Хто гуляў у мафію — ведае, якое гэта захапляльнае баўленне часу. Калі гуляеш мірным жыхаром — трасешся, каб не быць «забітым» ноччу, а днём шукаеш падтрымкі ў такіх жа патэнцыйных ахвяр, як і ты, каб разам знайсці «забойцаў»; калі гуляеш за мафіёзаў — пралічваеш хады наперад, уключаеш усю сілу свайго розуму, каб разам са сваім напарнікам «забіць» семярых мірных.

На мой погляд, сучаснае беларускае грамадства і падзеі, якія ў ім адбываюцца, падобныя на гэту гульню. Вельмі сумна адзначаць, але мафія пакуль што ўпэўнена перамагае.
Прычым, як толькі які-небудзь мірны жыхар пачынае адкрыта сігналізаваць падчас дзённых абмеркаванняў пра мафію, — тая яго адразу забівае уначы, што ў нашых рэаліях азначае кіданне ў турму ці вымушаную эміграцыю. Што ж робіць нашых «мафаў» такімі моцнымі?! Мудрыя тактычныя дзеянні — безумоўна, але самае галоўнае — яны дзейнічаюць заадно, разам. Лагічна, каб перамаглі «мірныя жыхары», нам трэба ўсяго толькі аб’яднацца.
На мой погляд, сёння з’явілася бліскучая магчымасць для яднання беларусаў. Пачаўся збор подпісаў за наданне гістарычнаму бел­чырвона­беламу сцягу статуса дзяржаўнай каштоўнасці.
Шмат хто кажа, што ўлады ўсё роўна зноў адмовяць, што зварот аформлены не ідэальна. Усё гэта, магчыма, так, але, як па мне, такія каментары — гэта адмазкі беларусаў, якія нічога не хочуць рабіць, а толькі балбатаць і ныць на кухнях — як у нас усё дрэнна і які рэжым жорсткі. Я ганаруся і захапляюся землякамі, якія ахвяруюць сваёй свабодай для перамен у роднай краіне, сам жа на такія ахвяры, пакуль, не гатовы. Але я гатовы ахвяраваць хаця б сваім часам, каб раздрукаваць звароты, прайсціся па родных, сябрах, знаёмых з просьбай іх падпісаць і тым ушанаваць нашу гістарычную памяць.
Я ўпэўнены, што менавіта такімі акцыямі салідарнасці і гадуецца грамадзянская супольнасць. Тая грамадзянская супольнасць, якая і павінна рухаць наперад нашу краіну, а ў сучасных умовах — выцягваць нашу Радзіму з багны.
Сёння мы падпісваем звароты, заўтра — ладзім акцыі салідарнасці са звольненымі работнікамі «Граніта», выкладчыкамі Гародзенскага ўніверсітэта, ці арганізоўваем пікет супраць размяшчэння расійскай авіябазы, якая парушае наш вайсковы нейтралітэт. Беларусы, давайце яднацца! Давайце ствараць гэту народную сілу, якая стане падмуркам новай, беларускай Беларусі. Давайце пакажам прыклад салідарнасці і павагі да сваіх продкаў, аб’яднаемся, і тады ніякая мафія нам не будзе страшная!
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?