Паходжанне з царскай дынастыі

Маці Вахтанга Кікабідзэ — спявачка Манана Баграціёні паходзіць са старажытнага грузінскага роду Баграціёні-Давіташвілі, царскай дынастыі Баграціёні. Бацька спевака — журналіст Канстанцін Кікабідзэ, па легендзе сустрэў яе аднойчы ў гасцях і спытаў, што мусіць зрабіць хлопец, каб спадабацца такой дзяўчыне. Яна пажартавала, што такі чалавек мусіць цалкам з’есці надзвычай востры зялёны перац. Тады Кікабідзэ-старэйшы на яе вачах адразу з’еў пяць штук, пасля чаго яму зрабілася млосна. Тым не менш Манана стрымала сваё абяцанне.

Філармонія і Іў Мантан

Вахтанг Кікабідзэ кінуў школу ва ўзросце 14 год, пасля чаго вырашыў займацца музыкай. Аднак філармонія спевака забракавала — сваім занадта хрыплым голасам ён вельмі нагадваў заходніх спевакоў, якія ў тыя часы савецкай уладай, мякка кажучы, не віталіся. Аднак усё змяніў выхад на савецкія экраны фільма «Спявае Іў Мантан». Каласальны поспех карціны прымусіў мясцовую філармонію адшукаць свайго Мантана, якім у выніку стаў Кікабідзэ.

Па мянушцы Буба

Ва ўсіх фільмах Георгія Данэліі, дзе грае Вахтанг Кікабідзэ, ягонае імя пазначана як «Буба» — менавіта так называюць артыста блізкія сябры. Поспех фільма «Міміно» прывёў да таго, што зараз кавярня з такой назвай ёсць амаль ва ўсіх вялікіх гарадах былога Савецкага Саюза. А загалоўная песня з фільма за савецкім часам выходзіла на мініяцюрнай кружэлцы, якая прымацоўвалася да віншавальнай паштоўкі.

Адмовіўся ад расійскага ордэна

Падчас расійска-грузінскага канфлікту ў 2008 годзе Вахтанг Кікабідзэ рэзка выказаўся на адрас дзеянняў Масквы, а таксама адмяніў гастролі ў Расіі і адмовіўся ад Ордэна Сяброўства, які атрымаў за месяц да пачатку канфлікту.

«Я з вялікай павагай і сімпатыямі стаўлюся да народа Расіі, але не магу прыняць Ордэн пасля тых дзеянняў, якія РФ апошнім часам праводзіць супраць Грузіі», — сказаў тады спявак, які стаў персонай нон-грата.

Тады многія прадстаўнікі расейскай інтэлігенцыі, якія раней называлі Кікабідзэ сваім сябрам, пачалі яго жорстка крытыкаваць. Кікабідзэ прысвяціў ім песню «Вы меня не предалі — разочаровалі».

Дарэчы, з афіцыйнымі ўладамі Кікабідзэ сябраваць не хацеў нават у часы СССР, ён не спяваў песняў пра партыю, не выступаў «для сваіх», менавіта таму ён так і не атрымаў званне Народнага артыста СССР — хоць дакументы на ягонае імя падаваліся тройчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?