інтэр’ераў. Калі ж і некаторыя палітыкі паспрабавалі абурыцца марнаваннем сродкаў, тагачасны літоўскі прэм’ер, Адольфас Шляжавічус спаслаўся на “жаданне нацыі”… Жорстка крытыкавалі гэты праект і адмыслоўцы з міжнародных арганізацыяў, перадусім з ЮНЕСКА, але літоўцы здолелі давесці свету высокую якасць і грунтоўны навуковы падыход. Беларусы таксама вельмі раўніва сачылі за ходам гэты працаў.

Бо для Беларусі гэты досвед актуальны, як, бадай ні для кога іншага. Прыклад Вільні такі блізкі!

Пасля доўгіх дэбатаў, у 2000-м, гэтым разам на хвалі эканамічнага ўздыму, сойм Літвы прыняў Закон аб узнаўленні Палаца валадароў. У 2002 годзе пачаліся маштабныя будаўнічыя працы па адбудове Ніжняга замка. У 2003 годзе створаная дэндрахраналагічная лабараторыя, у якой вызначаецца ўзрост знойдзенай драўніны. Кансервуюцца і рэстаўруюцца керамічныя, шкляныя, бурштынавыя знаходкі. Пры супрацоўніцтве рэстаўратараў музея з іншымі ўстановамі і арганізацыямі выконваюцца хімічныя, тэхналагічныя, мастацтвазнаўчыя даследаванні керамічных і шкляных знаходак, ідэнтыфікуюцца складнікі керамікі, палівы, рошчынаў, асаблівасці іх вытворчасці. Перадусім гэтыя даследаванні прыдаліся падчас аднаўлення кафляных печаў.

Пры тым гэтай уселітоўскай будоўлі быў нададзены выключна публічны статус – сюды вадзілі экскурсіі, была створаная адмысловая экспазіцыя па гісторыі віленскіх замкаў, рэпартажы адсюль рэгулярна з’яўляліся ў медыях…

Усе этапы работ праводзіліся на конкурснай аснове. Конкурс на выкананне і каардынацыю праектных і даследчых работаў выйграў Цэнтр даследавання замкаў “Літоўскія замкі” (Pilių Tyrimo Centras „Lietuvos pilys“). Пра такую публічнасць і канкурэнцыйнасць нам, беларусам, можна толькі марыць. Дарэчы, грамадскі кантроль і маштабную грамадзянскую дапамогу здзяйсняе недзяржаўны “Фонд падтрымкі Палаца валадароў” (“Valdovų rūmų paramos fondas”) – зусім нечуваная сітуацыя ў Беларусі.

Першапачаткова планавалася закончыць будаўнічыя працы да святкавання тысячагоддзя Літвы ў 2009 г., але не паспявалі і аўралу рабіць не сталі. Аднак ад 2009 у Палацы валадароў ужо дзейнічае група па рэстаўрацыйным наглядзе, якую складаюць адмыслоўцы з розных арганізацый: у іх задачу ўваходзіць кантроль за захаваннем і рэстаўрацыяй знаходак.

Як тут не згадаць пра прыкры лёс Мінскай археалагічнай калекцыі, што мусіла б стаць асновай для Музея гісторыі горада? Нагадаю, у 2006 годзе адбылося скандальнае яе знішчэнне.

Тым часам праца літоўскіх рэстаўратараў на самым высокім узроўні ацэньваецца і кантралюецца Рэстаўрацыйнай радай Нацыянальнага музея, якому перадалі гэты палац. Музей сфармаваў тут грунтоўныя экспазіцыі па гісторыі будаўніцтва віленскіх палацаў, экспазіцыі гатычных інтэр’ераў, што былі выяўленыя і адрэстаўраваныя, стылізаваных, новазбудаваных інтэр’ераў у стылі рэнесанс і барока. Тут жа ўжо некалькі гадоў праводзяцца выставы, канферэнцыі, камерныя канцэрты…

І вось нарэшце Палац валадароў у адбудаваным Ніжнім замку адкрыў свае дзверы для ўсіх.

Экскурсія па шыкоўным музеі для дарослых будзе каштаваць 10 літаў, для школьнікаў, пенсіянераў і інвалідаў - 5 літаў. Зусім нядорага, нават для беларусаў.

Такім чынам, дзякуючы нястомнай рупнасці інтэлігентаў-летуценнікаў, амбіцыям літоўскіх чыноўнікаў і “жаданню нацыі” здзейсніўся сапраўдны цуд – страчаны больш як да стагоддзі таму Ніжні замак наноў паўстаў пад гарой Гедыміна. На сёння каштарыс Палаца кіраўнікоў склаў 126 млн даляраў. Калі падзяліць гэтыя сродкі на 25 гадоў, якія цягнуліся працы, то лічба не падасца фантастычнай нават для беларускага бюджэту. На наступную частку работаў, адбудову другой часткі будынка, раскопкі, кансервацыю і музеефікацыю спатрэбіцца яшчэ блізу $28 млн.

Як бачым, могуць здзяйсняцца мары, калі яны робяцца марамі агульнымі, калі пануе дух галоснасці і адкрытых дыскусіяў, калі да працы ў адкрытым фармаце і на альтэрнатыўнай аснове прыцягваюцца шырокія прафесійныя і грамадскія колы, калі праекты адкрытыя для крытыкі, у тым ліку і вонкавай, пра што паведамляецца ўсёй краіне. Калі чыноўнікі, адмыслоўцы і гісторыкі працуюць сумленна і публічна. Ну а перадусім гэта мусіць быць жаданнем нацыі, якая хоча бачыць сябе гістарычнай, угрунтаванай у традыцыі, якая хоча адстойваць сваю ідэнтычнасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?