23 ліпеня заканчваецца грамадскае абмеркаванне ў інтэрнэце генеральнага плана будаўніцтва беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку каля Смалявічаў. На 24 ліпеня прызначаныя слуханні ў Смалявіцкім райвыканкаме.

Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю кітайскаму агенцтву Сіньхуа напярэдадні свайго візіту ў Пекін на мінулым тыдні заявіў, што рэалізацыя гэтага праекту дазволіць атрымліваць ад экспарту дадаткова да 50 мільярдаў даляраў штогод. А пасля вяртання з Пекіна ў Мінск Лукашэнка даручыў прыспешыць будаўніцтва індустрыяльнага парку.

«Лукашэнку праінфармавалі аб тым, што ўжо сёлета плануецца завяршыць праектаванне асноўных інжынерных камунікацый, у прыватнасці газа-і электразабеспячэння першай паўночнай пляцоўкі пад забудову новымі прадпрыемствамі» — паведаміла прэс-служба кіраўніка Беларусі.

Тым часам брытанская газета Financial Times у сваім артыкуле пра паездку Лукашэнкі ў Кітай і пра беларуска-кітайскія эканамічныя дачыненні цытуе Кірыла Карацеева — першага намесніка генеральнага дырэктара кампаніі, якая займаецца пабудовай індустрыяльнага парку пад Мінскам — які спадзяецца, што Беларусь у змозе прыцягнуць замежных інвестараў у гэты парк праз падатковыя ільготы, ліберальнае заканадаўства адносна замежнай уласнасці ды танную і добра адукаваную працоўную сілу.

«Да 2015 года мы павінны прасунуцца настолькі далёка, каб стаць цікавымі для вялікіх кампаній. Я разлічваю на першыя вялікія інвестыцыі з Кітая», — сказаў брытанскай газеце Карацееў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?