08.09.2007 / 16:21

8 верасьня — Дзень беларускай вайсковай славы дапоўнена 10

У гэты дзень у 1514 годзе літвіны і русіны разьбілі расейскае войска ў бітве на рацэ Крапівенцы, што ля Воршы. Гэтая выдатная перамога (30-тысячнага войска над 80-тысячным) надоўга спыніла расейскую экспансію. Гістарычная перадышка падоўжыла «залаты век» Вялікага Княства Літоўскага...

У гэты дзень у 1514 годзе літвіны і русіны разьбілі расейскае войска ў бітве на рацэ Крапівенцы, што ля Воршы. Гэтая выдатная перамога (30-тысячнага войска над 80-тысячным) надоўга спыніла расейскую экспансію. Гістарычная перадышка падоўжыла «залаты век» Вялікага Княства Літоўскага, калі расквітнелі ў ім культура і мастацтвы, дала шанец беларускаму Рэнэсансу і Рэфармацыі паўплываць на фармаваньне нацыі.

Традыцыйна 8 верасьня барды і моладзь зьяжджаюцца на Крапівенскае поле. У 1990-я гады ў сталіцы ў гэты дзень адбываліся шматлюдныя шэсьці і канцэрты.

Гаворыць гісторык Уладзімер Арлоў: «Сьвяткаваньне гадавіны Аршанскае бітвы дапамагае разбураць міт, нібыта на расейскіх землях жылі нашыя браты, якія несьлі нам спакой і вечна нас вызвалялі. Нашае грамадзтва занадта доўга засвойвала міты, якія ўтваралі комплекс непаўнавартасьці...

Дарэчы, у Польшчы бітва пад Оршаю разглядаецца як баталія з удзелам польскіх войскаў, хаця войскаў Кароны там не было, толькі аддзелы палякаў‑наймітаў. Гэта войска Вялікага Княства Літоўскага разьбіла расейцаў.

Існуе дзьве Беларусі, і кожная зь іх у розных дачыненьнях з гісторыяй. Адна Беларусь пачуваецца спадкаемніцай Савецкага Саюзу.

Шмат для каго з маіх суайчыньнікаў гісторыя іх краю пачынаецца з тых часоў, калі піва каштавала 37 капеек, а гарэлка — тры рублі. Ёсьць таксама другая Беларусь, жыхары якое ведаюць мінулае краіны, маюць сваіх герояў.

Атрымаць гэтыя веды было задачаю складанай і часта пакутлівай. Калі я ў 1970‑х вывучаў гісторыю, ні я, ні мае аднакурсьнікі з гістарычнага факультэту БДУ анічога ня чулі пра шматлікія важныя моманты нашае мінуўшчыны.. Мы былі прадуктамі савецкае адукацыі, у якой замоўчвалася існаваньне Беларускай Народнай Рэспублікі.

Савецкая гістарыяграфія была пераемніцаю гістарыяграфіі царскай. Беларуская гісторыя заўсёды разглядалася праз прызму імпэрскіх мітаў. Беларусы, маўляў, — малодшыя браты расейцаў, яны ня маюць права на дзяржаўнасьць, мову. У гэтай гісторыі не было месца героям, якія змагаліся за эўрапейскія каштоўнасьці. Я вырас у Полацку, а ня ведаў пра тое, што цар Іван Жахлівы, захапіўшы наш горад, зьнішчыў каталікоў і габрэяў, а 50 тысячаў праваслаўных пагнаў углыб Расеі. На ўроках і лекцыях нам апавядалі, што цар вызваліў Полацак ад палякаў і літоўцаў. Замоўчвалася, што гісторыя стасункаў Расеі ды Беларусі — гісторыя бясконцых войнаў, якія распачаліся ў 1492 годзе й доўжыліся ажно да канца XVIII стагодзьдзя, калі мара расейскіх валадароў пра заваёву Беларусі зьдзейсьнілася. У школе не вывучалі найстрашнейшай вайны 1654—1667 г. Беларусь страціла тады палову насельніцтва, сваю эліту, шляхту, мяшчанства. Гэта была дэмаграфічная, эканамічная, культурная катастрофа, ад якой краіна не адышла дагэтуль. Якраз тут мне бачацца карані нашых сучасных балючых праблемаў».

Цалкам гутарку з Уладзімерам Арловым можна прачытаць тутака.

МБ

***

Аршанская бітва—2007

Фэст беларускай аўтарскай песьні й паэзіі “Аршанская бітва—2007” пройдзе на Крапівенскім полі 8 верасьня.

Фэстываль пачнецца а 20-й на гістарычным месцы Аршанскае бітвы 1514 году — левым беразе Дняпра пры ўпадзеньні ў яго рэчкі Крапівенкі. Праходзіць ён на адкрытым паветры, таму варта падумаць пра адпаведную вопратку, запас ежы і намёт. Запас дроў для вогнішча будзе на месцы.

Даезд: з чыгуначнага вакзала на аўтобусе ці маршрутцы № 11 да аўтавакзалу (канец маршруту). Далей — аўтобусам "Ворша – Дуброўна" да прыпынку "Гацькаўшчына". Гуртам можна наняць маршрутку з чыгуначнага вакзалу проста да Гацькаўшчыны.

Таксама аўтобусам або маршруткай можна ад'ехаць ад прывакзальнае плошчы да прыпынку “Цэнтр”, затым ад Цэнтральнай плошчы, што ля “Дому гандлю” (прыпынак за помнікам Леніну) можна сесці на аўтобус ці маршрутку Ворша — Дуброўна” і ехаць да прыпынку “Гацькаўшчына”. Ад прыпынку “Гацькаўшчына” да месца фэсту каля 1 км.

Спадарожныя цікавосткі: па два бакі Цэнтральнае плошчы знаходзяцца музей Уладзіміра Караткевіча і Прыдняпроўскі парк з помнікам Караткевічу на месцы дому, дзе прайшло ягонае дзяцінства.

У парафіяльным касцёле Сьв.Язэпа (вул.Савецкая) экспануецца адзіная на Беларусі каляровая ксэракопія ў натуральны фармат вядомай карціны ХVI ст. “Аршанская бітва” (арыгінал у Варшаве).

Даведкі: (029) 291-62-38 (Юрка), (029) 319-65-74 (Генадзь), (029) 666-75-42 (Віктар).

0
ТБМ / Адказаць
08.09.2007 / 13:57
30 хвілін таму міліцыя затрымала старшыню Магілеўскага ТБМ Алега Дзьячкова. Ён арганізоўваў вандроўку на Аршанскі фэст
0
іван / Адказаць
08.09.2007 / 14:32
от жа самаеды, расейскія прыслужнікі... Дзьячкоў, дзяржыся спакойна!
0
:-( / Адказаць
08.09.2007 / 14:46
І Пушкін затрыманы - http://www.polskieradio.pl/zagranica/by/dokument.aspx?iid=58273
Паказаць усе каментары/ 10 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру