Беларусі і Расіі неабходна каардынаваць свае дзеянні па дэпапуляцыі дзіка ў прыгранічных зонах дзвюх краін. Гаворка аб гэтым ішла 8 жніўня ў Маскве на сустрэчы віцэ-прэм’ера РФ Аркадзя Дварковіча з віцэ-прэм’ерам Беларусі Міхаілам Русым, прысвечанай барацьбе з афрыканскай чумой свіней (АЧС).

Як паведаміла Міністэрства сельскай гаспадаркі Расіі, удзельнікі сустрэчы абмеркавалі пытанні ўніфікацыі заканадаўства ў барацьбе з небяспечнымі захворваннямі жывёл, у тым ліку АЧС. Адным з найважнейшых крокаў у гэтым кірунку, на іх думку, з’яўляецца «стварэнне сістэм абавязковай ідэнтыфікацыі прадуктыўных жывёл, а таксама прасочвання прадукцыі і кантролю выкарыстання харчовых адходаў».

Бакі таксама адзначылі важнасць прагнозных балансаў попыту і прапановы, якія дазваляюць ацаніць патэнцыяльныя магчымасці вытворчасці і аб’ёмы спажывання сыравіны і гатовай прадукцыі ў АПК Беларусі і Расіі. «Падкрэслена неабходнасць выканання ўзгодненых аб’ёмаў у рамках прагнозных балансаў попыту і прапановы, правядзення пастаяннага маніторынгу іх выканання і карэкціроўкі аб’ёмаў паставак у залежнасці ад сітуацыі, што складваецца на рынках — найперш на рынку малака», — адзначаецца ў паведамленні.

У Беларусі афіцыйна выяўлены два ачагі АЧС — у Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці і Віцебскім раёне. У Расіі ўспышкі АЧС зарэгістраваныя на тэрыторыі Маскоўскай, Тульскай, Растоўскай, Смаленскай, Тамбоўскай, Яраслаўскай і Валгаградскай абласцей.

Беларускія ўлады заявілі, што прычынай захворвання свіней стаў заражаны камбікорм, які быў пастаўлены прадпрымальнікам з-за межаў Беларусі і рэалізаваны насельніцтву.

Часовая забарона на ўвоз свіней і свініны з Беларусі ўведзены ў Расіі, Украіне, Польшчы, Літве і Латвіі. Беларусь, у сваю чаргу, увяла забарону на ўвоз свініны з шэрагу рэгіёнаў Расіі, дзе выяўлены ачагі АЧС.

У Беларусі дзейнічае рэспубліканскі штаб па барацьбе з АЧС на чале з Міхаілам Русым. У Расіі распараджэннем Дзмітрыя Мядзведзева ад 7 жніўня створана камісія па папярэджанні распаўсюджвання і ліквідацыі АЧС на чале з Аркадзем Дварковічам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?