У мяне няма мабільнага тэлефона і студыі.

Бог даў мне мелодыю — ад таты, ад мамы. І калі мелодыя ёсць, камп’ютар жа нармальную мелодыю не створыць, у ім няма жыцця.

Мне заўсёды было добра ў Мар’інай Горцы, каля рэчкі Цітаўкі. Мне падабаецца пакупацца, схадзіць у лес.

Калі да мяне прыходзіць настальгія, я проста збіраюся і еду ў Мар’іну Горку. І песні там пішу лірычныя: «Алеся», «Вераніка», «Зачараваная мая».

Найбольш цаню ў людзях прыстойнасць і талент.

Сапраўдны кампазітар — той, хто можа напісаць і эстрадную песню, і сімфонію.

У цяперашні час талентам вельмі складана. Ім заўсёды было складана, а цяпер асабліва, бо рынак, грошы.

Тата ў мяне граў на скрыпцы ў трупе Уладзіслава Галабка. Але нотаў не ведаў. Ён быў доктарам, франтавіком. Я нарадзіўся ў Мінску, але пачатак вайны сустрэў у Магілёве, у эвакуацыі.

Мама родам з Бабруйска. З каталіцкай, шляхецкай сям’і. А тата быў з сялян. Мама вельмі любіла вальсы Штраўса, а тата — «Паланэз» Агінскага. Яны абое хацелі, каб я стаў музыкантам.

Самы сучасны кампазітар — гэта Бах.

Для мяне Чэ Гевара — гэта правадыр. І я чэгеваравец. А для некаторых людзей ён тэрарыст.

Я нарадзіўся ў 1938. Страшны час. Арышты, рэпрэсіі.

У мяне была клінічная смерць. На тым свеце мне нават спадабалася. Запомніў фосфар, калідор, вяртанне.

Уладзімір Мулявін — гэта самародак.

Мне вельмі прыемна было працаваць з Віктарам Вуячычам. З Кабзонам — зразумела. З Мулявіным.

Я аднойчы начаваў на лецішчы Максіма Танка на Нарачы. Максім Танк — гэта была асоба!

Канечне, я многім абавязаны Пятру Машэраву.

Я старшыня Саюзу кампазітараў ужо больш за 30 гадоў. Мяне Машэраў прызначыў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?