Не ведаю, ці ладзяць цяпер улады фуршэты для «беларускіх і замежных» журналістаў, але гадоў сем-восем таму на такім фуршэце апынуўся і я.
У нейкі момант галоўны завадатар вечарыны, высокі, ну, вельмі высокі чын, трымаючы ў руках поўны кілішак, вырашыў, так бы мовіць, дэмакратычна чокнуцца з кожным. Заўважыўшы бурбалкі ў маім фужэры, ён запытальна-асуджальна паглядзеў ў вочы… «За рулём», — патлумачыў я. «У нашай краіне толькі адзін чалавек за рулём, — адкрыў таямніцу высокі чын. — І толькі ён можа дазволіць сабе не піць…»
Я вось думаю, згадаўшы сёння гэты мудрагелісты жарт: ці не жартуюць улады з насельніцтвам, калі абяцаюць адбіраць у п’яных кіроўцаў іх шыкоўныя і не вельмі аўто?
Ну, адбяруць у таго-сяго смяротную цацку, наладзяць нават паказальны працэс. І што, скончыцца п’яная вайна на беларускіх дарогах? Вайна, якую дзяржава відавочна прайграла тысячамі згубленых жыццяў.

Няўжо ўлады і сапраўды ўпэўненыя ў тым, што тыя, хто дазваляе сабе ў падпітку садзіцца за руль, так напужаюцца пагрозы згубіць аўто, што права людзей на жыццё паставяць вышэй за свой знішчальны ідыятызм альбо за сваё права моцнага — ці грашыма, ці пасадай, а часцей і тым і другім?

Не забылася яшчэ паскудства, якое ўчынілі супрацоўнікі ДАІ на ўездзе ў «горад-герой-патрыёт» са Слуцкай шашы,
і якое трапіла ў гісторыю пад назвай «жывы шчыт». Добра памятаю, як выбухнуў тады інтэрнэт, як ганьбілі, не тармозячы, удзельнікі інтэрнэт-форумаў усіх без разбору супрацоўнікаў ДАІ. Я не падзяляю такога зневажальнага пафасу. У даішнікаў небяспечная праца, і хаця не ўсе яны выконваюць яе годна, падставай гамузам прыбіваць іх да ганебнага слупа гэта служыць не можа. Як не можа служыць падставай таму і шматгадовая вайна паміж даішнікамі і кіроўцамі, падобная на вайну паляўнічых з ваўкамі. «Беларуская ДАІ выходзіць на паляванне» — загаловак чарговага паведамлення… На жаль, воўчае бязмежжа на дарогах толькі ўзмацняецца, і супрацьпаставіць яму акрамя ўласнай культуры, пільнага вока і прафесійнасці ДАІ, сёння няма чаго.
Іншае пытанне: а ці сапраўды ДАІ займаецца толькі тым, да чаго прызначана?

У 1973 я працаваў у сталічнай ДАІ. Цэлы месяц. Мяняў, так бы мовіць, прафесію. І магу абсалютна дакладна сведчыць: у тыя гады ДАІ значна бліжэй была да свайго прызначэння, чым сёння. Так, яна наскрозь была прасякнута карупцыяй па-савецку, так, і тады ў яе адносінах з кіроўцамі пераважаў казармавы стыль. Але яна займалася сваёй аўтаінспектарскай справай, як таго патрабавала тагачасная інтэнсіўнасць руху. Тым больш, што п’янь на вялікія дарогі не пнулася. А ў цішыні прасёлкаў нейкі райкамаўскі сакратарчык заўсёды быў пад апекай ДАІ.

Карацей кажучы, ДАІ баяліся, але паважалі.

І тое, і іншае пачало знікаць з таго моманту, калі ДАІ спачатку зрабілі прыладай дробных палітычных правакацый, а потым і цалкам увагналі ў сістэму ўтрымання ўлады. Я нават ведаю, калі гэта пачалося — у лістападзе 1988, з разгону памятнага шэсця ў Курапаты. Сярод страшыдлаў у касках, з дручкамі ды газавымі балончыкамі даішнікаў, зразумела, не было. Але замест таго, каб забяспечваць дарожны парадак, яны адсочвалі перамяшчэнне «варожых» аўто, пастаўляючы лухту ў даклады перапужаных партайгеносэ… Дарэчы, я сам трапіў у такі даклад праз распаўсюджаную рэспубліканскім ДАІ плётку пра тое, што збіў жанчыну і збег…

Я не ведаю, чаму вучаць сёння супрацоўнікаў ДАІ, але з перакрыццём вуліц яны спраўляюцца куды больш паспяхова, чым з заторамі. Хто з кіроўцаў не трываў з нарастаючым раздражненнем бяздзейнасць даішнікаў, што паважна месцяцца ўбаку і спакойна назіраюць за тым, як цяжка разыходзіцца чарговы дарожны тромб?! Аднойчы я не вытрымаў, літаральна вымусіў аднаго з іх стаць на скрыжаванні і ўжыць жазло і свісток…

Толькі адно вымушае іх па-сапраўднаму схамянуцца — праезд Самога, таго, хто «дазваляе сабе не піць».

Ёсць усе падставы меркаваць, што гэта адзіная экстрэмальная сітуацыя, калі даішнікі сапраўды ведаюць, што рабіць. Падазраю, што калі б гэты праезд здарыўся ў тую злашчасную нядзелю 2 сакавіка 2008 на Слуцкай шашы, то і рацыі працавалі б, і паток быў бы расчлянёны, і сам ідыёт быў бы спынены… Дапушчаю нават, што ён мог быць спынены з рызыкай для жыцця саміх даішнікаў, а, магчыма, не дай Божа, нават яе цаной…

Але не, у той вечар у Мінск вярталіся звычайныя людзі. А са звычайнымі людзьмі можна рабіць што заўгодна.

У тым ліку пакласці іх пад «танкі з Захаду» ці зрабіць мішэнню разам з расійскімі авіябазамі.

То бок «жывы шчыт».

«Якая нам справа да высокіх ідэалаў дэмакратыі, калі гаворка ідзе пра чалавечае жыццё?!« — усклікаў адзін з фарумчанаў.

Праўда, аднак, у тым, што калі нам насамрэч няма справы да «высокіх ідэалаў дэмакратыі», то і няма аніякай розніцы паміж намі і даішнікамі, што падставілі людзей пад смяротны ўдар.

Паміж намі і п’яным ідыётам, што ўшчэнт разбіў гэты шчыт.

Паміж намі і тым, хто робіць «жывы шчыт» са ўсіх нас.

Бо ўсе мы — чальцы таго грамадства, дзе «высокія ідэалы дэмакратыі» дасюль успрымаюцца як нейкая абстракцыя ў адносінах да чалавечага жыцця.

Не, без «высокіх ідэалаў дэмакратыі» не выблытацца нам з ДТЗ, у якое трапіла краіна пры ўездзе ў сваю найноўшую гісторыю.

Такі вось яе, гісторыі, мудрагелісты жарт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?