Памятаю, як я аслупянеў, калі спадар Зіма проста і без эмоцыяў паказаў на адзін з дамоў і сказаў, што тут, на другім паверсе, была друкарня Скарыны…

Прайшло шмат гадоў, няма ўжо на свеце Міласлава Зімы, а я ўсё не магу суняць хвалявання, калі падыходжу да гэтага дома або прыводжу туды гасцей і сяброў. І яшчэ больш хвалявання прыносіць думка, што Скарына бачыў амаль усе навакольныя дамы, храмы і вулкі, бо яны тады ўжо былі.

Сам дом, дзе была друкарня, пабудаваны ў 1371 годзе. За сваю доўгую гісторыю ён змяніў не менш за пяць назваў (такая ў чэхаў традыцыя — даваць дамам назвы). Са страчаных мне найбольш падабаецца «U Zlatého pelikána». Але да ХХІ стагоддзя дайшлі дзве назвы, і абедзве цяпер выкарыстоўваюцца. Гэта «U čapů" і «U bílého anděla». Першая з іх, самая старажытная, звязаная з тым, што некалі на франтоне былі намаляваныя буслы, а другая, магчыма, з паданнем, што некалі там з’яўляўся белы прывід маладое маці, якая цаной свайго жыцця ўратавала сына і, як анёл-ахоўнік, блукала па доме, пакуль сын не дасягнуў паўналецця. Вельмі сімвалічна, што народжаны ў краіне буслоў Скарына друкаваў беларускія кнігі ў доме з такой «беларускай» назвай — «У буслоў».

Першапачаткова гатычны, гэты дом у XVI стагоддзі быў перабудаваны ў стылі рэнесанс, а ў XVІI стагоддзі — у стылі барока. Таму сёння будынак колішняй друкарні спалучае прыкметы ўсіх трох стыляў.

Вось гэты шэра-зялёны дамок:

Так ён выглядае ў фронце забудовы паўднёвага боку Старамесцкага пляца Прагі:

Так выглядаюць дамы ў фронце забудовы паўднёвага боку пляца злева ад друкарні. У часы Скарыны яны ўжо былі:

Гэта фрагмент першага паверха друкарні:

Гатычнае скляпенне другога паверха друкарні:

Адно з памяшканняў на другім паверсе друкарні:

Паводле чэшскіх беларусістаў Вацлава Жыдліцкага і Міласлава Зімы, друкарня Скарыны была ў гэтым памяшканні. У часы Готыкі і Рэнэсансу столі часта былі драўляныя:

Выгляд з акна друкарні на легендарны пражскі Арлой — астранамічныя куранты 1410 года на вежы гатычнай ратушы. Скарына мог падчас працы паглядаць у гэтае акно:

Аркада друкарні Скарыны (чырвоныя скляпенні) злучаецца з аркадамі суседніх будынкаў. Рынкі ў сярэднявеччы атачалі аркадамі, каб гандляры там маглі хаваць ад дажджу свой тавар:

Суседняя з друкарняй вуліца Мелантрыхава, па якой мог не раз хадзіць Скарына:

Будынак старажытнай аптэкі насупраць друкарні. Скарына мог там купляць лекі. Будынак у венецыянскім стылі, размаляваны ў тэхніцы сграфіта (шкрабаніна па сырым тынку). Сярод выяваў — Адам і Ева пад дрэвам пазнання дабра і зла, шэсце Бахуса і інш.:

Усходні бок Старамесцкага пляца. Усе гэтыя будынкі за часамі Скарыны ўжо існавалі (некаторыя да нас дайшлі перабудаваныя). Значыць, ён іх бачыў:

Гатычны сабор Панны Марыі перад тынам (Chrám Panny Marie Před Týnem) у часы Скарыны меў ужо такі выгляд:

Шыкоўны дом «U zvonu», пабудаваны ў першай палове XІV стагоддзя ў стылі карункавай венецыянскай готыкі з венецыянскім шатром. У ім адразу пасля пераезду ў Прагу ў сярэдзіне XІV стагоддзя жыў імператар Святой Рымскай імперыі, гарачы патрыёт Чэхіі Карл ІV:

У Празе ёсць яшчэ шмат месцаў, звязаных з прысутнасцю Францішка Скарыны ў гэтым фантастычна прыгожым еўрапейскім славянскім горадзе.

Але наваколле друкарні — асаблівае месца і для нас, беларусаў, сакральнае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?