— сцвярджае начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Ждановіцкага аддзела міліцыі Георгій Пяткевіч. — Няма такога рашэння аб выдзяленні пэўнага ўчастка на Мінскім моры для адпачывальнікаў у негліжэ. Да таго ж нудысты размясціліся не ў дзікім, закінутым, маладаступным месцы, куды мала хто заходзіць, а на адным з цэнтральных пляжаў, дзе збіраецца больш за ўсё адпачывальнікаў, адпаведна, і дзеці. Недалёка знаходзіцца прыпынак гарадскога аўтобуса, ад электрычкі можна пешшу дайсці, у адрозненне ад многіх іншых пляжаў, куды можна даехаць толькі на машыне. Таму з’яўленне ў голым выглядзе тут расцэньваецца гэтак жа, як і на транспартным прыпынку. Гэта дробнае хуліганства, за што суд можа прызначыць штраф ад 2 да 30 базавых велічынь. Разгульваць у чым маці нарадзіла нічым не лепш, чым знаходзіцца ў п’яным выглядзе і нецэнзурна выказвацца.

Але аматары галізны ўпарта супраціўляюцца ўсім спробам неяк іх апрануць, лічачы плаўкі сацыяльнымі забабонамі, а нудызм — сапраўднай дэмакратыяй.
Так што тлумачальнай гутаркай удаецца абмежавацца не заўсёды. Збіраць рэчы і сыходзіць даводзіцца тым, хто ў купальніках. Таму што нудыстам зусім не перашкаджае той факт, што на іх глядзяць, хоць дзеці, хоць пенсіянеры.

— Глядзіце, мне няма чаго саромецца, — падыходзіць да сяржантаў міліцыі дама бальзакаўскага ўзросту і задзірае майку. І тут яшчэ адна маладая пара з двума дашкольнікамі, што ўладкавалася, сама таго не ведаючы, ледзь не ў цэнтры «голай» паляны, замерла ў нямым шоку ад гэтага перфомансу.

— Мы паняцця не мелі, што гэта нудысцкі пляж. Дзе тут напісана? — здзіўлялася маладая мама двух сыноў Святлана. — Калі размяшчаліся, усе былі ў плаўках і купальніках. Мы ўжо распалілі вугаль для мангала, калі зразумелі, што трапілі не туды. Куды ўжо ісці з разагрэтым мангалам? Ні сораму, ні сумлення.

Грамадзяне, якія не шукаюць вострых адчуванняў, імкнуцца гэты пляж абыходзіць па самай далёкай дузе. У яго няма ні межаў, ні плоту, ні аб’яваў кшталту «асцярожна, мы голыя і гарачыя». Ды і рэдкія кусты не вельмі хаваюць аголеныя целы ад старонніх вачэй.

— Усе даўно ведаюць, што ён нудысцкі.
Калі экскурсіі на параходзе праходзяць, у іх адмыслова ў праграму ўваходзіць: «міма нудысцкага пляжа», — працягвала гарачыцца нудыстка з 20-гадовым стажам. — Проста ўсе цяпер як у піянерскім лагеры апранаюцца, таму што супрацоўнікі міліцыі ўвесь час ходзяць тут. Разумееце? Адзін крычыць: «Міліцыя», — і ўсе хутка нацягнулі трусы. Як толькі сыходзяць, адразу ўсё знялі. Гэта нармальна? Мяне гэта ўжо раздражняе. Каму мы тут перашкаджаем? І амаральнасці тут, на маю думку, ані не больш, чым у лазні. Людзі адпачываюць цвярозыя, інтэлігентныя, самых розных прафесій, не кураць. І наогул у Еўропе такія пляжы — самая звычайная рэч. Ёсць не проста пляжы, а цэлыя комплексы: гатэлі, бары, рэстараны, крамы, дзе можна з’яўляцца без штаноў. Ёсць нават паслуга пералёту ў аголеным выглядзе для тых, хто ляціць з Маямі ў гатэль для нудыстаў, размешчаны ў горадзе Канкун. Папулярны «голы» турызм у Харватыі, Германіі, Францыі…

— Так хутка і па вуліцах будуць голымі хадзіць, аргументуючы гэта тым, што так можна ў Нью-Ёрку ці Сан-Францыска. А чаму нельга ў нас? — не пачуў аргументаў нудыстаў камандзір групы АМАП Міхаіл Жызнеўскі.

Дарэчы, за самавольны нудызм у не адведзеных для гэтага закрытых месцах прадугледжаны штраф і на крымскіх пляжах, і на еўрапейскіх.
У Маскве, напрыклад, у мінулым годзе палянку ў Срэбным бары, дзе збіраліся нудысты, адгарадзілі суцэльным трохметровым плотам. І цяпер такое суседства нікога не бянтэжыць і не абурае. Але мінскія нудысты, што аблюбавалі кавалак берага Заслаўскага вадасховішча яшчэ з канца 80-х гадоў, аддаюць перавагу таму, каб адстойваць свае правы на яго не ў самым прыстойным выглядзе. Ніхто з іх не звяртаўся ў выканкам з прапановай надаць пляжу афіцыйны статус і адгарадзіць ад старонніх вачэй. «Гэта ж столькі цяганіны, — няўпэўнена паціскаюць яны плячыма, — а ўсе працуюць, няма часу, ды і не кожны хоча афішаваць, што сюды ходзіць. У нас няма, як, напрыклад, у Піцеры, афіцыйнага таварыства культуры вольнага цела».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?