Складскія запасы ў Беларусі за чэрвень знізіліся на 1,2 трыльёна рублёў. Пра гэта, як перадае прэс-служба ўрада, прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч паведаміў 18 ліпеня падчас уручэння дзяржаўных узнагарод.

Разам з тым, адзначае прэс-служба, урад лічыць тэмпы разгрузкі складоў пакуль недастатковымі і ўзмоцнена працуе над тым, каб увайсці ў разліковыя паказчыкі.

Зніжэнне складскіх рэшткаў цесна звязана з актывізацыяй экспарту. «Задача вельмі няпростая — нарасціць аб’ёмы экспарту, нягледзячы на тое што сёння сусветная эканоміка развіваецца тэмпамі значна меншымі, чым былі ў папярэднія гады, адпаведна, попыт і на беларускую прадукцыю аб’ектыўна некалькі ніжэйшы. Мы разглядаем пытанне дадатковага стымулявання росту экспарту», — адзначыў Мясніковіч.

Ён паведаміў, што ўрад працуе над падрыхтоўкай праекта прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і праекта закона аб бюджэце на 2014 год. Галоўныя задачы наступнага года — павялічыць эфектыўнасць эканомікі і дабрабыт грамадзян. У сувязі з гэтым асабліва важным фактарам з’яўляецца павышэнне прадукцыйнасці працы. «Мы павінны не проста вырабіць тавар, а вырабіць яго эканомна, — падкрэсліў прэм’ер. — Прадпрыемствы павінны працаваць рэнтабельна».

Будзе рэнтабельная праца прадпрыемстваў — будзе адпаведны прыбытак для мадэрнізацыі, развіцця, будуць неабходныя сродкі для напаўнення дзяржаўнага і мясцовых бюджэтаў, выплаты заработнай платы, сказаў Мясніковіч.

У 2014 годзе прадугледжаны рост рэальнай заработнай платы (скарэктаванай на індэкс росту спажывецкіх цэн) у сярэднім па краіне не менш як на 6%. «Але гэтую заработную плату, вядома, трэба зарабіць», — падкрэсліў Мясніковіч.

Павышэнне заработнай платы работнікаў бюджэтнай сферы плануецца прадугледзець на ўзроўні не ніжэйшым за інфляцыю. Пры гэтым для дадатковага павышэння заработнай платы могуць быць выкарыстаны сэканомленыя ў працоўных калектывах сродкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?