Магілёўскі гарвыканкам адмовіў мясцовым праваабаронцам у правядзенні пікета з патрабаваннем вызваліць Алеся Бяляцкага і іншых палітвязняў.

Нагадаем, 19 ліпеня магілёўскія праваабаронцы Барыс Бухель і Аляксей Колчын падалі ў гарвыканкам заяўку на правядзенне 4 жніўня пікета з патрабаваннем вызваліць Бяляцкага і іншых палітвязняў у цэнтры горада па вуліцы Першамайскай каля дома № 31, названага «Кітайскай сцяной».

Як гаворыцца ў адказе за подпісам кіраўніка справамі Магілёўскага гарвыканкама Ігара Аўсеенкі, паводле рашэння гарадскіх улад, месцам правядзення пікетаў, мітынгаў і сходаў, арганізатарамі якіх выступаюць палітычныя партыі, грамадскія аб’яднанні, прафсаюзныя арганізацыі, грамадзяне, вызначана пляцоўка каля дома № 64в па вуліцы Чалюскінцаў, якая знаходзіцца ў аддаленні ад людскіх патокаў.

Паколькі праваабаронцы ўказалі іншае месца акцыі, «дазволіць правядзенне пікета 4 жніўня не ўяўляецца магчымым».

«Лічым, што адмова незаконная і парушае нашы правы. Будзем абскарджваць яго, а таксама рашэнне гарвыканкама, на якое яны спасылаюцца, у судзе, а затым у Камітэце ААН па правах чалавека», — заявіў Барыс Бухель.

Як раней паведамлялася, у красавіку начальнік аддзела ідэалагічнай працы Магілёўскага гарвыканкама Ала Галушка заявіла БелаПАН, што ў цэнтры горада ўсе мерапрыемствы праводзяцца толькі пад эгідай гарвыканкама.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?