22.07.2013 / 17:33

Прэзентуюць кнігу «На «панскіх» могілках Плябані» 2

Прэзентацыі пройдуць 25 і 27 ліпеня ў Мінску (музей Я.Купалы) і вёсцы Плябань (Маладзечанскага раёна).

Кніга «На „панскіх“ могілках Плябані» — першае выданне ў Беларусі, якое акрамя вуснай гісторыі, апісання культавай архітэктуры, рэдкіх старых фатаздымкаў, утрымоўвае грунтоўнае даследванне «панскіх» могілак Плябані праз прызму гісторыі, краязнаўства, мастацтвазнаўства, геалогіі і нават некрапалістыкі, якая толькі развіваецца ў нашай краіне.

У кнізе сабраны:

падрабязная мапа могілак, у якой адлюстравана каля 600 надмагілляў,
каталог пазасталых надгробкаў з іх дэтальным апісаннем,
фатаздымкі найбольш характэрных надгробкаў,
пералічэнне і тлумачэнне могілкавых сімвалаў, прыклады эпітафій,
вызначэнне пагрозаў, якія існуюць для захавання некропаля.

Матэрыялы, размешчаныя ў кнізе, дазволяць любому, хто пажадае, правесці падобныя працы на гістарычных могілках свайго рэгіёну.

Ўкладальніца кнігі Вольга Сямашка распавядае: «Кніга прысвечана памяці Міхася Чарняўскага, Міхася Раманюка і Сяржука Вітушкі — асобаў, якія ў свой час спрычыніліся да прыборкі і даследвання плябанскіх могілак і магілы паўстанцаў Каліноўскага, якая на іх і знаходзіцца.

Выданне кнігі сталася вынікам палявых даследаванняў могілак Плябані і самой вёскі з 2007 па 2013 гады.

Акрамя гэтага для наведвальнікаў прэзентацый адкрыюцца таямніцы, якія плябанскія могілкі захоўвалі да гэтага часу:

Чаму можна лічыць, што Каліноўскі перапахаваны ў Плябані?

Чаму з магілы паўстанцаў Каліноўскага ў Плябані на працягу стагоддзя тройчы знікала шыльда і дзе схаваны першапачатковы надгробак паўстанцам Каліноўскага?

Дзе пахаваны мужчына-прататып пана Быкоўскага з п’есы Купалы «Паўлінка»?

Чаму Плябань сталася месцам паломніцтва папскага нунцыя?

У праграме мінскай прэзентацыі 25 ліпеня: музыка Віктар Сямашка, паэты Віктар Жыбуль і Вера Бурлак, гісторыкі і адмыслоўцы ў галіне аховы могілак.

У суботу 27 ліпеня у Плябані: барды Тацяна Беланогая, Андрэй Касцень, музыка Віктар Сямашка і многія іншыя.

Месца правядзення прэзентацый: Мінск, 25 ліпеня (чацвер), музей Я.Купалы, пачатак, а 19-й.

Уваход па музейных квітках 7 000 руб.

в. Плябань, 27 ліпеня (субота), Маладзечанскі раён, Мастацкая галерэя. Пачатак 12–30. Уваход вольны.

Выданне пабачыла свет у гэтым годзе ў межах новай кніжнай серыі «Гістарычныя могілкі Беларусі».

0
мінак / Адказаць
23.07.2013 / 18:36
файна! пра Каліноўскага, што праўда, не зусім зразумелака. прыйду паслухаць!
0
мінак / Адказаць
24.07.2013 / 09:05
а прычым тут музэй Янкі Купалы?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру