Спецдакладчык па сітуацыі ў Беларусі Савета ААН па правах чалавека Міклаш Харашці заклікаў беларускі ўрад вызваліць Алеся Бяляцкага і спыніць пераслед праваабаронцаў.
Як паведамляе сайт spring96.org, Харашці заклікае «тэрмінова і безумоўна» вызваліць і рэабілітаваць Бяляцкага. «Зняволенне Бяляцкага з’яўляецца сімвалам рэпрэсій супраць праваабаронцаў», — падкрэслівае ён. «Бяляцкі — праваабаронца, якога паважаюць ва ўсім свеце, яго дзейнасць па абароне правоў чалавека добра вядомая і шырока прызнаная», — заявіў Харашці.
Ён адзначае, што Бяляцкі, «як і многія іншыя праваабаронцы ў Беларусі, не мог займацца легальнай і бесперашкоднай працайз-за адмовы беларускіх улад у рэгістрацыі яго арганізацыі».
Харашці заклікаў урад Беларусі прызнаць праваабарончыя арганізацыі краіны і пачаць супрацоўніцтва з імі для таго, каб стварыць «незалежную нацыянальную ўстанову па правах чалавека, як таго патрабуюць абавязацельствы краіны ў межах дагавораў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый».
Харашці спасылаецца на меркаванне Камітэта па правах чалавека ААН пра тое, што ліквідацыя «Вясны» з’яўляецца парушэннем свабоды аб’яднанняў, гарантаванай Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Акрамя таго, ён адзначыў, што Савет па правах чалавека ААН аднагалосна заявіў, што ніякі закон не можа ўводзіць крымінальную адказнасць ці пазбаўляць легітымнасці дзейнасць па абароне правоў чалавека ў сувязі з крыніцамі яе фінансавання.
«Затрыманне Бяляцкага — відавочны вынік яго працы ў адпаведнасці з міжнародным правам у галіне правоў чалавека, — лічыць Харашці.— Дзейнасць па пошуку сродкаў, якой займаўся Бяляцкі для таго, каб забяспечыць само існаванне „Вясны“, а таксама працяг яе дзейнасці, праводзілася ў адпаведнасці з міжнародным правам у галіне правоў чалавека».
Харашці заклікае ўрад Беларусі забяспечыць Бяляцкаму «ў перыяд да яго вызвалення доступ да любой медыцынскай дапамогі, якая яму можа спатрэбіцца, і гарантаваць, што ўмовы ўтрымання ў турме не ўплываюць на яго здароўе, а таксама што Алесь Бяляцкі мае поўныя правы на спатканні і прыватную перапіску».
Нагадаем, Харашці афіцыйна пачаў выконваць свае функцыі спецдакладчыка 1 лістапада 2012 года. Яго мандат быў прадоўжаны яшчэ на год у чэрвені 2013 года. 11–14 ліпеня Харашці, які так і не дачакаўся дазволу беларускіх улад наведаць Беларусь, сустрэўся з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці ў Вільні.
***