Сто невялікіх раздзелаў, дзесяць факталагічных памылак (добра, адзінаццаць), пяць порнаабдруковак на любы густ і просты цагляны мур на вокладцы. Так, яна будзе рудога колеру, мая кніга, колеру бессэнсоўнае працы, колеру менскага сонца, якое заходзіць — на пасадку ў Менск-2 ці проста так, таму што вечар: інстынктыўна. А галоўная памылка і галоўны падман гэтай кнігі будуць у назве. Бо ніякага Менска ў сусветнай літаратуры насамрэч няма. Або так мала, што некаторыя згадкі пра яго давядзецца прыдумаць. Разам з загадкамі. Так мая квадратная кніга непазбежна дэградуе ў кола. Інакш кажучы, у раман.

Калі хтосьці з замежных пісьменнікаў піша: «Менск» — ён звычайна не мае на ўвазе нічога пэўнага. Ні вуліц, ні людзей, ні пахаў, ні нават дробнае гатэльнае прыгоды. Уяўляю яго: ён нават праляцець над Менскам не можа як след, накіроўваючыся па неабавязковай літпатрэбе з Франкфурта ў які-небудзь новасібірскі вырай, гэты самаўпэўнены дурань, а ручонка, бач ты, ужо выводзіць: М-е-е… Менск на старонках замежнай літаратуры почасту не больш рэальны за Авалон; з гэткім самым поспехам ён мог бы звацца Немскам, бо ён нікому нічога не гаворыць. У яго іншая функцыя. Менск — прабірка для персанажаў другога-трэцяга плана, засунутая ў самы цёмны кут лабараторыі. Менск — гэта імя для пустаты, якая з той ці іншай прычыны спатрэбілася аўтару, бо і пустата часам уваходзіць у рэцэпт — але крамы ўжо не працуюць. Таму — Minsk, Минск. Хто паедзе? Хто праверыць? Усе павераць.

У нейкім сэнсе кожны горад існуе роўна настолькі, наколькі ён існуе ў сусветнай літаратуры.
Любому месцу і любому месту важна мець рэха, быць прамоўленымі. Іншым, не сваім голасам. Важна быць пабачаным, запісаным, пачутым, размешчаным у чужых калекцыях, у чужых мовах і каардынатах. У гэтым сэнсе Менск прывідны. Ён трымаецца на сумневе ў сваім існаванні. Ён трымаецца на адсутнасці кантролю за праўдай. Магчыма, палова заходніх чытачоў, сустракаючы ў тэксце назву «Менск», лічыць, што гэта — прыдумка аўтара. Прычым не самая ўдалая, усё ж тры зычныя на канцы — гэта perabor.

Сапраўды, Менск цяжка ідэальна зарыфмаваць. Калі не браць у разлік Мцэнск і Васкрасенск, вядома. І Мінск цяжка. Магчыма, таму пра паэзію ў маёй вялікай квадратнай кнізе будзе мала.

Затое проза ў ёй будзе самая першакласная.

Напрыклад, там будзе Раберта Баланьё. І Умбэрта Эка, які нечакана згадаў Менск у рамане «Пражскія могілкі»:

«…Выраблены пяцьдзясят гадоў таму ў Менску дакумент з указаннямі такога мізэрнага кшталту, як, напрыклад, каго яўрэю варта запрашаць на свята, а каго не, ні ў якім разе не даводзіў, што гэтыя правілы вызначаюць дзеянні вялікіх банкаў у Парыжы або Берліне. І перадусім: ніколі, ніколі нельга працаваць з сапраўднымі ці напаўсапраўднымі дакументамі! …Чаму, скажыце, калі ласка, вінаградара ў Шампані мусіць хваляваць тое, што яўрэі ў Менску прадпісваюць такім самым яўрэям, як ім ладзіць вяселлі сваіх дачок?…"

Сапраўды, чаму?.. Кантэкст, у які Эка дабрадушна засоўвае Менск, безумоўна, парадуе тых чытачоў, хто перакананы ў арыйскім паходжанні нашай нацыі. Вядома, можна крыўдаваць, што ў сваім тоўстым рамане Эка не знайшоў для Менска кантэксту гераічнейшага ці хаця б проста сур’ёзнейшага, але: ну так, не Парыж і не Берлін, не Мілан і не Прага — але ж «прадпісваюць» не нам, «прадпісваем» мы.

Натуральна, мая кніга пра Менск у сусветнай літаратуры не абыдзецца і без Набокава.

Скажам, без ягонага ліставання з сябрам-апанентам Эдмундам Ўілсанам. Ўілсан, які даволі добра ведаў расійскую мову, неяк наважыўся публічна крытыкаваць набокаўскі пераклад «Анегіна». На што мэтр з’едліва зазначыў, што яму дзіўна чуць, як яго, карэннага пецярбуржца, вучаць «минскому произношению».

У адзін шэраг з нямецкімі гарадамі трапляе Менск у знакамітым набокаўскім апавяданні «Знакі і сімвалы» — і глядзіцца цалкам натуральна ў гэтым суседстве, намертва прыпаяны да іх гісторыяй выгнання:

«Из складки альбома выпала немецкая горничная, что служила у них в Лейпциге, и ее толстомордый жених. Минск, революция, Лейпциг, Берлин, Лейпциг, смазанный, наклонный фасад дома, совсем не в фокусе. Четыре года, в парке: угрюмый, пугливый, лоб в складочках, отводит глаза от настырной белки так же, как от всякого чужака».

«Парыж нідзе так не Парыж, як у Менску», — кажа герой Генры Мілера ў «Тропіку Рака». А Манмартр нідзе так не Манмартр, як на Карла Маркса…

Для масавай літаратуры Менск — неабжытае месца. Хто інвестуе — выйграе.
«У пяцьдзясят восьмым, калі яму было васямнаццаць, яго перавялі ў Менск і накіравалі ў спецыяльную вучэльню ГРУ. Вы ведаеце, што такое ГРУ?» — пытаецца персанаж «Дзяўчыны з тату цмока» Стыга Ларсана.

Цяжка сказаць, ці была ў Менску насамрэч вучэльня ГРУ, а вось што да піва і крывасмокаў, дык на іх адсутнасць Менск сапраўды ніколі не мог паскардзіцца:

«На польскай мяжы мы сустрэлі пару троляў, яшчэ я меў спрэчку ў пабе ў Менску з адным вампірам, але ў астатнім усё прайшло як мае быць…» — расказвае пра сваю «наагул някепскую паездку» ў Беларусь Хагрыд у «Гары Потэры і Ордэне Фэнікса».

Праўда, ні ГРУ, ні пабы, ні Хагрыд не ратуюць беларускую сталіцу ад знішчэння ў рамане Крыстыяна фон Дытфурта «21 ліпеня», зробленага ў модным жанры альтэрнатыўнай гісторыі. Замах на Гітлера атрымаўся паспяховы, але Нямеччына працягвае змагацца, вырабляе ўласную атамную бомбу і скідвае яе чамусьці на наш горад-герой. За што? За Кубэ, напэўна. Ці за серыял пра яго…

Некаторых менчукоў, створаных фантазіяй замежных аўтараў, пазнаеш з першага погляду. Напрыклад, гэтага эпізадычнага персанажа рамана Тыбара Фішара «Калекцыйная рэч»:

«…Яшчэ адным нашым не надта ўдалым набыткам зрабіўся пляшывы псіхапат з Менска. Маючы відавочныя літаратурныя амбіцыі, ён аказаўся ў сапраўднасці не звар’яцелым паэтам, а звар’яцелым выдаўцом. Мянчук лаяўся так шмат, што высветліць, хто ён такі, атрымалася зусім не адразу. Аднак урэшце стала зразумела, што ён добра памятае, кім быў у папярэднім жыцці і што ва ўсіх сваіх рэінкарнацыях ён быў звязаны з літаратурай».

А вось кніг замежных аўтараў, якія былі б цалкам прысвечаныя Менску, кніг, дзеянне якіх адбывалася б пераважна тут, не так і шмат. З ходу згадаеш хіба «Schöne Grüße aus Minsk», раман пра вайну і немцаў Паўля Коля… ды «Фашыст праляцеў» Юр’енена. Ну, яшчэ ёсць той сімпатычны лянівы немец, які пажыў у Менску пару месяцаў і напісаў нешта пра КДБ і Плошчу старонак на трыста. А так збольшага ўсё — згадкі, здагадкі, урыўкі, назва мільгане ў тумане тэксту і забудзецца, усімі — апрача хранічнага менчука.

Калі я ўпершыню задумаўся пра сваю вялікую ненапісаную кнігу, мне падказалі, што Менск згадваў нават Дойл.
На жаль, не ў маіх улюбёных «Нататках пра Шэрлака Холмса», а ў значна менш займальных і часам папросту нудных «Подзвігах брыгадзіра Жэрара», але чорт яго бяры, у гэта цяжка паверыць: Конан Дойл — і Менск… Ці то комплексы не даюць, уласнай і менскай непаўнавартасці, ці то, наадварот, рэч у маніі велічы: горад, дзе нарадзіўся і жывеш, заўжды будзеш успрымаць як цэнтр светабудовы. А пра цэнтр мімаходзь, як з дзіравай кішэні, не пішуць.

Вось ён — чорным па белым. Перакладзены і растыражаваны па свеце, населены няіснымі, але пазнавальнымі людзьмі, збольшага — дзіўны, далёкі і недарэчны, часам смешнаваты. Менск кніжны. Менск выдуманы. Менск, якім яго бачаць яны. І ўсё адно — такі менскі-менскі. Ва ўсіх сваіх чортавых рэінкарнацыях. І таму, дарагі вінаградару з Шампані, табе давядзецца запомніць гэтае слова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?