Гэта адна з прапановаў, якія вазіў у Брусэль намесьнік міністра замежных справаў Валер Варанецкі.

Адзіная энэргасыстэма для энэргетыкі — гэта тое самае, што НАТО для бясьпекі. У цяперашні час Эўрасаюз будуе ўстаўку пастаяннага току між польскім горадам Элк і Алітусам у Літве. Гэта б зьвязала балтыйскую электрасыстэму з агульнаэўрапейскай і гарантавала б ад нацыянальных збояў.

У падобным падлучэньні зацікавілася і Беларусь. Яна прапануе Эўракамісіі задзейнічаць лінію электраперадач "Рось-Беласток". Тая мае напругу 220 кілавольт. “Калі там збудаваць устаўку пастаяннага току, перавесьці гэтую лінію на напругу 400 квт, зьявіцца магчымасьць стварэньня транспартнага колца "Эўрасаюз-Беларусь-Эўрасаюз", -- кажа начальнік упраўленьня пэрспэктыўнага разьвіцьця і інвэстыцый Міністэрства энэргетыкі Беларусі Ўладзімір Баброў.

Баброў падкрэсьліў, што беларуская прапанова выклікала цікавасьць у Эўракамісіі і будзе абмяркоўвацца.

Тэхнічна гэты праект не такі складаны, як польска-літоўскі, бо ён можа быць ажыцьцёўлены ў калідоры ўжо існых лініяў, шляхам простага зьмяненьня іх напругі і прапускной здольнасьці.

Баброў падкрэсьлівае, што гэтае пытаньне мае стратэгічную важнасьць для для Беларусі. Беларусь таксама лініі для пастаўкі электрычнасьці ў Польшчу зь Бярозы і для атрыманьня электрычнасьці з Чарнігава і Чарнобылю (Украіна). Канцэпцыя энэргабясьпекі прадугледжвае і пабудову лінію Роўна-Мікашэвічы для паставак з Ровенскай АЭС.

Няспынны ціск “Газпрому” і Крамля вымусіў Беларусь, сьледам за іншымі цэнтральнаэўрапейскімі краінамі, задумацца. Дагэтуль істотную долю электрыкі Беларусі закупляла ў Расеі.

Эўракамісія скіравала запрашэньне Ўкраіне й Малдове далучыцца да Цэнтральнаэўрапейскай энэргасыстэмы. "Стварэньне адзінага электраэнэргетычнага масіву з удзелам Беларусі, які падтрымае адзін другога, жыцьцёва неабходнае", — мяркуе супрацоўнік Міністэрства энэргетыкі.

З гэтай і іншымі прапановамі ў Брусэлі пабываў намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Валер Варанецкі. 3 верасьня ён выступіў там на міжнароднай канфэрэнцыі па пытаньнях так званай “эўрапейскай палітыкі добрага суседзтва”, якая распаўсюджваецца на суседзяў ЭС ад Альжыру да Расеі.

У сваім выступе В. Варанецкі заявіў, што Беларусь гатовая да супрацы з ЭС у энэргетыцы, транспарце, транзыце, сельскай гаспадарцы, навуцы. Сапраўднай сэнсацыяй прагучалі ягоныя словы, што “Беларусь і Эўрасаюз павінны пераходзіць ад простага гандлю да больш прагрэсіўных формаў эканамічнага ўзаемадзеяньня. Беларускі бок запрашае эўрапейскіх інвэстараў у стратэгічныя сфэры эканомікі: энэргетыку, машынабудаваньне, хімічную і нафтаперапрацоўчую прамысловасьць” (цытата БелТА).

Такога раней беларускія афіцыйныя прадстаўнікі не гаварылі. Гэта якраз тыя галіны, кантролю над якімі брутальна дамагаюцца расейскія карпарацыі.

"Нашым краінам пара на справе пераходзіць да фарміраваньня агульнай канкурэнтнай эканамічнай прасторы на эўрапейскім кантынэнце, да стварэньня адзіных тэхналягічных ланцужкоў, адзіных лагістычных і транзытных схем. Бяз гэтага Эўропа будзе прайграваць у глябальным эканамічным спаборніцтве", — сказаў намесьнік кіраўніка беларускага МЗС.

Цікава, што расейская прэса анансавала прыезд у Брусэль віцэ-прэм’ера Ўладзімера Сямашкі, але беларускі бок абверг гэтыя чуткі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?