Гэтымі днямі крыж знаходзіцца ў Маскве

Гэтымі днямі крыж знаходзіцца ў Маскве

Х-падобны крыж, на якім, паводле падання, прыняў пакутніцкую смерць святы апостал Андрэй Першазваны, будзе дастаўлены ў Мінск 28 ліпеня ў 23.45 літарным цягніком
у суправаджэнні дэлегацыі Эладскай (Грэчаскай) праваслаўнай царквы. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы (БПЦ).

Агульнахрысціянскую святыню даставяць у сталічную царкву апостала Андрэя Першазванага на вуліцы Малініна, дзе яна будзе знаходзіцца да 7.30 29 ліпеня.

У 8.00 таго ж дня крыж прынясуць на Замчышча, дзе патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл разам з кіраўнікамі і прадстаўнікамі памесных цэркваў правядзе літургію.

Пасля гэтага набажэнства Андрэеўскі крыж будзе дастаўлены ў храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць бязвінна забітых у Айчыне нашай на скрыжаванні вуліц Каліноўскага і Усіхсвяцкай, дзе застанецца да 2 жніўня.

Доступ да святыні будзе кругласутачным.

Прыбыццё хрысціянскай святыні арганізуюць фонд Андрэя Першазванага (Расія) і фонд «Апосталі» Эладской праваслаўнай царквы па благаславенні патрыярха Кірыла і архіепіскапа Афінскага і Эладскага Ераніма.

Крыж апостала Андрэя, які захоўваецца ў саборы Патры на паўвостраве Пелапанес (Грэцыя), спачатку дастаўлены ў Маскву, потым будзе дастаўлены ў Кіеў, а ўжо затым у Мінск.

Нагадаем, падчас урачыстасцяў з нагоды 1025-годдзя Хрышчэння Русі, якія пройдуць 28–29 ліпеня ў Мінску, супрацоўнікі міліцыі будуць працаваць ва ўзмоцненым рэжыме.

Паводле інфармацыі МУС Беларусі, чакаецца вялікі наплыў людзей (каля 50 тысяч чалавек), якія жадаюць убачыць крыж апостала Андрэя Першазванага, які даставяць на ўрачыстасці з Кіева, ці хоць бы пабываць у горадзе ў гэты час.

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Іван Кубракоў адзначыў, што Мінск чакае паломнікаў з усёй Беларусі.

Толькі ў хрэсным ходзе, які пройдзе на праспекце Пераможцаў, паводле інфармацыі БПЦ, возьмуць удзел прыкладна 15 тысяч чалавек. Для арганізацыі бяспекі будуць арганізаваны кантрольна-прапускныя пункты, пры неабходнасці будуць выкарыстоўвацца металадэтэктары для агляду ручной паклажы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?