Экспарт беларускай нафты ў грашовым выражэнні знізіўся ў студзені-маі 2013 года на 9,2% — да 507,7 млн. долараў у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам, сведчаць статыстычныя даныя.

У студзені-маі гэтага года Беларусь экспартавала 667,7 тыс. тон здабытай нафты, што на 2,5% менш у параўнанні са студзенем-маем 2012 года. У грашовым выражэнні экспарт скараціўся на 51,25 млн. да 507,7 млн. долараў, або на 9,2% у параўнанні са студзенем-маем 2012 года.

Зніжэнне экспарту беларускай нафты ў грашовым выражэнні абумоўлена змяншэннем сусветных цэн на нафту, што прывяло да зніжэння сярэдняй цаны экспартаванай нафты на 6,8% да 760,4 долара за тону (супраць 816,2 долара у студзені-маі2012-га).

Апрача таго, скарачэнне валютнай выручкі ад экспарту нафты звязана з паступовым зніжэннем аб’ёмаў яе здабычы.
У студзені-маі ў Беларусі аб’ём здабычы нафта склаў 678 тыс. тон і знізіўся на 1,6% у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам.

Эксперты рынку зазначаюць, што Беларусі больш выгадна сёння пастаўляць уласную нафту на экспарт, а на ўнутраным рынку — перапрацоўваць імпартаваную расійскую нафту. Пошліны ад экспарту беларускай нафты поўнасцю залічваюцца ў беларускі бюджэт.

Для беларускага экспарту пастаўкі вуглевадароднай сыравіны на знешнія рынкі маюць вялікае значэнне.

У студзені-маі нафта ўваходзіла ў лік трох таварных пазіцый, ад экспарту якіх Беларусь атрымала экспартнай выручкі на суму больш за паўмільярда долараў.

Штогод у краіне здабываецца прыкладна 1,7 млн. тон сырой нафты. «Асноўны аб’ём здабычы забяспечваецца з найбольш буйных радовішчаў: Рэчыцкага, Асташкавіцкага, Вішанскага, Паўднёва-Сасноўскага, Паўднёва-Асташкавіцкага. У 2012 годзе ў распрацоўцы знаходзілася 51 радовішча, найбольш буйныя з якіх ужо ўвайшлі ў заключную стадыю эксплуатацыі. Таму здабыча сырой нафты ў Беларусі з кожным годам паступова зніжаецца», — канстатуюць эксперты інвестыцыйнай кампаніі «Юнітэр» у аглядзе, прысвечаным паліўнай прамысловасці.

Здабычай і экспартам нафты ў Беларусі займаецца кампанія «Беларуснафта». Практычна ўвесь аб’ём беларускай нафты экспартуецца ў Германію.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?