Супрацоўнікі міліцыі 1 жніўня затрымалі Дзмітрыя Кірылюка, які ўцёк з драгічынскага ізалятара часовага ўтрымання.

Як паведаміла вядучы спецыяліст аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Брэсцкага аблвыканкама Ірына Блахіна, уцекача знайшлі і затрымалі ў вёсцы Гарадзец Кобрынскага раёна.

«22-гадовы Кірылюк, які падазраецца ва ўчыненні крадзяжу, быў змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання Драгічынскага РАУС 19 ліпеня, — паведаміла Блахіна. — 21 ліпеня ён уцёк з ІЧУ і быў аб’яўлены ў вышук. У пошуку былі задзейнічаныя супрацоўнікі міліцыі і ваеннаслужачыя».

Драгічынскім раённым аддзелам Следчага камітэта 22 ліпеня распачата справа па ч. 1 арт. 413 КК (уцёкі з папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, арыштнага дома ці з-пад варты).

Паводле слоў Блахіной, раней гэты грамадзянін быў шэсць разоў судзімы,
у тым ліку за ўгон транспартнага сродку і крадзяжы. У гэты час Кірылюк змешчаны ў ІЧУ Кобрынскага РАУС. Ён жыхар вёскі Зёлава Драгічынскага раёна.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?