Сустрэўся мне ля пад’езда сусед, якога я не бачыў некалькі гадоў, прыблізна ад таго часу, як ён канчаткова пайшоў на пенсію, пакінуўшы пасаду дробнага дзяржапаратчыка.
Запомніўся ён мне чалавекам зашпіленым на ўсе гузікі, які суха, нібыта па нейкім фармальным абавязку, ківаў у знак вітання галавой. А тут раптам кінуўся з нечаканай прыхільнасцю ціснуць руку. І пахваліўся, як добра жывецца яму бязвыезна на былым бацькоўскім хутары, без тэлебачання, радыё і газет...

«Ну, а як тут у вас?» — запытаўся ён, палічыўшы, мусіць, што «ў нас тут» калі не горш, дык пэўна «не так».

«У нас тут афрыканская чума ды паўзучая дэвальвацыя, — паведаміў я жамярыны, так бы мовіць, са штодзённых навінаў. — Але нічога, улады заспакойваюць: даляраў і скварак хопіць...» — «Што, ізноў?! Я ўжо два разы губляў амаль усё, што з пенсіі назапашваў... Вось свінства!»

Я не ведаю, чым так пакрыўдзілі чалавецтва гэтыя бедныя, ад нараджэння прысуджаныя да забойства жывёлы.
Але тое, што свінствам пазначаюць розныя, у тым ліку самыя страшэнныя і агідныя людскія заганы, належыць прызнаць гістарычным фактам.

У свеце сказанага падаюцца недаасэнсаванымі некаторыя падзеі. Не, гаворка не пра чуму, што раптам звалілася на нашу галаву. Я маю на ўвазе бабку Кастусю, што жыла ў вёсцы на поўначы Віцебшчыны, і пра якую я ўжо згадваў неаднойчы.

Вось толькі не пра тое, як на пачатку 60-х мінулага стагоддзя здарыўся ў яе сапраўдны дэфолт.

Пачалося з таго, што ў нейкі момант бабка Кастуся наважылася паміраць. А паколькі была стопрацэнтнай бабулькай, падрыхтоўку да памінак па сабе пачала загадзя. Для чаго да жыўнасці, што складала моц гаспадаркі, то бок да старога бадлівага казла Ямелі ды бязроднага ката з адным вокам, далучыла двух ружаватых парсючкоў.

Трэба сказаць, што за савецкім часам бабка Кастуся ніколі і нідзе не працавала, а за польскім трымала «магазін», пра што і паведаміла аднойчы, паставіўшы на стол бутэльку «Выбаровай» ад 30-х гадоў і засмаліўшы «Феміну» з залатым абадком...

Ніхто не ведаў, у якім закутку сваёй хаткі, што складалася з печы, закіданай коўдрамі ды зношанымі ватоўкамі ляжанкі, а таксама пакойчыка, які здавала штогод пераменлівым настаўнікам, яна захоўвала гэта багацце.
Але матэрыяльным вынікам ейнага бязладнага жыцця з’явілася пенсія ў 7 савецкіх рублёў ды згаданы кватэрны прыбытак, здаецца, рублёў 10 ці 20 у месяц... Колькі б ні было, але «сейф», то бок нешта з абрэзка зацягнутай у вузел анучы, куды змяшчаўся ўвесь даход, яна хавала недзе ў спадніцах, пакуль не здарыўся той самы дэфолт.
«Чума на вашы галовы!..» — енчыла Кастуся, тыкаючы віламі ў запаскуджаную па калена падлогу свінушніка, дзе вінавата парохквалі парсючкі, ужо амаль падсвінкі,
ды паблейваў Ямеля, стары казёл. Карацей кажучы, знік «сейф» пасля таго, як гэты стары казёл баднуў Кастусю, калі яна карміла «скварку» да маючых хутка адбыцца памінак. Я ўзяў другія вілы, тыкалі, шукалі да вечара... А назаўтра Кастуся прырэзала абодвух падсвінкаў, аднаго за другім — вырашыла, што гэта яны зжэрлі ейныя накапленні разам з «кашальком»...

Зараз я перапыню аповед пра Кастусю і яе парсючкоў, каб дапамагчы збянтэжанаму суседу дайсці да ліфта і заадно распытаць яго, што ён меў на ўвазе пад свінствам. Пазбягаючы падрабязнасцей цяжкай ад узрушэння размовы, магу паведаміць: свінствам сусед мой, былы дзяржапаратчык, а зараз пенсіянер, назваў бясконцую хлусню. А потым махнуў рукой і націснуў кнопку ліфта.

...Аднак вернемся да Кастусі.

Такіх вясёлых памінак на маёй памяці не здаралася.

Сабраліся настаўнікі на чале з дырэктаркай школы... З гучным жартам — «мо, як памрэш, пойдзеш у калгас?!» — з’явіўся ягоны старшыня... Укаціўся стары ксёндз, што ва ўсіх стрэтых незнаёмцаў пытаўся: «А дзе тут шлях да Варшавы?», а потым хітравата жмурыўся і працягваў: «А да Пецярбургу?»... Кастуся, калі і верыла ў Бога, дык сяк­так — у касцёл не хадзіла, абраз павесіла ў цёмным кутку, больш любавалася карцінай, на якой паляўнічыя цэляць ў качак, што ляцяць над атрутна­зялёным балотам. Але без ксяндза паміраць не хацела. Як і без калгаснага парторга, што ўвесь час намагаўся запінаць акенца коўдрай, каб народ не бачыў, як яны тут са старшынём ды ксяндзом п'юць...

Карацей кажучы, банкет быў на ўвесь свет — ці то з чаркай пад савецкую скварку, ці то са скваркай пад польскую чарку...
Толькі пражыла Кастуся пасля тых памінак яшчэ гадоў са дваццаць ад сёмага дзясятка. Анучны кашалёк з грашыма, што праўда, згубіла назаўсёды, але з падсвінкамі ўправілася рашуча і з карысцю для жыцця.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?