Насельніцтва Беларусі ў ліпені працягвала заставацца чыстым пакупніком замежнай валюты, пры гэтым аб'ёмы набытай валюты ў параўнанні з чэрвенем значна выраслі.
Юрыдычныя асобы-рэзідэнты і нерэзідэнты ў ліпені таксама набылі валюты больш, чым рэалізавалі. Пра гэта сведчаць статыстычныя дадзеныя Нацыянальнага банка.
Фізічныя асобы за ліпень прадалі наяўнай і безнаяўнай валюты на $685,4 млн. (за чэрвень $619,1 млн.) у эквіваленце, набылі — $ 1 млрд 306,9 млн. ($ 884,2 млн.). Такім чынам, чыстая купля замежнай валюты склала $621,5 млн. (у чэрвені — $ 265,1 млн.).
Да чэрвеня, пачынаючы з лютага, фізічныя асобы прадавалі валюты больш, чым куплялі. Змяненне тэндэнцыі летам эксперты тлумачаць у тым ліку сезонам адпачынкаў, а таксама перакладам рублёвых укладаў у валютныя.