27.07.2013 / 09:09

Хто перамог на Курскай дузе? Невядомае пра пераломную бітву Другой сусветнай 36

Піша Анатоль Сідарэвіч.

Высадка саюзнікаў на Сіцыліі, 10 ліпеня 1943.

Калі пад Прохараўкай адбывалася найбольшая танкавая бітва ў гісторыі, Гітлер вырашыў перакінуць найлепшыя дывізіі ў Італію

Высадка на Сіцылію

Ідэнтыфікацыйная картка «капітана Марціна»

Калі стала ясна, што брытанскія і амерыканскія войскі вось-вось перамогуць немцаў ды італьянцаў у Паўночнай Афрыцы, Мусаліні сказаў: толькі дурань не разумее, што наступным крокам будзе высадка аліянтаў на Сіцыліі.
Дучэ як у ваду глядзеў. Але што ён мог? Паўночнаафрыканская кампанія паказала, што ў Італіі няма баяздольнага войска. Абараніць Сіцылію мог толькі Вермахт.

Брытанская разведка ведала, што на Сіцыліі інтэнсіўна будуюць умацаванні, а таму за высадку саюзнага дэсанту давядзецца заплаціць вялікую цану. Таму належала знайсці дурняў у Берліне, якія б паверылі, што саюзнікі высадзяцца дзе заўгодна, толькі не ў Сіцыліі. Так пачалася распрацоўка аперацыі «Мінсміт» («Начынка»).

Гітлер марудзіць

23 кастрычніка 1942. 8-я брытанская армія пад камандаваннем генерала Бернарда Мантгомеры ламае супраціў немцаў ды італьянцаў пад Эль-Аламейнам на поўначы Егіпта. 2 лістапада пачалася аперацыя «Суперчардж», мэтай якой была ачыстка Егіпта і Лівіі. А 8 лістапада саюзныя войскі пад камандаваннем генерала Эйзенхаўэра высадзіліся ў Марока і Алжыры і пачалі аперацыю «Торч». У выніку Алжыр і Марока былі выведзены з-пад улады пранямецкага рэжыму Вішы.

Сталін, якому Чэрчыль раскрыў план аперацыі «Торч» яшчэ ў жніўні, 19 лістапада пачаў наступальную аперацыю пад Сталінградам.
Яна завяршылася ў лютым 1943-га і запатрабавала ад саветаў крайняй мабілізацыі рэсурсаў. Але перамога пад Сталінградам не азначала, што Вермахт страціў стратэгічную ініцыятыву на Усходнім фронце. Так, прынамсі, на стан рэчаў глядзеў генерал-фельдмаршал Эрых фон Манштайн. З моманту высадкі амерыканцаў у Паўночнай Афрыцы, лічыў Манштайн, адкрыццё другога фронту ў Еўропе стала пагрозліва блізкім. Немцы мусілі выйграць час, каб разбіць Чырвоную армію. Дзеля гэтага быў распрацаваны план аперацыі «Цытадэль».
Пачаць яе Манштайн хацеў у сярэдзіне мая — як толькі падсохнуць дарогі. Ён і маршал Гайнц фон Клюге даказвалі Гітлеру: марудзіць нельга.
Савецкі Саюз штомесяц вырабляе 1500 (насамрэч 2000 — АС) танкаў; заходнія аліянты вось-вось увойдуць у Туніс, а тады магчымае адкрыццё другога фронту ў Еўропе. Але Гітлер загадаў чакаць з «Цытадэллю» да сярэдзіны чэрвеня. А 13 чэрвеня 1943 на мысе Бон у Тунісе капітулявалі 250 тысяч нямецкіх і італьянскіх вайскоўцаў.

Жыццё пасля смерці

Вядома, што Чэрчыль абяцаў Сталіну адкрыць 2-гі фронт ў Еўропе ў жніўні-верасні1943-га. Сталін жа хацеў, каб гэта адбылося раней. Гэтаму і павінна была паслужыць аперацыя «Хаскі» — высадка дэсанту на Сіцыліі.

Рузвельт і Чэрчыль на нарадзе пад Касабланкай 23 студзеня 1943 г. далі сваім збройнымі сілам дырэктыву: «Акупацыя Сіцыліі з мэтаю: 1) забеспячэння большай бяспекі камунікацыйных ліній у Міжземным моры, 2) адцягнення сілаў Нямеччыны ад рускага фронту, 3) узмацнення націску на Італію». Цяпер у справу ўключаліся камандуючыя і іх штабы.

Задача камандавання любой арміі ў тым, каб перамагчы праціўніка з найменшымі стратамі. Задача разведкі — дапамагчы камандаванню. Для гэтага разведка павінна выведаць планы праціўніка і, калі гэта магчыма, увесці яго ў зман адносна намераў свайго камандавання.

Але як прымусіць немцаў паверыць? Як рыхтавала аперацыю брытанская разведка можна даведацца з кнігі разведчыка Івэна Мантэгю «Чалавек, якога не было».
Было выкарыстана цела мёртвага чалавека. Яго з дакументамі на імя капітана марской пяхоты Уільяма Марціна даставілі на субмарыне ў іспанскія воды. Да рукі «капітана» быў прышпілены партфель з дакументамі, у тым ліку лістом намесніка начальніка брытанскага генштаба да камандуючага брытанскімі войскамі ў Паўночнай Афрыцы. У лісце быў намёк, што саюзнікі высадзяцца на Сардыніі і ў Грэцыі.
Разлік апраўдаўся. Цела «Уільяма Марціна» паднялі з вады ля горада Уэльва 30 красавіка, пра дакументы даведаліся немцы. Дэзе паверыў і Гітлер.
Ужо ў маі з Усходняга фронту на Балканскую паўвыспу была перакінутая 1-я танкавая дывізія. Таксама Гітлер загадаў умацоўваць Сардынію і Корсіку. Будаўніцтва на Сіцыліі было практычна спыненае.

Аперацыя «Цытадэль»

Тым часам на Усходнім фронце панавала нерашучасць. Сталін і начальнік яго генштаба маршал Васілеўскі стваралі ў раёне Курскай дугі абарончыя ўмацаванні.

І Гітлер усё адкладаў наступальную аперацыю «Цытадэль», чакаючы, пакуль заводы вырабяць дастаткова новых танкаў.
Стаўка рабілася на славутыя «тыгры». Да Курскай бітвы была наладжана і вытворчасць «пантэраў».

Бітва пачалася 5 ліпеня 1943. Наступалі дзве групы нямецкіх армій: з поўначы — «Цэнтр» пад камандаваннем маршала Клюге, з поўдня — «Поўдзень» на чале з Манштайнам. Чырвоная ж армія абаранялася, у яе была такая дырэктыва: выматаць праціўніка ў абарончых баях, а потым перайсці ў наступ (дзеля гэтага быў створаны рэзервовы Стэпавы фронт).

Войскі фон Манштайна наступалі ў прохараўскім кірунку, дзе адбылася знакамітая танкавая бітва.

Дзіўна, але пра бітву ў «Беларускай Энцыклапедыі» няма асобнага артыкула.
Звесткі пра яе вынікі супярэчлівыя. Хто перамог пад Барадзіном у 1812-м? Так і пад Прохараўкай — няясна. Хоць страты Чырвонай арміі ў людзях і машынах былі ў разы большыя (4 савецкія танкі на 1 нямецкі).

Войскі маршала Клюге не дасягнулі пад Курскам істотнага поспеху, затое войскі Манштайна глыбока ўклініліся ў савецкую абарону. Манштайн быў ужо цалкам упэўнены ў поспеху. Але тут нямецкае камандаванне мусіла пераключыць увагу на поўдзень Еўропы.

Спыніць наступ!

За два дні да пачатку бітвы пад Курскам брытанская і амерыканская авіяцыя пачала бамбіць аэрадромы на Сіцыліі і Сардыніі.
Былі знішчаныя 4 з 5 чыгуначных паромаў, што злучалі Апенінскі паўвостраў з Сіцыліяй. Да апошняга моманту праціўнік не ведаў, дзе ж будуць дэсантавацца аліянты. А высадка адбылася тады, калі праціўнік не мог і падумаць: падчас шторму на моры.

Саюзнікі дэсантаваліся ў Сіцыліі 10 ліпеня. 12 ліпеня пачалася танкавая бітва пад Прохараўкай. А 13 ліпеня, калі бітва яшчэ ішла, Гітлер выклікаў Клюге і Манштайна да сябе. Нягледзячы на пярэчанні апошняга, фюрэр загадаў: спыніць наступ! Перакінуць сілы на Апеніны! Бо высадка на Сіцыліі азначала хуткае ўварванне ў Італію.

Савецкі маршал Іван Баграмян сцвярджаў, што высадка на Сіцыліі ніяк не паўплывала на сыход Курскай бітвы. Нам жа вядома, што Гітлер перакінуў на Захад элітны ІІ танкавы корпус СС, у які ўваходзілі славутыя дывізіі «Лейбштандарт СС Адольф Гітлер», «Дас Райх» і «Тотэнкопф». І танкавы корпус СС, які стваралі для Усходняга фронту, таксама пайшоў у Італію.

Другі фронт

Пасля высадкі на Сіцыліі Вялікая рада фашысцкай партыі адхіліла Мусаліні ад улады і арыштавала. 3 верасня, калі саюзнікі дэсантаваліся на поўдні Апенінскага паўвострава, Італія выйшла з вайны. Як жартавалі ў той час, вось Берлін-Рым-Токіа зламалася. Гэта дазволіла Чырвонай арміі пачаць шырокі наступ ва Украіне.

Высадкі саюзніцкіх дэсантаў у Марока і Алжыры, у Сіцыліі і на Апенінах далі багаты досвед такога роду аперацыяў, які прыдаўся ў Нармандыі.

Тады, у 1944-м, паўторыцца сітуацыя лістапада 1942-га: перш, чым рушылі саветы, пачалі саюзнікі. Высадка ў Нармандыі была 6 чэрвеня, а 23 чэрвеня пачалася аперацыя «Багратыён».

І ўсё ж: чаму ў савецкай і часткова ў постсавецкай літаратуры сцвярджаецца, што саюзнікі адкрылі другі фронт менавіта ў 1944 г., а не на год раней? Такая была ідэалагічная ўстаноўка. Найлепш яна была сфармулявана ў падручніку «Навейшая гісторыя» для Х класа: «Савецкі Саюз строга выконваў узятыя на сябе саюзніцкія абавязацельствы. Але ЗША і Англія іх груба парушалі». Таму, маўляў, і адцягвалі адкрыццё другога фронту ў Еўропе. І многія з нас па-ранейшаму застаюцца ў палоне бальшавіцкіх міфаў.

***

    Эканоміка ЗША і Вялікабрытаніі ў 1930-я не была мілітарызаваная, як гаспадаркі СССР і Нямеччыны. 1 верасня 1939 г. ЗША мелі трохі больш за 500 танкаў. Гэтулькі ж мела і Вялікабрытанія. На пачатку вайны ў Злучаным Каралеўстве налічвалася толькі 488 бамбрардзіроўшчыкаў (у немцаў — 1500). Пасля сутычак з Вермахтам у 1939 г. Вялікабрытанія, паводле Чэрчыля, мела 20 тысяч падрыхтаваных жаўнераў, 200 гармат і 50 танкаў.
    Капітан Марцін, якога не было
    Ідэя аперацыі «Мінсміт» была бліскучай. Аднак узнікла нечаканая цяжкасць: дзе знайсці цела чалавека з пашкоджаннямі, як пасля авіякатастрофы? Як толькі з’яўлялася «кандыдатура», сваякі памерлага не давалі згоды. Або папросту не выклікалі даверу. Нарэшце, было знойдзена цела чалавека, які памёр ад запалення лёгкіх пасля пераахалоджання на моцным марозе. Сваякам далі мінімум звестак: мэта высакародная, нябожчык будзе належна пахаваны, хоць і пад чужым імем. Яны пагадзіліся маўчаць з умовай, што сапраўднага імені ніхто не даведаецца. Для аперацыі выбралі іспанскі горад Уэльву, бо там актыўна дзейнічаў нямецкі агент, які меў сувязь з мясцовымі чыноўнікамі. А вятры, якія дзьмуць з мора ў красавіку, давалі гарантыю, што цела выкіне на бераг. З самалёта «капітана» вырашылі не кідаць: пашкоджанні ад удару маглі быць непраўдападобна моцнымі. Цела транспартавалі да берага падводнай лодкай.
    Фрыц Эрых фон Манштайн
    (фон Лявінскі; 1887–1973), патомны нямецкі вайсковец, нефармальны лідар нямецкага генералітэту. Гітлер стараўся трымаць Манштайна на адлегласці, а ў 1944-м адправіў у адстаўку. Адзін са стваральнікаў сучаснага Бундэсвера. Аўтар кніг «Згубленыя перамогі» і «З жыцця салдата». Першая з іх высока цэніцца спецыялістамі, хоць некаторыя лічаць, што маршал прыхарошыў сітуацыю ў час Курскай бітвы.
    Дуайт Дэвід Эйзенхаўэр
    (1890–1969), нашчадак нямецкага імігранта, генерал арміі (1944), мастак-аматар. Ад лістапада 1942 да кастрычніка 1943 камандаваў сіламі саюзнікаў у Паўночнай Афрыцы, на Сіцыліі і Апенінскім паўвостраве. Кіраваў высадкай у Нармандыі. Ад 1947 быў прэзідэнтам Калумбійскага універсітэта. Выдаў кнігу ўспамінаў «Крыжовы паход у Еўропу» (перакладзена на 22 мовы). У 1953–1961 прэзідэнт ЗША ад Рэспубліканскай партыі.
    Бернард Лоў Мантгомеры
    віконт Мантгомеры Аламейскі (1887–1976), сын англіканскага святара з Уэльса, фельдмаршал (1944). Ад жніўня 1942 камандаваў 8-й брытанскай арміяй у Паўночнай Афрыцы. Атрымаў перамогу пад Эль-Аламейнам, вызваляў Лівію, Сіцылію, камандаваў высадкай у Італіі. Напісаў падручнік па тактыцы (1930) і «Мемуары» (1958).

Анатоль Сідарэвіч

0
не гісторык / Адказаць
27.07.2013 / 10:28
і што ? гэта неяк прыніжае подзвіг тых савецкіх салдат, хто загінуў у гэтай вайне ? Зразумела, што шмат краін змагаліся супраць нацыскай навалы, але і Саюз аддцянушў шмат моцы немцаў, якая магла быць ужыта супраць тых самых краін
0
Троцкае ваяводства / Адказаць
27.07.2013 / 11:03
Лабатамія праз прапаганду. А колькі ўсяго яшчэ схавана..
0
ортодокс / Адказаць
27.07.2013 / 12:10
Хм...Из вышенаписанного значит следует, что немцы в ужасе ломились аж до самого Берлина, потому что союзники в Сицилии все высаживались и высаживались...Впрочем как и всегда...У сьвядомых историков истина где то там и абсолютно не важна...Им лишь бы подальше от "Арды" и ближэй да милай прымилай галубой мячты Яуропы... А для этого все методы хороши- ложь, передергивание, выдергивание фактов и манипулирование ими в своих крысиных метах, в крови...Как всегда и во всем...
Паказаць усе каментары/ 36 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру