31.07.2013 / 17:43

Як студэнты ператварылі суполку Укантакце ў паспяховы бізнес-праект: паблік «Іншы Мінск» 10

Новыя камунікацыі ў інтэрнэце — г.зв. «паблікі» ў сацыяльных сетках — упэўнена набіраюць абароты.

Паблік — тэматычная старонка, на якой выкладваюцца навіны па той ці іншай тэме: ад фотаздымкаў хатніх жывёл да апошніх навінаў у свеце.
Паблікі сталі адначасова прыкладам сучаснай інтэрнэт-культуры і новым відам СМІ, чыя папулярнасць часам пераўзыходзіць наведвальнасць класічных навінных сайтаў.

«Наша Ніва» сустрэлася са стваральнікамі найпапулярнейшага беларускага пабліка «Іншы Мінск», што знаходзіцца ў сацыяльнай сетцы Укантакце і мае 75 тысяч падпісчыкаў, каб паразмаўляць пра новы від інтэрнэт-бізнесу, параўнаць аўдыторыю Укантакце і ў Фэйсбука, а таксама даведацца, як мастацкія фотаздымкі Мінска пераўзышлі па папулярнасці іншыя паблікі.

Мы сустракаемся ля аднаго з цэнтральных мінскіх офісных будынкаў — менавіта тут цяпер месціцца кіраўніцтва пабліка «Іншы Мінск», кампанія UFOX-media.

Мае суразмоўцы просяць назваць іх у тэксце «проста Сяргей і Аляксей» і не жадаюць фатаграфавацца.
Цяпер яны занятыя пераездам у іншы будынак. «Ніякая ананімнасці тут няма асаблівай, — запэўніваюць яны, тым не менш. — Мы не хаваемся, вось зараз хочам, каб мастакі нам сцяну ў новым офісе аформілі — калі прачытаюць, хай звяртаюцца».
«Раней мы займалі 17 квадратных метраў, цяпер будзе 51».
— усміхаецца Сяргей, апрануты ў касцюм хлопец у дымчатых акулярах і з «макбукам». Яго калега Аляксей выглядае па-іншаму — на ім майка і джынсы.

З першага погляду цяжка сказаць, што гэтыя людзі партнёры па бізнэсе.

«У нас некалькі паблікаў. Самы буйны з іх „Іншы Мінск“, але ёсць яшчэ „Miнск One Love“ для аматараў тонкага гумару, і „Мінск, якога няма“ — там збіраюцца фотаздымкі горада, якім яго не ўбачыш»,
— тлумачыць Сяргей.

«Наша Ніва»: Як стварыўся «Іншы Мінск»?

Сяргей: Гэта адбылося спантанна, з’явілася ідэя. Спачатку гэта была абсалютна некамерцыйная ініцыятыва. Захацелася стварыць паблік з фота горада. У выніку за першыя ж дні да яго далучыліся тысячы людзей, проста аналагаў у інтэрнэт-прасторы не было, не было канкурэнцыі.

НН: А ці адразу гэта было задумана як камерцыйны праект?

Аляксей: Не, проста хацелася есці. То бок, калі ты траціш па восемь гадзінаў на мадэраванне старонкі, падбор фотаздымкаў, працу з каментарамі — гэта няпроста. Таму хочацца мець і нейкія выгоды з працы. Да таго ж беларускі рынак СМІ мае патрэбу ў трафіку ў інтэрнэце, «Укантакце» прапануе рэкламу, але яна дарагая. Таму рэклама ў пабліках — добры варыянт.

Сяргей: Тым не менш, мы адмовіліся ад аднаразовай рэкламы. Зараз працуем толькі блокамі — цягам трох дзён рэкламуем той ці іншы тавар. Аднак і ад гэтага спадзяемся адмовіцца — каму прыемна бачыць увесь гэты спам у навіннай стужцы. Заходзіш у сацыяльную сетку — а там суцэльныя сушы і кока-колы розныя. Таму цікавей працаваць з брэндамі, якія ўмеюць рабіць ненавязлівую, а то і схаваную рэкламу.

НН: Якой вы бачыце сваю мэтавую аўдыторыю?

Аляксей: Калі мы пачыналі, то нават і не ўяўлялі аўдыторыі. Цяпер жа можам сказаць, што

75% нашай аўдыторыі — моладзь ад 18 да 27 гадоў.

Сяргей: Да таго ж на наш паблік актыўна прыходзяць замежнікі — з Англіі, Амерыкі. Іх пачынае цікавіць Мінск, пішуць па-англійску, маўляў «у вас крутая сталіца», ці «а я тут быў» — цікавасць з-за мяжы ёсць.

НН: А асноўная праблема?

Сяргей: «Хопіць фатаграфаваць Нямігу». Мы нядаўна для цікавасці прагарталі ўсе запісы да верасня 2012 года. І нават ужо тады нам пісалі: «Хопіць посціць Нямігу». Але ж гэта гістарычны цэнтр, нічога ёй не паробіш. У нас нават правіла, як пішуць чытачы, з’явілася — усё, што знаходзіцца ад Нямігі ў радыусе аднаго кіламетра, лічыцца Нямігай.

Аляксей:

І, канечне, ж класічнае «панылае фота», «ніколі больш такога не друкуйце, не трэба». Мы прыслухоўваемся да чытачоў.

НН: Колькі разоў на дзень адбываюцца абнаўленні?

Сяргей: Штодня ля 30 пастоў. Чытачы дасылаюць у дзень па 40–50 здымкаў, з іх адбіраюцца 5–10, астатнія мы бярэм у іншых крыніцах з пазнакай аўтарства.

НН: Ці ўсплывае тэма палітыкі ў каментарах, што здараецца бадай што на ўсіх беларускіх форумах?

Сяргей: Наша тэматыка не прадугледжвае. У нас часцей фатографы пішуць, што «гарызонт завалены», ці абмяркоўваюць фільтры фаташопа. Праскокваюць і палітычныя каментары — людзі розныя. У нас галоўнае каб не мацюкаліся і не абражалі адзін аднога, а хочуць размаўляць — хай размаўляюць.

НН: Ці не думалі вы хапіць іншыя сацыяльныя сеткі, напрыклад Facebook?

Аляксей: У нас ёсць такая самая суполка ў Фэйсбуку, але там зусім іншая аўдыторыя. І яе, па шчырасці, мала. У Фэйсбуку сядзяць больш сталыя людзі — вось нават як Сяргей, якія могуць зайсці ў інтэрнэт раз на дзень, там прачытаць навіны, адправіць паведамленні, а астатні час яны праводзяць не ў інтэрнэце. «Укантакце» больш моладзевая сетка, тут увесь час нешта здабываецца, змяняецца, людзі тут завісаюць суткамі. Як мне падаецца, інтэрфэйс Укантакце славянскім народам бліжэйшы (смяецца) — у Фэйсбуку зразумей яшчэ, што куды націскаць трэба.

НН: На вашу думку, ці 75 тысяч карыстальнікаў гэта ўжо мяжа?

Сяргей: Не, ўсё яшчэ наперадзе — нашая аўдыторыя гэта мінчукі, у Мінску жыве два мільёны чалавек, па самых сціплых падліках дзесяць працэнтаў з іх карыстаецца сацсеткамі. Вось гэтыя людзі і ёсць наша аўдыторыя. Штодня да нас далучаецца 100–200 чалавек. За гісторыю пабліка не было ніводнага спаду наведвальнасці. А падчас Хаўера, напрыклад, былі нейкія шалёныя паказчыкі наведвальнасці — мы першымі размяшчалі фота, іх было шмат, людзі ішлі да нас чытаць навіны.

НН: Ці не здаецца вам, што паблікі паступова могуць пераўтварыцца ў аналаг СМІ?

Аляксей: Гэты працэс ужо ідзе. Шматлікія рэсурсы пераходзяць у сацыяльныя сеткі. Ці наадварот, перад тым, як запусціць нейкі сайт, людзі спачатку ствараюць вось такія паблікі, і адтуль аўдыторыя пасля ідзе на сайт.

Сяргей: Гэта карысна і для дзеючых СМІ. Напрыклад, газета «Наша Ніва», якая мае сваю ідэалогію, магла б стварыць свой паблік, і чытачоў было б шмат. Адзінае, што з сайтам і з паблікам трэба працаваць па-рознаму, адзін і той самы тэкст не падыдзе.

НН: Ці не думалі вы стварыць беларускамоўны аналаг «Іншага Мінска»?

Сяргей: У «Іншым Мінску» прысутнічаюць дзве мовы. У нас ёсць галіны для беларускамоўных карыстальнікаў, вельмі прыемна, калі людзі пішуць па-беларуску без памылак, прыгожа — мы гэта толькі вітаем. Дасылаюць нам фота з беларускім — подпісам, так і паставім. Гэта як вішня на марозіве — робіць паблік прыгажэйшым. Але рабіць адмысловую версію — не мае сэнсу.

НН: Колькі чалавек трэба для працы пабліка?

Аляксей:

Нас чацвёра працуе — адзін рэдактар, два мадэратары і адміністратар. У Расіі шмат паблікаў-«мільённікаў», там меней чым пяць чалавек у камандзе не бывае.

НН: Ці можна жыць на сродкі ад пабліка?

Сяргей: Так. У нас паралельна працуе рэкламная кампанія, мы спалучаем хобі і працу, што тут можа быць лепей. Нам не трэба ісці кудысьці да 9-й ранку і там працаваць.

Гутарыў Юрась Ускоў

0
monoeki / Адказаць
31.07.2013 / 19:49
Было бы неплохо добавить ссылку на «Другой Минск»
0
567 / Адказаць
31.07.2013 / 23:37
Заходзіце-прапісваеце "Другой Минск" і ўсё)
0
алесь / Адказаць
31.07.2013 / 23:44
"а то і схаваную рэкламу" а ці будзе гэта добра? схаваная рэклама не камільфо
Паказаць усе каментары/ 10 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру