Ужо 4 жніўня беларускія ВНУ скончаць прыём дакументаў. Здаць цэнтралізаванае тэставанне (ЦТ) сёлета пажадалі каля 118 тысяч чалавек.
Гісторыі пра абітурыентаў, якія намалявалі ў экзаменацыйным бланку рыбку ці караблік ды паступілі ва ўніверсітэт, не давалі спакою, таму тры журналісты «НН» сталі ў шэрагі абітурыентаў і правялі эксперымент. Ці можна трапіць у беларускую ВНУ, нічога не вучыўшы?

Шырокі спектр

Для эксперымента былі выбраныя тры «тройкі» іспытаў, якія даюць найшырэйшыя магчымасці для паступлення. Здаўшы мову, матэматыку і грамадазнаўства можна падаваць дакументы на правазнаўства ці, напрыклад, у Акадэмію МУС (хоць туды неабходна здаць яшчэ і іспыт па фізпадрыхтоўцы).

Сертыфікаты па матэматыцы, фізіцы і мове адкрываюць дарогу для паступлення на безліч тэхнічных спецыяльнасцяў. На некаторыя з іх — як на фізічны ці механіка-матэматычны факультэт БДУ — летась конкурсу зусім не было.

Трэці папулярны кірунак — філалогія і лінгвістыка — патрабуе здачы іспыта па беларускай ці рускай, замежнай мове і гісторыі Беларусі.

Мабыць нехта здаў наўгад, але не мы

Кірыла Хілько: «Я «паступаў» на юрыста. Найбольш мяне цікавіла матэматыка, бо са школьнай праграмы абсалютна нічога не памятаю, і таму выбіраў з дапамогай дзіцячай лічылкі, куды паставіць крыжык. Аднак пра іншыя прадметы таго ж не скажу. Наўрад ці людзі, якія нічога не вучылі, здаюць іспыты па гуманітарных прадметах не гледзячы ў заданні — там не лічбы і формулы, можна прачытаць і паспрабаваць выцягнуць хоць нешта з агульных ведаў.

Таму я вырашыў імітаваць сярэднестатыстычнага невука: на непрыстойна лёгкія заданні па беларускай мове і грамадазнаўстве, якія звычайна месцяцца ў пачатку тэсту, намагаўся адказваць сумленна. А дзе патрабавалася напружвацца і думаць — наўгад.

Вынікі атрымаліся сярэдненькія, аднак для чалавека, які зусім не рыхтаваўся — проста шыкоўныя. Удалося нават угадаць адно заданне з тэсту часткі «В» па матэматыцы, дзе трэба самому ўпісаць слушны адказ, а не паставіць крыжык».

Беларуская мова — 40
Грамадазнаўства — 39
Матэматыка — 11

Сяргей Макарэвіч: «Я вырашыў усё здаваць наўгад, але выпрацаваў адмысловую сістэму. Калі здаваў расійскую мову, падрыхтаваў пяць варыянтаў расстаўлення адзнак у бланку адказаў, якія паўтараліся праз кожныя пяць пытанняў. Дарэчы, расійская мова была самым складаным іспытам, бо адначасова правільнымі маглі быць некалькі варыянтаў адказаў. Аднак усё ж удалося набраць мінімальны бал, з якім ужо можна падаваць дакументы ў ВНУ.

Падчас здачы гісторыі Беларусі я ставіў крыжыкі «лесвіцай»: ад першага да пятага адказу, а потым уверх. І атрымаў нядрэнны вынік у 32 балы. Аднак па англійскай мове з «адваротнай лесвічкай», калі пачынаў з пятага адказу, даходзіў да першага і гэтак далей, змог набраць толькі 16 балаў».

Англійская мова — 16
Расійская мова — 10
Гісторыя Беларусі — 32

Юрась Ускоў: «Здаваць нешта наўгад было сорамна. Таму з беларускай мовай узнікла праблема, якая вырашылася наступным чынам. Я рашыў увесь тэст на чарнавіку, пасля чаго запоўніў бланк да сярэдзіны слушнымі, на мой погляд, адказамі, а рэшту ўжо так, як мне хацелася: дапамагла кніга «Арнаменты народаў свету».

Што да фізікі і матэматыкі, то тут праблем не ўзнікала — задачы аб прыкручаным да столі шарыку, які для нечага раскруцілі і прапануюць нешта вылічыць, заўсёды выклікалі ў мяне неразуменне: самі раскруцілі, самі вылічвайце. Паколькі абодва прадметы вымагаюць толькі па адным адказе на пытанне, давялося адвольна ставіць «птушачкі»».

Беларуская мова — 42
Матэматыка — 10
Фізіка — 11

«Сюрпрыз» ад Мінадукацыі

Для кагосьці напісаць ЦТ паспяхова — значыць набраць не менш за 70—80 балаў. Аднак калі паступленне дзеля «корачкі» і адмысловай падрыхтоўкі да ЦТ не было, паказчыкам паспяховасці можа быць пераадоленне мінімальнага бала.

Сёлета Міністэрства адукацыі, рэагуючы на патрабаванні грамадскасці, значна павялічыла парогавы бал. Цяпер замест мінімальных сямі балаў па ўсіх прадметах абітурыент мусіў набраць мінімум 10 балаў па беларускай ці рускай мове, 15 балаў па фізіцы, матэматыцы, біялогіі ды хіміі, а таксама 20 балаў па іншых прадметах.

Гэта значна сапсавала статыстыку: мінімальны бал сёлета не змаглі пераадолець рэкордныя 40 тысяч абітурыентаў — больш за траціну тых, хто здаваў тэсты.
Летась «няўдачнікаў» было ўсяго 11 тысячаў чалавек (кожны дзявяты абітурыент).

Пакуль спецыялісты ўхваляюць рашэнне аб павелічэнні мінімальнага бала, а ВНУ канстатуюць недабор студэнтаў, «метад тычка» для здачы ЦТ становіцца ўсё менш актуальным. Адна справа набраць 7 балаў, а вось набраць 20 — зусім іншая. Вось і карэспандэнты «НН» увайшлі ў тыя 40 тысячаў гора-абітурыентаў, многія з якіх яшчэ маглі паступіць у мінулым годзе, а ў гэтым не змогуць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?