27.07.2013 / 13:09

«Каталіцкім шпіёнам» можа быць айцец Уладзіслаў Лазар з Барысава 46

Фота Catholic.by.

Як стала вядома «Нашай Ніве» ад крыніцы ў каталіцкіх колах, «шпіёнам, які праз касцёл быў звязаны з замежжам», можа быць кс. Уладзіслаў Лазар. Паводле нашай інфармацыі, ён быў затрыманы і сядзіць у турме КДБ. Нам пакуль не ўдалося пацвердзіць гэтую інфармацыю ў афіцыйных крыніцах.

Пра затрыманне «здрадніка», які быў «звязаны з замежжам праз касцёл», учора заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ягоная заява прагучала напярэдадні 1025-годдзя хрышчэння Русі. Мы не ведаем, ці ягоныя словы адносіліся да кс. Лазара, ці гаворка была аб некім іншым.

Ксёндз Уладзіслаў Лазар служыў раней у Мар’інай Горцы і Рудзенску. Карыстаўся там вялікай павагай парафіянаў. 14 красавіка дэкрэтам арцыбіскупа Кандрусевіча быў прызначаны адміністратарам з правамі пробашча парафіі Спаслання Духа Святога ў Барысаве. Гэта парафія пры капліцы на могілках у Барысаве. Лазар — грамадзянін Беларусі, вучыўся ў Гродзенскай семінарыі, пасля — у Польшчы.

Акалічнасці справы невядомыя. Перамовамі з уладамі ў гэтым пытанні займаецца арцыбіскуп Гуджэроці. Іерархія не жадае разгалошваць гэтую справу.

Варта адзначыць цікавае супадзенне датаў. Як паведамляюць знаёмыя, ксёндз быў затрыманы два месяцы назад. А трохі больш за месяц назад папа Францішак выказаў сваю сімпатыю тым, «хто пакутуе» ў Беларусі. Гэта прачытвалася як жэст падтрымкі вязням сумлення, у перамовах аб вызваленні якіх пасярэднічала Каталіцкая царква.

Каталіцкія святары, сказаў суразмоўца «Нашай Нівы», успрынялі вестку пра затрыманне калегі як злавесны знак. Як вядома, «за сувязь з замежжам» масава арыштоўвалі ксяндзоў у савецкі час. Фактычна, «сувязь з замежжам» мае любы клерык, бо Каталіцкая царква мае свой цэнтр у Ватыкане.

Святары лічаць арышт калегі альбо помстай касцёлу за ягоную ўвагу да вязняў сумлення ў Беларусі, або, шырэй беручы, за яго незалежнасць. Каталіцкая царква, у адрозненне ад некаторых іншых канфесій, не дапускае кантролю спецслужбаў над сабой і трымае дыстанцыю ад уладаў.

Больш інфармацыі чытайце ў «Нашай Ніве» неўзабаве.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Мікола Бугай

0
Андрэй / Адказаць
27.07.2013 / 13:29
Цікава, што мог паведамляць замежным выведнікам ксёндз з Мар'інай горкі ці Барысава? А сувязь з усходнім замежжам ды праз праваслаўную царкву - не шпіёнства?
0
увага / Адказаць
27.07.2013 / 13:36
спадарства, Каталіцкая Царква - як назва арганізацыі свецкім значэнні пішацца з вялікай літары, з малой царква, касцёл азначае будынак культу!
0
о как / Адказаць
27.07.2013 / 13:40
судить предателя народным судом ))
Паказаць усе каментары/ 46 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру