Тамтэйшыя байцы ў гэты час займаюцца страявой падрыхтоўкай: маршыруюць, спяваюць. І якім было маё прыемнае здзіўленне, калі я аднойчы пачуў з іх вуснаў песню на беларускай мове! З таго часу я пачаў уважліва прыслухоўвацца да таго, што даносіцца з-за плота часці. Праз колькі дзён зноў пачуў беларускамоўны спеў ад хлопцаў, што чаканілі крок па дарожцы. Раз — выпадковасць, два — заканамернасць. А калі так, то ёсць сэнс падзякаваць вайсковаму кіраўніцтву.

Напісаў тры лісты са словамі падзякі на адрас в/ч 5448, у Міністэрства ўнутраных справаў і Міністэрства абароны, бо, на маю думку, песні на нашай мове спрыяюць здароваму патрыятычнаму выхаванню вайскоўцаў. У адказ атрымаў ліст ад выканаўцы абавязкаў камандзіра часці 5448 палкоўніка Э. Міцкевіча, у якім той запэўніў, што «в репертуаре подразделений в обязательном порядке имеются патриотические строевые песни на белорусском языке». А ў лісце з МУС намеснік камандуючага ўнутранымі войскамі, кіраўнік аператыўнай і баявой падрыхтоўкі міністэрства А. Маткін падзякаваў за мой зварот і выказаў упэўненасць, што «і далей камандаванне вайсковай часці 5448 у мэтах грамадзянска-патрыятычнага выхавання падначаленых будзе спрыяць выкарыстанню беларускамоўных твораў».

Нядаўні выхад фільма «Жыве Беларусь!» звярнуў увагу грамадскасці на праблемы роднай мовы ў беларускім войску. Канечне, стваральнікі стужкі прапанавалі мастацкае, гіпербалізаванае бачанне сітуацыі. Спадзяюся, у рэальнасці не так усё й дрэнна.

На жаль, не дачакаўся ліста ад Мінабароны, хаця тэрмін, адведзены заканадаўствам на адказ па звароце грамадзян, ужо мінуў.
А шкада: так хацелася б даведацца хоць нейкую афіцыйную пазіцыю кіраўніцтва войска па моўным пытанні. Бо ў душы застаецца надзея, што там усведамляюць важнасць выхавання нацыянальных каштоўнасцяў сярод салдат. Бо сапраўды бараніць Айчыну можа толькі той, хто служыць не нейкім там абстрактным касмапалітычным ідэалам, а найперш нацыянальным. Бо толькі тады ён будзе служыць Радзіме і народу. А мова наша — найвыдатнейшы інструмент у выхаванні павагі да нацыянальных каштоўнасцяў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?