Такая кватэра, як у Чыжа, ужо не прадаецца. Але каштуе $900 тысяч.

Такая кватэра, як у Чыжа, ужо не прадаецца. Але каштуе $900 тысяч.

Нераспрададзена некалькі дзясяткаў кватэр

Нераспрададзена некалькі дзясяткаў кватэр

Спатканне на даху ў загазаваным цэнтры - ці рамантыка?

Спатканне на даху ў загазаваным цэнтры - ці рамантыка?

"Ля Траецкага" бачнае ледзь не з любога кута цэнтра сталіцы.

"Ля Траецкага" бачнае ледзь не з любога кута цэнтра сталіцы.

Траецкае прадмесце аказалася заціснутай новым домам.

Траецкае прадмесце аказалася заціснутай новым домам.

Прыкладны план пяціпакаўёкі.

Прыкладны план пяціпакаўёкі.

Архітэктурнымі сімваламі Мінска 2000-х сталі спрэчная, пампезная Нацыянальная бібліятэка і «Мінск-Арэна», якая была аднагалосна ўхваленая экспертамі.

Самы значны праект пачатку 2010-х — «дом Чыжа» на набярэжнай Свіслачы — выклікае ў людзей аднолькавыя пачуцці. Класік беларускай архітэктуры Леанід Левін лічыць яго безгустоўнай гаргарай, якая разбурае ансамбль цэнтра сталіцы.

Прафесар Сяргей Сергачоў назваў будынак «драмай нашай архітэктуры».

«Мне ён таксама не вельмі падабаецца», — прызнаўся Аляксандр Лукашэнка, які штодня бачыць «дом Чыжа» па дарозе ў рэзідэнцыю.

«Не выключаю: у будучым будзе ўзнята пытанне пра дэмантаж гэтага будынка праз грубае зневажанне гісторыка-культурнай спадчыны», — прадракае кіраўнік таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.

Самыя дарагія кватэры Беларусі

Пакуль мінчукі прыгаломшана глядзяць на 23-павярховы гмах, што навіс над Траецкім прадмесцем, кампанія «Трайпл» мільянера Юрыя Чыжа распрадае апошнія кватэры ў доме. Цана самая высокая ў горадзе — $3 тысячы за квадратны метр. Але на другасным рынку гэтае жыллё прадаецца ўжо па $4 тысячы за метр.

Найменшая па памеры кватэра — аднапакаёўка плошчай каля 65 м2. Яе цана складае $200 тысяч.
Беларусу з сярэднім заробкам, каб прыдбаць такое жыллё (мінімальнае ў доме!) трэба збіраць грошы на працягу 32 гадоў, не патраціўшы ні рубля. Цана даражэйшых кватэр тым часам дасягае мільёна даляраў. Гэта за голыя сцены. І нават за адсутнасць сценаў — у кватэрах свабодная планіроўка.
За кошт чаго ідзе такая нацэнка? Старажоўка лічылася элітным раёнам яшчэ за савецкімі часамі. Жыллё ў цэнтры горада, з відам на набярэжную Свіслачы…
Абы-хто кватэры тут не атрымліваў. Апроч наменклатуры, саветы сялілі тут інтэлігенцыю. Жыллё ў «Доме над Свіслаччу» займелі былы рэктар БДУ Аляксандр Казулін, рэктар БДЭУ Уладзімір Шымаў, пісьменніца Святлана Алексіевіч. Тут здарылася трагедыя Яўгеніі Янішчыц.
Лукашэнкаўскі час спарадзіў новых герояў. Тры кватэры былі запісаныя на сваякоў праваслаўнага святара Фёдара Поўнага.

Побач з «Домам над Свіслаччу», фактычна ўпрытык, «Трайпл» вырашыў будаваць свой гмах «Ля Траецкага». Нягледзячы на пратэсты мясцовых жыхароў, ушчыльненне пачалося ў 2008. Цяпер будаўнічыя працы скончыліся, у кватэрах робяць аздабленне.

Па словах прадстаўнікоў «Трайпла», кожная кватэра падключаная да сістэмы «разумны дом». Пад’езды нашпігаваныя найноўшай тэхнікай.
Напрыклад, праз інтэрнэт гаспадар можа ўбачыць, хто пазваніў яму па дамафоне. Калі прарве трубу, камп’ютар аўтаматычна перакрые ваду. Сістэму вентыляцыі можна настроіць такім чынам, каб кватэра «падагрэлася» да прыходу гаспадара. Усё гэта, вядома ж, незадарма.
Камунальныя плацяжы складаюць каля 6000 рублёў за квадратны метр плюс плата непасрэдна за ваду і святло.
У выніку за сярэднюю трохпакаёўку за месяц набягае больш за 2 мільёны рублёў.

Падазроная гендарная роўнасць

Кім трэба працаваць, каб мець магчымасць набыць кватэру за паўмільёна даляраў ці нават за мільён? «Наша Ніва» прааналізавала спіс уласнікаў 125 кватэр самага дарагога дома краіны (спіс атрыманы з адкрытых крыніц).

Каб не парушаць таямніцы прыватнага жыцця, мы называем імёны толькі тых жыльцоў, якія з’яўляюцца публічнымі асобамі.

Высветлілася, што яшчэ з паўсотні кватэр не прададзена, астатняе жыллё набылі юрыдычныя асобы. Нешта пакінуў сабе і «Трайпл». Адну з кватэр, напрыклад, выдзелілі на некалькі месяцаў расійскаму футбалісту Дзмітрыю Сычову, якога ўзяло ў арэнду мінскае «Дынама» Юрыя Чыжа. Спіс непрададзеных кватэр, дарэчы, даступны на прыгожым інтэрактыўным сайце забудоўшчыка. Тамсама можна азнаёміцца і з планіроўкамі.

Першае, што кідаецца ў вочы — гэта гендарны баланс. Палову ўласнікаў кватэраў складаюць жанчыны.
Прапорцыя вельмі дзіўная, бо, напрыклад, у рэйтынгу самых паспяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў Беларусі ў першай сотні чалавек усяго тры жанчыны. Адна з іх, Ірына Саборава (уласніца холдынгу «Белсувязьэнергаашчаджэнне»), дарэчы, набыла кватэру «Ля Траецкага».

Дзясяткі іншых жанчынаў-гаспадыняў ніякім чынам не дэманстравалі грамадству свае поспехі. Іх няма ў базах бізнэс-уласнікаў, не ўзгадваюцца яны і ў інтэрнэце. Складваецца ўражанне, што гэта фармальныя ўласнікі чужога ці, прынамсі, мужавага ці сынавага дарагога жылля.

Папулярнасць сярод замежнікаў

Кватэры набылі шматлікія расійскія бізнэсоўцы. Навасібірскі імпарцёр тэхнікі, вытворца глюкометраў, дырэктарка маскоўскага агенцтва нерухомасці…

«Дом Чыжа» карыстаўся попытам і ў выхадцаў далёкага замежжа, якія цяпер робяць бізнэс у нашай краіне.
Гэта іранец Джамшыд Аміназад, які заснаваў будаўнічую кампанію ў Брэсце, дылер БелАЗа ў Кыргызстане і Узбекістане Грант Аганянц, прэзідэнт Асацыяцыі портаў Чорнага і Азоўскага мораў Сааб Роні ды шматлікія арабы і туркі.

Выкладчыца-мільянерка

Нарэшце, хто з беларусаў набыў самыя прэстыжныя кватэры горада? У спісе былы дырэктар сталічнай турфірмы «АлатанТур» Аляксандр Няхай, які цяпер валодае рэстаранам «Таварыш». Гэта дырэктар футбольнага клуба «Белшына» Алег Гушча. Гэта дырэктарка кампаніі «НТС», якая валодае сеткай прадуктовых крамаў «Родная Старонка», Марына Грышчанка.

Сярод рэдкіх прафесій — выкладчыца эканомікі ў Акадэміі кіравання Алена Дадзеркіна, а таксама двухразовая алімпійская медалістка па гімнастыцы Ксенія Санковіч.

Топ-стылістка Марына Херндлхофер і бізнэсовец Рудольф Херндлхофер узялі ажно тры кватэры.

Лукашэнкаўская зборная па хакеі прадстаўленая адразу двума гульцамі. Гэта былы прафесіянал Сяргей Шыткоўскі, а таксама Вадзім Салей, брат славутага хакеіста Руслана Салея, які загінуў у авіякатастрофе, — дырэктар завода эфектыўных прамысловых канструкцый.

Кватэру прыдбала і маладая бізнэс-лэдзі Вікторыя Авяр’янава — дачка ўласніка сталічных будаўнічых рынкаў і парку адпачынку «Дрымлэнд».

Нічыйныя пентхаусы

Каму ж дасталіся самыя прэстыжныя кватэры на верхніх паверхах? Сярод жыльцоў тут ёсць, напрыклад, Ірына Данская — памятаеце рэкламу пра доктарак Данскіх, якія дапамогуць пазбавіцца ад п’янства, лішняй вагі і курэння?

Як вынікае з нумарацыі кватэр, прыведзенай на сайце забудоўшчыка, два двухузроўневыя васьміпакаёвыя пэнтхаусы — гэта кватэры, якія выкупіла загадкавая інвестыцыйная кампанія. Квартплата ўлетку тут складае больш за 4 мільёны рублёў!

На паверх ніжэй жыве сузаснавальнік аўтамабільнага холдынгу «Яравіт» Эрнэст Аляксееў, чыя кампанія знаходзіцца ў суседнім доме. Гэта той самы бізнэсоўца, які, пішуць, быў за стырном шыкоўнага «Бэнтлі», што нядаўна згарэў каля аэрапорта «Мінск-2».
А зусім побач ад яго — сам гаспадар дома. Кватэра плошчай больш за 300 м2 перапісаная на ягоную жонку, дырэктарку фітнэс-цэнтра Evo — Святлану Чыж.
    Шматмільённая квартплата
    Тэхнічнае абслугоўванне «разумнага дома» каштуе каля 6000 за м2. У васьміпакаёвых пентхаусах квартплата ўлетку даходзіць да 4 мільёнаў рублёў.
    Без аўкцыёну
    Дом «Ля Траецкага» стаў паспяховым бізнэс-праектам Юрыя Чыжа. Участак пад забудову коштам у дзясяткі мільёнаў даляраў ён атрымаў спецыяльным указам Аляксандра Лукашэнкі, без аніякага аўкцыёну. Узамен Чыж абавязаўся да канца 2011 пабудаваць лядовую арэну ў студэнцкім гарадку. Сёлета коўзанку нарэшце дабудавалі.
    Геній ці варвар?
    Адным з праекціроўшчыкаў дома па адрасе Старажоўская, 8, вядомага як «Панарама», быў Алег Ладкін. Яго ж паклікалі ствараць і суседні «дом Чыжа»
    Анекдот
    Чым добра жыць у «доме Чыжа»? Гэта адзінае месца ў Мінску, з вокнаў якога не бачна «дома Чыжа»!
    Юрый Чыж. Самы багаты бізнэсовец Беларусі. Нарадзіўся ў 1963 у вёсцы Сабалі Бярозаўскага раёна. Закончыў БНТУ. Уласнік рознагаліновай бізнэс-імперыі «Трайпл», мае інтарэсы ў нафтавым сектары, нерухомасці, гандлі, вытворчасці будматэрыялаў, грамадскім харчаванні, турызме, спорце, сельскай гаспадарцы. Трапіў пад санкцыі Еўрасаюза як «кашалёк Лукашэнкі».

* * *

Чытай таксама:

Царскае сяло Дразды: хто ў ім жыве?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?