Эксперт адзначыў, што апошнімі тыднямі назіраецца некаторае ўзмацненне жорсткасці грашова-крэдытнай палітыкі.

"Працэсы, якія мы назіраем апошнім часам, сведчаць пра некаторае ўзмацненне жорсткасці грашова-крэдытнай палітыкі Нацбанкам.
Сюды можна аднесці і павелічэнне нормы рэзервавання па валютных укладах (павелічэнне адлічэнняў у фонд абавязковых рэзерваў. — БелаПАН.), і павелічэнне нормы рэзервавання пры выдачы валютных крэдытаў на наяўныя патрэбы", — сказаў Іосуб.

Нацбанк заўсёды падкрэсліваў, нагадвае эксперт, што грашова-крэдытная палітыка будзе залежаць ад працэсаў у эканоміцы. "У першай палове года зніжалася стаўка рэфінансавання, гэта значыць адбывалася аслабленне грашова-крэдытнай палітыкі. Але пасля кожнага з такіх захадаў Нацбанк уважліва назіраў за рэакцыяй эканомікі", — адзначыў Іосуб.

У чэрвені, канстатаваў эксперт, на фінансавым рынку Беларусі сталі выяўляцца негатыўныя тэндэнцыі.
"У прыватнасці, аб'ём куплі валюты перавысіў аб'ём прапановы, акрэсліўся перацёк рублёвых укладаў у валютныя. Менавіта ў адказ на ўсе гэтыя працэсы Нацбанк не пайшоў у ліпені на далейшае змякчэнне (зніжэнне стаўкі рэфінансавання. — БелаПАН.) грашова-крэдытнай палітыкі", — перакананы Вадзім Іосуб.
Ён выказаў меркаванне, што ў будучыні магчымы рост стаўкі рэфінансавання. "Нельга выключаць росту стаўкі рэфінансавання для захавання агульнай стабільнасці ў эканоміцы", — сказаў Іосуб.

Нагадаем, Нацыянальны банк на працягу сакавіка—чэрвеня гэтага года знізіў стаўку рэфінансавання з 30 да 23,5%, а ў ліпені адмовіўся змяняць уліковую стаўку. "Сезоннае павышэнне попыту на замежную валюту з боку насельніцтва вызначае мэтазгоднасць захавання жорсткасці грашова-крэдытнай палітыкі, уключаючы дзейны ўзровень працэнтных ставак у эканоміцы", — аргументаваў Нацбанк нязменнасць стаўкі рэфінансавання.

Тым часам банкіры, апытаныя БелаПАН, мяркуюць, што Нацбанк не пайшоў у ліпені на зніжэнне стаўкі рэфінансавання, бо асцерагаецца даларызацыі ўкладаў. У выпадку калі ў трэцім квартале будзе адбывацца працэс даларызацыі ўкладаў, магчыма нават павышэнне стаўкі рэфінансавання, лічаць банкіры.

Восенню мінулага года ў Беларусі на фоне зніжэння працэнтных ставак і росту дэвальвацыйных чаканняў укладчыкі сталі пераводзіць рублёвыя ўклады ў валютныя дэпазіты. У сувязі з гэтым Нацбанк у трэцім квартале 2012 года спыніў працэс зніжэння стаўкі рэфінансавання.

У банкаўскай сістэме Беларусі восенню 2012 года назіраўся дэфіцыт рублёвай ліквіднасці, з-за чаго банкі павышалі працэнтныя стаўкі па ўкладах, што спрыяла росту прывабнасці рублёвых дэпазітаў.

У сакавіку 2013 года Нацбанк аднавіў працэс зніжэння стаўкі рэфінансавання, у выніку чаго даходнасць па рублёвых дэпазітах зноў стала зніжацца.
З другой паловы чэрвеня 2013 года ў Беларусі адбываецца рост курсу долара, што яшчэ больш зніжае прывабнасць рублёвых зберажэнняў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?