Удзельнікі аператыўнай нарады пастаяннай рабочай групы па каардынацыі дзейнасці органаў пракуратуры ў галіне прафілактыкі правапарушэнняў вырашылі ініцыяваць прыняцце дадатковых мер, у тым ліку нарматыўна-прававых, да зніжэння ўзроўню выпуску і спажывання алкагольных напояў. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Генеральнай пракуратуры Беларусі па выніках мерапрыемства, якое прайшло 12 ліпеня.

Рабочая група была створаная ў Генпракуратуры ў канцы мая. У працы нарады ўзялі ўдзел адказныя службовыя асобы МУС, МНС, дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, якія ажыццяўляюць функцыі па прафілактыцы правапарушэнняў.

Ініцыятыва нарады адносна зніжэння выпуску і спажывання алкаголю ў краіне выклікана тым, што асноўнай прычынай учынення большасці злачынстваў супраць асобы, няшчасных выпадкаў на вытворчасці, гібелі людзей на пажарах і ад утаплення з'яўляецца алкагольнае ап'яненне.

У ліпені 2013 года сумесна з органамі МНС будзе праведзены маніторынг эфектыўнасці працы Асвода і іншых служб па арганізацыі бяспекі людзей на водах.

Акрамя таго, Міністэрству ўнутраных спраў прапанавана прааналізаваць у Гродзенскай і Віцебскай абласцях, Мінску прычыны росту ліку забойстваў, прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія пацягнулі смерць. Дэпартаменту дзяржаўнай інспекцыі працы — вывучыць прычыны павышэння ўзроўню вытворчага траўматызму як у цэлым па краіне, так і ў асобных рэгіёнах, а таксама ўказана на неабходнасць актывізацыі прафілактычнай працы з мэтай прадухілення выпадкаў вытворчага траўматызму ва ўзаемадзеянні з органамі пракуратуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?