Супрацоўнік «БПС-Ашчадбанка» ачысціў дзве дэпазітных ячэйкі, адна з якіх была знятая намеснікам гендырэктара velcom Робертам Дашанам.

На лаве падсудных у судзе Цэнтральнага раёна Мінска апынуліся былы супрацоўнік ААТ «БПС-Ашчадбанк» Уладзімір Лютарэвіч і яго малады знаёмы Міхаіл Візгір. Першаму выстаўленае абвінавачанне ў здзяйсненні злачынства па ч. 4 арт. 205 Крымінальнага кодэкса Беларусі (крадзеж у асабліва буйным памеры), а другому — у дапамозе гэтаму крадзяжу. Аднак абодвум пагражае аднолькава суровае пакаранне — артыкул прадугледжвае да 12 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

У пачатку слуханняў адвакат былога супрацоўніка «БПС-Ашчадбанка» заявіў, што абвінавачаныя часткова пакрылі нанесеную шкоду і абяцаюць да канца працэсу разлічыцца з пацярпелымі цалкам. Аднак суддзя абяцанні абвінавачаных у разлік не прыняў, заявіўшы, што пры вынясенні прысуду будзе відаць, хто і якую шкоду пагасіў.

Як расказалі ў Следчым камітэце, ачысціць дэпазітныя ячэйкі «БПС-Ашчадбанка»54-гадовы Уладзімір Лютарэвіч вырашыў пасля таго, як кіраўніцтва паведаміла яму пра тое, што ён трапіў пад скарачэнне. Абвінавачаны курыраваў працу дэпазітарыя, чым і вырашыў скарыстацца. Ён зрабіў адбіткі ад дзвюх дэпазітных ячэек у дэпазітарыі, а потым сам выразаў ключы да іх. Паколькі сам ён вынесці 740 тысяч даляраў з банка не мог, то прыцягнуў да справы свайго знаёмага Міхаіла Візгіра, якому паабяцаў палову выкрадзенага.

Сярод пацярпелых апынуўся намеснік генеральнага дырэктара па маркетынгу кампаніі velcom Роберт Дашан, які захоўваў у сваім банкаўскім сейфе 340 тысяч даляраў, і ўладальнік буйной аўдытарскай кампаніі, які страціў 400 тысяч даляраў.

Цікава, што крадзеж з дэпазітных ячэек кліентаў быў здзейснены паспяхова. У банку яго нават не заўважылі,
пры гэтым, як было высветлена падчас расследавання, супрацоўнікамі банка былі груба парушаныя інструкцыі па бяспецы. Уладзіміру Лютарэвічу не толькі дазволілі доўгі час быць у дэпазітарыі аднаму, што катэгарычна забаронена, але нават не заўважылі, як ён закрываў аб’ектывы відэакамер звычайнай паперай.

Крадзеж заўважылі толькі тады, калі ў лістападзе 2012 уладальнік аўдытарскай кампаніі прыйшоў у банк праверыць змесціва свайго сейфа. Тады і высветлілася, што адтуль зніклі 400 тысяч даляраў. Яшчэ праз дваццаць дзён пустым свой сейф знайшоў і намеснік генеральнага дырэктара velcom Роберт Дашан. У банку нават не маглі сказаць дакладна, калі быў здзейснены крадзеж. Праваахоўнікі аперавалі перыядам у паўтара месяца, планамерна вывучаючы ўсіх магчымых падазраваных. Да таго часу Уладзімір Лютарэвіч ужо працаваў начальнікам аддзела продажаў у буйной гандлёвай кампаніі. У «БПС-Ашчадбанку» адмовіліся пракаментаваць, як стаў магчымы крадзеж і якія меры прынятыя, каб такое больш не паўтарылася.

Знайсці падазраванага ўдалося толькі праз тры месяцы, але падчас ператрусу ў яго выявілі толькі 250 тысяч даляраў.

На жаль, даведацца іншыя цікавыя падрабязнасці гэтай беспрэцэдэнтнай для Беларусі справы не ўдалося. У самым пачатку судовых слуханняў адвакат Роберта Дашана заявіў хадайніцтва аб тым, каб зрабіць пасяджэнне суда закрытым на той падставе, што на ім будуць агучаныя дадзеныя, якія з’яўляюцца банкаўскай і падатковай таямніцай. Гаворка не толькі аб дэпазітных вочках у «БПС-Ашчадбанку», але і аб укладах у чатырох іншых банках.

Суд задаволіў гэтае хадайніцтва. Чакаецца, што разбіральніцтва абставінаў справы завершыцца на працягу тыдня. Пасля гэтага ўдзельнікам працэсу будзе дадзена яшчэ 10 дзён на абскарджанне прысуду або вынясенне пратэсту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?