Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў, здаецца, паставіў кропку ў дыскусіі пра магчымае вяртаньне ядзернай зброі на тэрыторыю Беларусі. Ці не?

Нагадаю, што 27 жніўня агенцтва «Інтэрфакс» распаўсюдзіла інтэрвію з паслом РФ у Беларусі Аляксандрам Сурыкавым. Большая частка гутаркі была прысьвечана розным прэтэнзіям расейскага боку да афіцыйнага Менску. Дыплямат згадаў нават пра цукеркі, якія таксама сталі нагодай для канфлікту. І потым — раптам, нібыта выпадкова — згадаў пра тое, што ў адказ на «агрэсіўныя пляны блёку НАТО» магчымае зьяўленьне ў Беларусі «аб’ектаў, якія маюць дачыненьне да ядзернай зброі».

Вэрхал, які ўзьняўся пасьля гэтага, дакаціўся ажно да Вашынгтона, афіцыйныя прадстаўнікі якога выказалі зьдзіўленьне ў сувязі з заявамі расейскага пасла. Літаральна на наступны дзень Сурыкаў спрабаваў патлумачыць, што яго недакладна зразумелі. А 3 верасьня міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў наогул выключыў магчымасьць вяртаньня ядзернай зброі ў Беларусь.

Дык што гэта было? Выпадковая недарэчнасьць з боку пасла? Наўрад ці: Сурыкаў, хоць і не зьяўляецца кадравым дыпляматам, але добра ведае, дзе што трэба і што ня трэба гаварыць.

Таму паспрабуем разгледзець варыянты, каб зразумець, хто стаіць за гэтай гісторыяй. І галоўнае — чаго варта чакаць далей?

Першая вэрсія, якая зьявілася ледзь не адначасова з заявамі Сурыкава, палягае ў тым, што гэта — свайго роду «пробны шар». Маскве нібыта карцела высьветліць, як адрэагуе Захад на такія захады. Таму агучыць правакацыйны тэзіс было даручана асобе ня надта высокага рангу, каб потым адхрысьціцца, спаслаўшыся на недасканаласьць выканаўцы.

Аднак гэты варыянт відавочна кульгае. Рэакцыя Захаду на такія рэчы ня мела варыянтаў. Немагчыма ўявіць сабе, каб сьвет спакойна паставіўся да парушэньня базавай міжнароднай дамовы пра нераспаўсюджаньне ядзернай зброі.

Больш верагоднай выглядае думка пра тое, што Масква папросту вырашыла чарговы раз пабразгаць зброяй, каб нагадаць пра сябе як пра буйнога гульца. Гэта цалкам у рэчышчы цяперашняй зьнешнепалітычнай лініі Крамля. Таму выключаць такое тлумачэньне не даводзіцца.

У зьвязку з гэтым паўстае пытаньне: ці можна лічыць абвяржэньне Лаўрова «канчатковым і непахісным», хаця б на бліжэйшую будучыню? Адказ, на жаль, будзе адмоўны. У Расеі за ўладу змагаюцца два кланы. Адзін выказвае інтарэсы ВПК, другі — у большай ступені цывільнай намэнклятуры. Калі пасьля выбараў у Расеі прэзыдэнцкае крэсла зойме прадстаўнік першага, зьнешняя палітыка Крамля зробіцца яшчэ больш агрэсіўнай. І тады варыянт зь вяртаньнем ядзернай зброі ў Беларусь ужо ня будзе «гіпатэтычным». Ідэолягі клану ВПК (напрыклад, сумна вядомы генэрал Леанід Івашоў) ужо цяпер абгрунтавалі неабходнасьць гэтага, камэнтуючы заяву Сурыкава.

Але гэта ўсё — толькі пэрспэктывы. А сёньня ад усёй гэтай гісторыі выгаду атрымаў толькі адзін чалавек. Аляксандар Лукашэнка.

Ад усёй гэтай гісторыі выгаду атрымаў толькі адзін чалавек. Аляксандар Лукашэнка

Шмат хто зьвярнуў увагу на тое, што кіраўнік Беларусі ніяк не засьведчыў сваю пазыцыю ў гэтым пытаньні. Можна было чакаць, што Лукашэнка горача падтрымае ідэю вяртаньня зброі, бо ён неаднаразова публічна шкадаваў з нагоды вываду ядзерных ракет з нашай краіны. Можна было чакаць, што з улікам зьмяненьня зьнешнепалітычнай сытуацыі Лукашэнка выкажа абурэньне з нагоды заяваў Сурыкава й адрыне такую магчымасьць наогул.

Але па стане на тую хвіліну, калі я пішу гэты артыкул, Лукашэнка ніяк не акрэсьліў сваю пазыцыю. Хоць часу ўжо з моманту інтэрвію пасла мінула досыць — больш за тыдзень.

Дзякуючы Сурыкаву, Лукашэнка атрымаў (фактычна з паветра) козыр у гандлі з Захадам. На сьцяну павесілі стрэльбу, якая, паводле законаў жанру, можа стрэліць у любы момант. Здалёк, праўда, выглядае, што стрэльба — драўляная падробка. Аднак правяраць на ўласнай практыцы ахвочых няшмат. Таму на ўсялякі выпадак усе сыходзяць з таго, што стрэльба — сапраўдная.

У выніку афіцыйны Менск, калі адкінуць дыпляматычныя фармулёўкі, можа шантажаваць Захад: маўляў, калі вы й далей будзеце ставіцца да нас непрыхільна, мы ня тое, што пусьцім да сябе расейскія ракеты, але яшчэ на мяжы сустрэнем іх хлебам‑сольлю.

Таму цікава: ці Лукашэнку папросту чарговы раз пашчасьціла, ці гэтая сытуацыя ёсьць вынікам нейкай мудрагелістай палітычнай амяркацыі? Аднак дакладна пра гэта мы калі й даведаемся, то ня хутка.

Валер Філін, Газэта «Свабода»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0