Дружныя суполкі беларусаў існуюць у Канадзе.

Дружныя суполкі беларусаў існуюць у Канадзе.

Кіраўніца Задзіночання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская.

Кіраўніца Задзіночання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская.

Старшыня Рады «Бацькаўшчыны» Ніна Шыдлоўская, фота Настассі Храловіч.

Старшыня Рады «Бацькаўшчыны» Ніна Шыдлоўская, фота Настассі Храловіч.

Напярэдадні вялікай падзеі пра справы дыяспары «Нашай Ніве» расказалі кіраўніца Задзіночання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская і старшыня Рады арганізацыі Ніна Шыдлоўская.

«НН»: З чым «Бацькаўшчына» падышла да чарговага з’езда?

Ніна Шыдлоўская: Шосты з’езд — выдатная магчымасць прааналізаваць гісторыю і сучасны стан беларускага замежжа, акрэсліць перспектывы. За чатыры гады пасля папярэдняга з’езда зроблена дастаткова. Вельмі каштоўнае тое, што атрымліваецца пашыраць інфармацыйную прастору, якая дапамагае беларусам даведвацца пра жыццё і дзейнасць суполак у розных кутках свету: праз сайт і штомесячны бюлетэнь «Беларусы ў свеце». Быццам інтэрнэт даступны ўсім, але такой спецыялізаванай камунікацыі, добра наладжанай, няма. І часам людзі здзіўляюцца, што ў іншай краіне віруе беларускае жыццё. Спецыялісты і сябры «Бацькаўшчыны» даследуюць беларускую дыяспару, даследаванні выдаюцца кнігамі. Мы лічым поспехам «Бацькаўшчыны» тое, што ўдалося ініцыяваць і паспяхова каардынаваць дзейнасць грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!».

Алена Макоўская: Асноўная прычына, якая нас падштурхнула выступіць ініцыятарамі «Будзьмы!» — тое, што беларусы, якія выязджаюць за мяжу, моцна асімілююцца. Невялікі працэнт з іх далучаецца да беларускіх суполак альбо стварае свае. Прычына — у слабой нацыянальнай ідэнтычнасці. Паводле сацыялагічнага апытання, якое мы ладзілі ў 2009, у беларусаў пераважае тэрытарыяльная, грамадзянская ідэнтычнасць. А як толькі тэрыторыя і грамадзянства мяняюцца, то адбываецца і змена ідэнтычнасці.

Вялікае значэнне ў сваёй дзейнасці пасля мінулага з’езда «Бацькаўшчына» надавала працы над законапраектам «Аб беларусах замежжа». Нас запрасілі ў склад працоўнай групы, створанай дзяржаўнымі органамі. Мы пераклалі на беларускую мову заканадаўства шмат якіх краін Еўропы ў сферы працы з іх дыяспарамі. Былі таксама сістэматызаваны прапановы прадстаўнікоў беларускай дыяспары. Спадзяюся, яны ўлічаны ў тым варыянце законапраекта, які існуе сёння.

«НН»: То бок вы не знаёмыя з варыянтам, які мае МЗС Беларусі?

НШ: З канчатковым — не. Цяпер ён на той стадыі, калі ідуць міжведамасныя ўзгадненні праекта. Мы бачылі яго падчас працы ў працоўнай групе пры Цэнтры заканадаўства і прававых даследаванняў.

«НН»: Дзяржава ўзялася за законапрект толькі пасля мінулага з’езда?

АМ: Не, гэта ўжо быў другі этап. Напярэдадні Трэцяга з’езда, у 2000 годзе, тады яшчэ Камітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцяў распрацаваў канцэпцыю законапраекта. У працоўную групу ўваходзіла і «Бацькаўшчына». За аснову быў узяты падобны закон Расійскай Федэрацыі. Але для Беларусі ён не пасаваў. Расія прымала геапалітычны закон, у якім яна, як шматнацыянальная дзяржава, звярталася да ўсіх жыхароў постсавецкай прасторы. Фактычна ўсе жыхары былога СССР маглі апеляваць да РФ па прызнанне сабе суайчыннікамі. Таму распрацоўшчыкі праекта з боку дзяржструктур выкраслілі з яго ўсё тое, што не пасавала Беларусі — асноўны змест. У выніку атрымаўся рамачны дакумент, без канкрэтных правоў і абавязкаў. Мы заклікалі зусім да іншага.

НШ: Праца над законапраектам была прыпынена да 2009. Шкада, што апошнія чатыры гады працэс так і не быў завершаны. І цяпер не зразумела, як хутка гэта адбудзецца.

Але што адносна радуе, што назва сфармулявана так, як гэтага хацелі мы і нашы дэлегаты — «Аб беларусах замежжа». Гэта будзе таксама спрыяць пэўнаму ўзмацненню нацыянальнай ідэнтыфікацыі.

АМ: Яшчэ ў пачатку 2000-х мы правялі кансультацыі з кіраўнікамі беларускіх арганізацый. І яны сказалі: «Мы не хочам быць асобамі нявызначанай нацыянальнасці для сваёй краіны. Усё, што мы робім, робім у замежжы таму, што мы беларусы. І для нас важна, каб у законе мы таксама фігуравалі як беларусы, а не суайчыннікі».

«НН»: Дзяржава бярэ ўдзел у жыцці беларусаў у свеце?

АМ: Кропкавая праца ідзе, але яна не сістэмная.

НШ: Сістэмнасць — гэта паслядоўнасць і рэгулярнасць крокаў, якія могуць чакаць з боку дзяржаўных органаў беларусы замежжа. Пасля прыняцця адпаведнага заканадаўства, для тых, хто хоча трымаць больш шчыльную повязь з Беларуссю, будзе да чаго апеляваць. У тым ліку самім бачыць, што прапаноўваць. З боку дзяржавы прыняцце такога закона пакажа, што беларусы патрэбныя метраполіі, гэта важны палітычны крок.

І не толькі па прынцыпе — інвестуйце ў сваю радзіму альбо дапамагайце нам прадаваць нашу прадукцыю, але і больш іміджавым, скіраваным на перспектыву: гэта фактычна дэманстрацыя зацікаўленасці ў тым, каб беларусы заставаліся беларусамі ў краінах свайго пражывання, і гатоўнасці ажыццяўляць практычныя крокі ў гэтым кірунку.

АМ: Спачатку прымаецца закон, а пасля разглядаюцца падзаконныя акты, якія даюць пэўныя палёгкі пры перасячэнні мяжы, пры атрыманні грамадзянства і г.д. Беларусы з постсавецкай прасторы настальгуюць па Радзіме, і не раз выказвалі жаданні, да прыкладу, на пенсію вярнуцца ў Беларусь. Але вырашэнне ўсіх працэдурных пытанняў для іх досыць складанае.

Да нас звяртаюцца беларусы замежжа, якія хацелі б дзяцей вучыць па-беларуску. Яны могуць арганізаваць нейкія нядзельныя школы, але ў іх няма распрацаванай методыкі, па чым вучыць. Тыя часы, калі можна было перадаць нейкія чорна-белыя ксеракопіі, прайшлі.

«НН»: Ці ёсць за мяжой беларусы, якія гатовыя прапанаваць краіне нешта большае за культурнае супрацоўніцтва?

АМ: Канечне. Беларусамі замежжа заснавана нямала фондаў, якія дапамагалі нашай краіне змагацца з наступствамі Чарнобыльскай аварыі, дасылалі гуманітарную дапамогу, абсталяванне, вывозілі тысячы дзяцей на аздараўленне. Спрыяюць многім праектам і цяпер — выданню кніг, набыццю гістарычных рэліквій для музеяў, рэканструкцыі помнікаў, пабудове цэркваў. Яны не заўжды афішуюць сваю дзейнасць. І адным з пунктаў, што мы прапаноўвалі ў дзяржаўную праграму, быў такі: калі замежны бізнэсовец беларускага паходжання мае бізнэс у Беларусі, да яго можна было б ужываць паменшанае падаткаабкладанне, з умовай, што гэтыя грошы ідуць на падтрымку беларускай суполкі ў замежжы.

«НН»: Колькі беларусаў замежжа чакаецца на з’езд?

АМ: Каля 200 гасцей і дэлегатаў з 18–19 краін, і гэта без «часткі» з Беларусі.

«НН»: Якія праблемы будзеце ўздымаць перад імі?

НШ: Тэма з’езда — «Беларуская нацыя ва ўмовах глабалізацыі: выклікі і магчымасці» — вырашана калегіяльна сябрамі вялікай Рады аб’яднання. Але натуральна, што беларусы замежжа будуць агучваць і актуальныя для іх праблемы. Таму вельмі важна, каб пасля вынікі з’езда былі пачутыя і на дзяржаўным узроўні.

Аналізуючы папярэднія з’езды, мы ўбачылі, што глабальныя пытанні, якія закладаліся ў тэмах папярэдніх, так і не вырашаны да сёння. Асноўныя праблемы для беларускай нацыі і беларускай дыяспары застаюцца актуальнымі і найперш — гэта наша нацыянальная ідэнтычнасць.

«НН»: Афіцыйныя структуры дапамагаюць у падрыхтоўцы з’езда?

НШ: Мы склікаем з’езд, таму ўсе арганізацыйныя моманты згуртаванне вырашае самастойна, як і раней. Па некаторых пытаннях мы звярталіся да дзяржавы. Так, звярнуліся ў МЗС Беларусі з просьбай гасцям і дэлегатам з замежжа выдаць бясплатныя візы. І нам пайшлі насустрач.

Міністэрства культуры прапанавала дапамогу з культурніцкай праграмай. На жаль, гэтым не зможам напоўніцу скарыстацца. Праца з’езда будзе адбывацца 2 дні, і запланаваць хаця б палову дня на выезд, скажам, у Мір, немагчыма.

Нам важна, каб на сустрэчу з дэлегатамі прыйшлі прадстаўнікі розных міністэрстваў і ведамстваў, у кампетэнцыі якіх менавіта супраца з беларускай дыяспарай. І цяпер ідзе ўзгадненне, хто будзе прысутнічаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?