Музыка гурту «Стары Ольса» без дазволу скарыстаная ў фільме, знятым журналістамі расійскай «Комсомольской правды». У ім ідзе размова пра сям’ю Германа Сцерлігава, аднаго з першых расійскіх мільянераў, вядомага сваімі радыкальнымі нацыяналістычнымі поглядамі.
Лідар беларускага гурта Зміцер Сасноўскі абураны тым, што іх музыка скарыстаная для прапаганды расійскага нацыяналізму. «Гэта чарговы факт выкарыстання нашай музыкі ў абсалютна супрацьлеглых мэтах. Мы з’яўляемся шчырымі патрыётамі Беларусі і прыкладаем шмат намаганняў да адраджэння нашай старой музыкі, а таму не можам спакойна трываць факт выкарыстання гэтай музыкі ў прапагандзе расійскага нацыяналізму, які знішчаў і працягвае знішчаць нашу родную культуру», — заявіў Зміцер Сасноўскі сайту budzma.org.
Гэта не першы выпадак, калі музыку беларускага гурта літаральна крадуць расійцы і выкарыстоўваюць у сваіх мэтах.
Так, некалькі год таму таварыства «Родноверы» выдала шэраг кампазіцый «Старога Ольсы» пад назвай «Древнерусская музыка». Тэлеканал НТВ без дазволу музыкаў скарыстаў іх творы для агучвання перадачы пра Каўказ, а адна з расійскіх кампаній незаконна прадавала рынгтоны «ольсаў». Зміцер Сасноўскі кажа, што раней у такіх канфліктных сітуацыях дапамагаў разабрацца Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці.
Прынамсі, продаж дыскаў «ольсы» пад шыльдай «Древнерусская музыка» і распаўсюд рынгтонаў атрымалася прыпыніць.
Але, як вядома, кіраўніцтва НЦІУ звольнілася на пачатку месяца ў поўным складзе. «Фактычна цяпер беларускія музыкі не маюць ніякай абароны, і разбірацца з такім выпадкамі стала больш складана», — кажа лідар «Старога Ольсы»
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?