Аляксандр Варламаў і яго абаронца, хутчэй за ўсё, не будуць абскарджваць вынесены судом прыгавор. Пра гэта яны паведамілі журналістам 23 ліпеня пасля вынясення прыгавору вядомаму мадэльеру.

Адвакат Павел Піваварчык, у прыватнасці, заявіў, што яго прыгавор задавальняе, аднак канчатковае рашэнне будзе прынята пасля кансультацыі з падабаронным.

Паводле слоў самога Варламава, траціць сілы на абскарджанне ён наўрад ці будзе. «Іх не так шмат, трэба фізічна аднаўляцца, — сказаў ён журналістам пасля суда. — Мне трэба найперш навучыцца хадзіць, навучыцца абслугоўваць сябе, бо два гады і два месяцы за кратамі, калі ўстаеш толькі ў туалет і на прагулку, — гэта цяжкае выпрабаванне. Трэба навучыцца быць свабодным. А ўсё астатняе, дасць Бог, прыйдзе».

«Я вельмі ганаруся сваёй справай, людзьмі нашай краіны, хоць гэта вельмі цяжка суаднесці з тым, у што я трапіў.

Здавалася б, любові вялікай адчуваць нельга. Дзякуй ўсім, хто падтрымліваў мяне, хто не адвярнуўся ад мяне», — сказаў Варламаў.

Адказваючы на пытанне пра магчымасць вяртанне на фестываль «Млын моды», галоўным арганізатарам якога ён быў шмат гадоў, Аляксандр Варламаў сказаў: «А ці патрэбен я там? Прапаноў ад кіраўніцтва праекта не паступала». Паводле слоў мадэльера, ён не бачыць сабе месца на цяперашнім «Млыне моды».

Мадэльер таксама паведаміў, што пасля чатырох аперацый на пазваночніку фізічна адчувае сябе вельмі дрэнна.

Паводле слоў Варламава, першае, што зробіць ён сёння, гэта наведае царкву. «Я вельмі веруючы чалавек, у 1990 годзе ў мяне была спроба сысці ў манастыр.

Я ездзіў у Вільню, але мяне адгаварылі», — сказаў ён.

Адказваючы на пытанне, ці быў палітычны складальнік у яго справе, Варламаў пасля некаторай паўзы заявіў: «Мяне паставілі на месца — гэтага дастаткова».

Нагадаем, суд Ленінскага раёна Мінска прыгаварыў Варламава да пяці гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую калонію адкрытага тыпу
з канфіскацыяй маёмасці і забаронай займаць пасады, звязаныя з арганізацыйна-распарадчай дзейнасцю, тэрмінам на два гады. Такое рашэнне абвясціла 23 ліпеня суддзя Ленінскага раёна Мінска Надзея Навіцкая. Варламаў вызвалены з-пад варты ў зале суда.

Тэрмін знаходжання Варламава пад вартай залічаны ў тэрмін пакарання — 1 дзень у СІЗА за два дні абмежавання волі. Такім чынам, вынесенае судом пакаранне будзе доўжыцца менш як год. Да часу, калі прыгавор набудзе моц, асуджаны будзе знаходзіцца пад хатнім арыштам. У зале суда ў Варламава ўзялі падпіску аб нявыездзе.

Суд таксама пастанавіў спагнаць з яго матэрыяльны ўрон на карысць шэрагу ўстаноў і грамадзян, самы буйны — Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту — больш як 2,3 млрд. рублёў.

Варламаў прызнаны вінаватым на падставе ч. 4 арт. 209 КК (махлярства ў асабліва буйным памеры), ч. 2 арт. 210 УК (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі), ч. 2 арт. 211 КК (прысваенне маёмасці) і ч. 1 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў.) Разам з тым суд апраўдаў яго паводле ч. 3 арт. 424 КК (злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?