Партыя БНФ звернецца ў Адміністрацыю прэзідэнта з патрабаваннем правесці грамадскія слуханні па пытанні размяшчэння ў Беларусі расійскай ваеннай базы. Пра гэта было заяўлена 27 ліпеня на пасяджэнні сойма партыі ў Мінску.

«У выпадку адмовы мы будзем ініцыяваць правядзенне нефармальных слуханняў, куды запросім ваенных і экспертаў»,-- сказаў лідар партыі Аляксей Янукевіч.

Таксама Партыя БНФ вырашыла падаваць заяўкі на правядзенне пікетаў з мэтай выказвання пратэсту супраць размяшчэння ў Беларусі расійскай ваеннай базы.

«Нават калі ўлады не дазволяць іх правесці, сам факт звяртання будзе інфармацыйнай нагодай, каб расказаць людзям аб праблеме», — зазначыў Янукевіч.

Як паведамлялася раней, 27 ліпеня Партыя БНФ мела намер правесці каля расійскага пасольства пікет супраць размяшчэння ў Лідзе расійскай ваеннай базы. Аднак Мінгарвыканкам адмовіў у яго правядзенні, матывуючы сваё рашэнне тым, што заяўка не адпавядае заканадаўству аб масавых мерапрыемствах, а таксама незразумела, якія меры будуць прымаць заяўнікі для забеспячэння бяспекі ўдзельнікаў пікета. Апрача таго, у пісьмовым адказе з гарвыканкама зазначаецца, што правядзенне пікета можа стварыць перашкоды пешаходнаму і транспартнаму руху.

На думку Партыі БНФ, размяшчэнне на тэрыторыі краіны расійскіх ваенных баз і аб’ектаў супярэчыць нацыянальным інтарэсам і Канстытуцыі Беларусі, а таксама ставіць пад пагрозу бяспеку кожнага беларуса.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?