Гэта ад удала патрапленай у сэрца швайкі двухгадовы кабан часцей рохкне прыглушана, падае на калені і праз колькі часу ўжо сутаргава ўздрыгваюць яго ногі — бяжыць кабан у свой свінячы рай…

Цяпер свіней не колюць — рэжуць. І гарачая кроў ліецца з разрэзанай шыі, сцякае на зялёную траву. Няма калі гаспадыням рабіць крывянкі і чыніць каўбасы — яшчэ двое падсвінкаў у хлявах замерлі (так, не зусім жа дурныя жывёлы) ў чаканні сваёй чаргі.

Свінні купляліся з тым разлікам, каб нарасло сала на восеньскіх гародах: вунь колькі гарбузоў, бульбы, кукурузы. Не нарасцілі сала — і вострыя лёзы нажоў успорваюць шыі маладых, рухавых падсвінкаў, якіх перапаўняе жыццё, і таму вішчаць яны аглушальна, і доўга-доўга даходзяць. Кідаецца ў бакі галава, і ўсё больш фарбуецца крывяна-трывожным вясёлая зелень надворка.

У кожнага гаспадара свая бяда.
У таго свіння толькі парыскала — будзе сала з кроўю, у другога на тыдні вылегчалі кныра — што там будзе за смак?

Бядуе цётка: свінаматка праз тыдзень павінна парасіцца. Чэрава ледзь не да зямлі, свінні чатыры гады, гэткая добрая: і па 15 парасят прыносіць, і ні воднага не прыдушыць. Ходзіць цётка па сяле, шукае — хто заб’е? Забіць, цётка, не праблема, а як тую свінню смаліць, калі ў чэраве яе парасяты пачнуць адчайна тузацца, і як іх даставаць потым з таго чэрава, нейкага яшчэ і жывога? Не згаджаюцца мужыкі, нават хто і вальнейшы (бо ўсе — нарасхват), адводзяць убок позіркі, шукаюць адгаворкі.

У кожнага — свая бяда. І на ўсіх — адна.

І не ўзнімаюцца вочы гаспадынь на шчодрыя агароды — нічога там не радуе вока. Куды яно нарасло?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?