Даволі часта хаджу памаліцца да ўніятаў. (Яны праводзяць службу ў дольнай зале Чырвонага Касцёла.) Адпачываю душой. Маё сэрца нацыяналіста адчувае лагоду ад атмасферы шчырай беларускасці.
Усе малітвы, казанні, спевы і размовы -- толькі па-беларуску. Святары заклікаюць: памолімся за нашу краіну Беларусь, за беларускі народ...
І параўноўваю. Як зайду ў праваслаўную царкву, чую: “Помолимся за московского патриарха Кирилла…" Адразу ж душа адмаўляецца прымаць такія заклікі і ўсю гэтую атмасферу.
Хачу з вашай дапамогаю запрасіць нашых людзей, асабліва тых, хто пачувае сябе беларусамі: схадзіце да ўніятаў!
Схадзіце да ўніятаў
Знявераны люд, прабачай ты ім, Божа
Бязмоўны, забіты штодзённай хлуснёй,
Рабства свайго ўсвядоміць не можа,
Толькі гаруе над доляй сваёй.
Мячом і пагардай нам нішчылі веру
З размаху, шырока, як косяць траву,
Шалёна, з пляча з азіяцкім ашчэрам
Маскоўцы вякі выразалі Літву.
І затапталі, і Край наш забралі,
Пасеклі ў Сафійцы святой святароў.
Храмы святыя канюшнямі сталі,
У людзей на стагоддзі спынілася кроў.
Людцы, зайдзіце жа да ўніятаў
У нашу святыню – Чырвоны касцёл
І вашая вера нясмелай, зацятай
Цялятку надыдзе сьвяшчэнны ацёл.
З парасткаў тых, што ледзь-ледзь прарастаюць
На горкай зямлі, на пакутнай Літве
Жыве наша вера, напраўду святая,
Унія наша, напраўду жыве!