Пры канцы лета лідэр Камуністычнай партыі Расеі Генадзь Зюганаў падзяліўся плянамі сьвяткаваньня 90‑й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. Як паведаміў кіраўнік расейскіх камуністаў, галоўныя мерапрыемствы пройдуць 4—5 лістапада ў Менску. І толькі ўрачысты сход 6‑га адбудзецца ў Маскве. Ну, а дэманстрацыі й мітынгі 7‑га павінны прайсьці ва ўсёй Расеі. Адзін з высокіх функцыянэраў КПРФ пазьней дадаў, што на сьвяткаваньне запрошаныя лідэры камуністычнага й рабочага руху зь некалькіх дзясяткаў краінаў — у тым ліку таварыш Раўль Кастра з Кубы і дэлегацыя Партыі працы з КНДР.

Чым выкліканае жаданьне расейскіх камуністаў правесьці большую частку сваіх сьвяточных мерапрыемстваў — зразумела. Акрамя жаданьня падкрэсьліць сымбалічнае значэньне братэрскага саюзу Беларусі й Расеі на сучасным этапе, ёсьць і больш празаічныя прычыны.

Па‑першае, 7 лістапада засталося «чырвоным лістком календара» толькі ў Беларусі. Нідзе больш на постсавецкай прасторы, у тым ліку і ў Расеі, гэты дзень не адзначаецца ў якасьці дзяржаўнага сьвята.

Па‑другое, юбілей Кастрычніка адбудзецца меней як за месяц да выбараў у расейскую Думу. Між тым, 4 лістапада, які цяпер афіцыйна адзначаецца ў Расеі як Дзень народнага адзінства, зарэзэрваваны пуцінскай «Адзінай Расеяй». Так што месца для ўра‑патрыятычнага піяру ў гэтыя дні ўжо занятае галоўнымі прэтэндэнтамі на перамогу на сёлетніх выбарах у ніжнюю палату расейскага парлямэнту.

Давядзецца КПРФ піярыць сябе з суседняй Беларусі, пад размовы пра інтэграцыю.

Ніякіх тлумачэньняў з боку афіцыйнага Менску наконт маючага адбыцца ў лістападаўскія дні масавага заезду камуністаў у беларускую сталіцу мы пакуль ня чулі. (І нават праграмы гэтых сьвяткаваньняў жыхары сталіцы ня ведаюць.) Але нейкай незадаволенасьці ў сувязі з намерам КПРФ выкарыстаць імя Лукашэнкі падчас сваёй выбарчай кампаніі ды правесьці тут граендыёзнае сьвята пад чырвонымі сьцягамі кіраўнік дзяржавы таксама ня выказаў.

Магчыма, усё гэта дыктуецца ўсяго толькі палітычным момантам, зьвязаным з парлямэнцкімі ды прэзыдэнцкімі выбарамі ў Расеі. Да палітычных манэўраў уладаў РБ усе ўжо прызвычаіліся — сёньня так, а заўтра можа быць інакш, у залежнасьці ад абставінаў. Тым больш, што камуністам ня ўдасца набраць у Думе галасоў больш, чым ім загадзя вызначана Крамлём.

Але ж тут бачацца падставы для размовы на больш грунтоўную тэму. Чаго на гэтым фоне вартыя размовы пра тое, што незалежнасьць Беларусі сапраўды зрабілася для сёньняшняй улады неад’емнай каштоўнасьцю — як пра тое неаднойчы заяўляў кіраўнік дзяржавы, а за ім паўтаралі ды паўтараюць дзяржаўныя чыноўнікі розных рангаў?

«Раніцой у газэце…»

У адным зь нядаўніх выпускаў перадачы «Праскі акцэнт» на радыё «Свабода» Юры Дракахруст задаў сваім суразмоўцам пытаньне: чаму ў той час, як дачыненьні Менска й Масквы яўна сапсаваліся праз нафтагазавы канфлікт і ў афіцыйнай прэсе пануе незалежніцкая, часам антырасейская рыторыка — у школы вяртаюцца падручнікі, дзе гісторыя выкладаецца з ранейшых, расейскацэнтрычных пазыцыяў? Як спалучыць незалежніцкую рыторыку з выхаваньнем «савецкага патрыятызму» ў духу «Кароткага курсу ВКП(б)»? Удзельнікі перадачы — аўтарытэтныя гістарыёграфы — адказалі на пытаньне па‑рознаму. Але першы адказ быў самы просты — падручнікі ўсё ж ня прэса. Яны рыхтуюцца досыць доўга. І калі на нейкім этапе ў праграмах па гісторыі дамінуючай зрабілася канцэпцыя найбольш адыёзных аўтараў — такіх, як Трашчанок альбо Новік, — імгненна «павярнуць» гэтыя праграмы ў адпаведнасьці з выступамі першай асобы дзяржавы альбо зь перадавым артыкулам у «Советской Белорусии» немагчыма.

Гэтае тлумачэньне хоць і выглядае натуральным, выклікае жаданьне сёе‑тое ўдакладніць.

За савецкім часам зьмест ня тое што падручнікаў, але нават энцыкляпэдычных выданьняў сапраўды мог зьмяняцца імгненна, на загад уладаў. Амаль як у сатырычных радках: «Раніцой у газэце — увечары ў куплеце». У ролі «куплетаў» маглі апынуцца любыя выданьні. А калі не было тэхнічнай магчымасьці нешта паправіць, кнігі проста канфіскоўвалі. Вядомы выпадак, калі выдавецтва «Вялікай Савецкай энцыкляпэдыі» разаслала падпісчыкам паперу з просьбай вярнуць атрыманы імі апошні том выданьня як памылковы! І пераважная большасьць падпісчыкаў тамы пакорліва вярнула «няправільныя» тамы…

Ці можна сабе ўявіць сабе, каб на другі дзень па выхадзе ў сьвет працы таварыша Сталіна «Пытанньні мовазнаўства» хоць якая‑небудзь публікацыя ў гэтай галіне абышлася без таго, каб на на кожнай старонцы не цытаваўся правадыр? Гэта справа даўно мінулых дзён, і ў сучаснай Беларусі такое не практыкуецца. Але ўзьнікае больш істотнае пытаньне. А што казаў кіраўнік дзяржавы за апошні час такога, што пярэчыла б «масквацэнтрычным канцэпцыям» у найноўшых падручніках па гісторыі? І што магло б аўтараў адыёзных падручнікаў навесьці на думку, быццам прыйшоў час чарговай «перастройкі» у мазгах?

Марксісты ў «Мэрсэдэсах»

Нягледзячы на інвэктывы ды пагрозы на адрас расейскіх алігархаў ці нават самога Пуціна, Лукашэнка нідзе й ніколі не казаў, што ён адракаецца савецкага мінулага разам з усімі савецкімі міфамі.

Што тычыць дзяржаўнай незалежнасьці — дык пра яе, сапраўды, вышэйшыя чыноўнікі пачалі гаварыць як пра недатыкальную каштоўнасьць. Было б дзіўна, калі б чыноўнікі ўсіх рангаў, убудаваныя ва ўладную, вэртыкаль, не ўсьвядомілі важнасьць і карыснасьць для сябе незалежнасьці. Незалежнасьці, найперш, ад ад Крамля і пуцінскай вэртыкалі ўлады. Але ж незалежнасьць для пануючай эліты пакуль ня ёсьць, як кажуць філёзафы, «рэччу ў сабе». Каб яна зрабілася «рэччу для сябе», стала сапраўды зьмястоўнай каштоўнасьцю, эліта павінна ўзьняцца над сваімі карпаратыўнымі інтарэсамі.

Але як гэта можа адбыцца, калі ў гэтай эліты альбо намэнклятуры няма ўласнай ідэалёгіі? Сёньняшняя дзяржаўная ідэалёгія, якой прасякнутыя тыя самыя падручнікі гісторыі, цалкам перайманая. І складаецца яна з аскабалкаў так званай камуністычнай ідэалёгіі. Чаму так званай? Ды таму, што тая ж КПРФ, якая лічыць сябе сьцяганосцам камуністычных ідэяў і якой шчыра сымпатызуе лідэр Беларусі, мае вельмі ўскоснае дачыненьне да марксізму‑ленінізму. Увогуле, яе й палітычнай партыяй у поўным сэнсе гэтага слова назваць можна хіба толькі ўмоўна. Настолькі яна ў будаваная ў сучасную дзяржаўную машыну Расеі. У гэтым сэнсе апазыцыйная КПРФ ня надта адрозьніваецца ад пуцінскай «Адзінай Расеі», а яшчэ менш — ад «Справядлівай Расеі» Міронава. (Цікаўныя могуць прачытаць, як самі камуністы ацэньваюць сёньняшнюю сітуацыю ў гэтай партыі на сайце «Паліт.ру», у гутарцы З Ільлём Панамаровым.) Парадокс, але «партыя працоўных» ня толькі не падтрымала нядаўні страйк рабочых на ВАЗе, але выступіла на баку кіраўніцтва аўтагіганта! Бо менавіта ад яго адміністрацыйнага рэсурсу шмат у чым залежаць вынікі будучых выбараў у Самарскай вобласьці.

Аблічча лідэра КПРФ Зюганава, нязьменнага спаборніка за прэзыдэнцкае крэсла, які езьдзіць на «Мэрсэдэсах» апошніх мадэляў і апранаецца ў дарагія касьцюмы, мала стасуецца з абліччам бальшавіка‑ленінца.

Дый права нацыяў на самавызначэньне, пра якое шмат пісаў Ленін, Зюганаў ня згадвае. Больш за тое, ён выступае з адкрыта шавіністычных пазыцыяў, у тым ліку і ў дачыненьні Беларусі. Сярод адэптаў Зюганава шмат і такіх, хто прамаўляюць антысэміцкія пагромныя лёзунгі з трыбунаў. (Успомнім хаця б генэрала Макашова.) Пра які ўжо тут марксізм можна казаць?!

«За Радзіму, за Сталіна!»

Калі КПРФ і можна назваць пераемніцай КПСС, дык толькі таго пэрыяду, калі начале партыі былі Сталін і Брэжнеў. Зюганаўцы й не хаваюць, што Сталін — іхны кумір.

Цікава, што КПРФ пры гэтым не адмаўляе рашэньняў ХХ і ХХІІ зьездаў КПСС што да разьвянчаньня «культу асобы», але кіраўніцтва партыі раіць сваім функцынэрам быць у гэтым пытаньні асьцярожнымі.

Тым, хто лічыць, што гісторыя — рэч суб’ектыўная, бо залежыць яна ад інтэрпрэтацыі фактаў, варта нагадаць, што факты — рэч упартая, і нікуды ад іх не падзенешся. Калі экскурсавод на «Лініі Сталіна» кажа, што гэты «абарончы рубеж» дазволіў спыніць прасоўваньне гітлерцаў на Менск на некалькі тыдняў — справа не ў «інтэрпрэтацыі». Бо немцы ўвайшлі ў беларускую сталіцу ўжо 28 чэрвеня 1941 году. А значыць, словы пра стратэгічнае значэньне «Лініі Сталіна» (дарэчы, закансэрваванай на загад правадыра напярэдадні вайны) — проста хлусьня.

Яшчэ больш яскравы прыклад — Галакост. Як вядома, за адмаўленьне самога факту Галакосту (масавага вынішчэньня гітлерцамі габрэяў падчас Другой усясьветнай вайны) у многіх краінах Эўропы саджаюць у турму. Пры гэтым, як ні дзіўна, тым, хто ўхваляе палітыку гітлерскага генацыду (не заклікаючы да яго паўтарэньня, безумоўна), крымінальная кара не пагражае. Справа, відаць, у тым, што прыватнае меркаваньне — пакуль яно застаецца ў межах меркаваньняў, а ня заклікаў — не ўяўляе такой небясьпекі для грамадзтва, як ігнараваньне фактаў гісторыі.

Пакаяньня ў злачынствах супраць чалавечнасьці, якое адбылося ў Нямеччыне, не адбылося ні ў былым Савецкім Саюзе, ні ў воднай з былых камуністычных рэспублік. Хоць роўнасьць паміж гітлерскімі й сталінскімі злачынствамі падаецца ў цывілізаваным сьвеце відавочнай. Наадварот, менавіта сталінізм, сталінскі СССР, сталінская мадэль пабудовы грамадзтва і ўзаемадачыненьня нацыяў высоўваюцца сёньня ў Беларусі ў якасьці ідэалу, навязваюцца грамадзтву праз шматлкія расейскія тэлесэрыялы, кнігі, падручнікі, экскурсіі на Лінію Сталіна і нават, апошнім часам, паштоўкі з выяваю правадыра.

Здавалася б — асудзіць сталінізм, сталінскія рэпрэсіі ў гадавіну масавых расстрэлаў 1937 году ў Беларусі азначала б адначасова асуджэньне савецкага імпэрыялізму, адмову ад «масквацэнтрычнага погляду» на гісторыю, паспрыяла б росту нацыянальнай сьвядомасьці й годнасьці. Але не адбылося. Замест гэтага афіцыйны Менск гасьцінна адчыняе вароты для расейскіх камуністаў, які лічаць сябе нашчадкамі Сталіна.

Цікава, як ставяцца да гэтага ў Партыі камуністаў беларускай, у іншых партыях левага кірунку? Будуць піць у абдымку з расейскімі таварышамі? Пад лёзунгі: «За Радзіму, за Сталіна!»?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?