20.07.2013 / 20:57

Памерла самая вядомая журналістка ЗША, якая працавала з дзесяццю прэзідэнтамі 1

Хелен Томас і прэзідэнт Ліндан Джонсан, 1968 год

У Вашынгтоне ва ўзросце 92 гадоў у сваёй кватэры памерла журналістка Хелен Томас. Яна доўгі час хварэла і выпісалася з лякарні незадоўга да смерці.

Хелен Томас атрымала вядомасць як карэспандэнтка агенцтва United Press International, у якім яна прапрацавала 57 гадоў. За Томас на працягу многіх гадоў было зарэзервавана цэнтральнае месца проста перад прэзідэнтам ЗША ў пакоі для брыфінгаў у Белым доме. Па традыцыі, менавіта Томас завяршала брыфінгі сказам «Дзякуй, спадару прэзідэнце».

Журналістка працавала ў Белым доме з дзесяццю прэзідэнтамі ЗША (Кенедзі, Джонсан, Ніксан, Форд, Картэр, Рэйган, Буш-старэйшы, Клінтан, Буш-малодшы, Абама) і праславілася ўменнем задаваць нязручныя пытанні.
Найбольш востра яна канфліктавала з Джорджам Бушам-малодшым, якога лічыла найгоршым лідарам ЗША ў гісторыі і неаднаразова публічна крытыкавала за развязванне вайны ў Іраку.

Менавіта падчас знаходжання Буша на пасадзе прэзідэнта ў Томас аднялі месца ў першым шэрагу на брыфінгах, а выступы кіраўніка дзяржавы завяршаліся не знакамітай фразай журналісткі, а словамі Буша «Дзякуй за вашы пытанні».

У 2010 годзе, ва ўзросце 89 гадоў, Хелен Томас вымушана была спыніць працу карэспандэнта пасля таго, як у інтэрнэце з’явіўся відэазапіс з яе негатыўнымі выказваннямі на адрас Ізраіля.

паводле Lenta.ru

0
Анатоль Сідарэвіч / Адказаць
21.07.2013 / 17:07
Я нарадзіўся, калі прэзідэнтам быў Трумэн, і пакуль што жыву ў час легіслатуры Абамы. 12 прэзідэнтаў! Выяўляецца, што каожны з іх кіраваў Штатамі ў сярэднім 5 гадоў з хвосцікам.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру