Нашая краіна напярэдадні Другой сусветнай вайны трапіла ў ціскі між Сталінам і Гітлерам і панесла вялізныя страты ад некалькіх хваляў сталінскіх рэпрэсій, ваенных падзеяў і нацысцкай акупацыі. Гэтыя часы трагічна адгукнуліся на лёсе практычна кожнай сям’і ў Беларусі.

І тут паўстае праблема правільных інтанацый аповеду пра гэты перыяд, дзе суадносіліся б асабістыя і калектыўныя ахвяры, павялічваецца патрэба ў адэкватнай перадачы гістарычнай памяці новым пакаленням. Вельмі важнае месца тут займаюць спецыяльна створаныя месцы памяці — месцы масавых знішчэнняў, якія ператвараюцца ў мемарыялы нацыянальнага значэння. Іх стварэнне цесна знітаванае з палітычнымі патрэбамі: мемарыял у вёсцы Хатынь падкрэсліваў ахвярнасць усяго беларускага народа і клаўся ў падмурак «партызанскай Беларусі».

Адкрыццё месца сталінскіх рэпрэсій пад Курапатамі стала сур’ёзным ударам па ўспрыняцці камуністычнай улады і ўзмацніла рух за незалежнасць краіны.

Мы прапануем вам удзел у экскурсіі з магчымасцю не толькі наведаць галоўныя месцы памяці, але і абмеркаваць прынцыпы і праблемы ўшанавання трагічных старонак гісторыі.

Як адбываецца выбар месца для мемарыялу? Чаму былы канцлагер у Трасцянцы застаецца на ўзбочыне ўшанавання ахвяр вайны? Як суадносіцца афіцыйная версія з гістарычнымі падзеямі? Ці адлюстроўваецца ў хатынскім мемарыяле сапраўдная гісторыя знішчэння гэтай вёскі? Хто мае права на ўшанаванне памяці ахвяраў масавых знішчэнняў? Чаму народны мемарыял Курапаты стаў месцам не аб’яднання беларусаў, а палітычнай канфрантацыі?

У канцы вандроўкі арганізатары абяцаюць прыемны сюрпрыз.

Расказваць нам будзе Аляксей Ластоўскі, кандыдат сацыялагічных навук, выкладчык курса «Па-за гісторыяй: сучасныя міждысцыплінарныя падыходы ў вывучэнні мінулага» ў Лятучым універсітэце.

Дабрачынны ўнёсак — 170 тыс. рублёў.

Запіс і даведкі па тэлефоне: (029) 180-28-38 (Святлана).
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0