На ўрачыстасць сабраліся пад 400 чалавек. Літургію служыў архіяпіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій. Пасля набажэнства вернікі прайшлі па вёсцы хросным ходам.

Святыню ўсходняга абраду ў Сітцах згадваюць гістарычныя крыніцы яшчэ ў 1690 годзе. Старая сіцкая царква — гэта невялікі драўляны храм без цыбуліны, з адной вежай, абнесены драўлянай агароджай з мураванымі шуламі. Пра яго выгляд мы ведаем па фотаздымку пачатку ХХ стагоддзя.


Праваслаўная царква ў сяле Вялікія Сітцы Вілейскага павета. Фота Яна Балзункевіча, пачатак ХХ стагоддзя.

Новую вялікую царкву з белай цэглы змуравалі ў 1913 годзе. Настаяцелем храма тады быў айцец Яўстафій Нядзельскі. У 1935 годзе яго забілі бандыты — звычайныя крымінальнікі, якія пранюхалі, што настаяцель будзе везці вялікія грошы. Вернікі пахавалі бацюшку за царквой, вакол ягонай магілы растуць кветкі.


Магіла айца Яўстафія Нядзельскага, настаяцеля царквы ў Сітцах.

Праваслаўная царква святога Георгія ў Сітцах (Докшыцкі раён).

Царква асвечана ў гонар святога Георгія Пераможцы. То быў афіцэр рымскага войска родам з Малой Азіі. За сваю веру ён быў пакараны смерцю ў 303 годзе, калі імператар Дыяклетыян чарговы раз спрабаваў знішчыць хрысціянства. На абразах пакутніка малююць на белым кані, кап’ём ён забівае Цмока.

У Сітцах вельмі шануюць і святога Серафіма Сароўскага, манаха з-пад Ніжняга Ноўгарада, чыё жыццё, якое прыпадае на 1754–1833 гады, было багатае на цуды. Святы Серафім запомніўся тым, што круглы год вітаў людзей словамі «Хрыстос уваскрос!» Памятаюць і такое яго выказванне: «Здабудзь дух супакою — і вакол цябе збавяцца тысячы».

Спадчына такіх людзей як Серафім Сароўскі, перасягае межы народаў і канфесій. Яна належыць усяму чалавецтву. За дваццаць кіламетраў ад Сітцаў, у вёсцы Бярозаўка, абраз святога Серафіма змешчаны ў алтары каталіцкай капліцы, побач з абразом святога Францішка з Асізі.


Абраз святога Серафіма Сароўскага, пакладзены на аналоі пасярэдзіне царквы ў Сітцах, падчас юбілейнай урачыстасці.

У Сітцах на святога Серафіма — першага жніўня — штогод бывае фэст.

Ад самае раніцы збіраюцца ў храм людзі. Палова на дзявятую — а ў царкве ўжо сотня чалавек. Найбольш то старыя бабулькі, апранутыя па-святочнаму, з белымі хусткамі на галовах. Набожна хрысцяцца і кланяюцца яшчэ перад прыступкамі храма. Ёсць трохі мужчын, дзяцей і моладзі.

«С празьнікам!» — віншуюць адзін аднаго вернікі. Слова «свята» тут ужо забыліся.


Перад храмам.

«Ваў, как тут красіва!», — усклікае малы з цацачным пісталетам залацістага колеру, якога вядзе ў храм бабуля. Падарунак унуку яна набыла ў гандляроў, якія расставілі свае намёты на вуліцы перад царквой. Сёння чацвер — кірмашовы дзень у Сітцах. Яшчэ дзяцей вабяць самаробныя цукеркі — які ж гэта фэст без пеўнікаў-смактулек?

У царкве насамрэч прыгожа. Да юбілею яе паднавілі і звонку, і ўнутры. Са столі, пафарбаванай у нябесны блакітны колер, пазіраюць чацвёра евангелістаў. Вышэй, пад самым купалам — дванаццаць апосталаў. Над залацістым іканастасам раскінулася вясёлка — гэта сімвал запавету, які Бог заключыў з Ноем, абяцаючы, што больш не будзе ўсясветнага патопу.


У храме падчас урачыстасці.

«Спасай нас своими молитвами, Серафиме, преподобный отче наш!», — гучна моліцца святар, стоячы перад Царскімі варотамі. Высока пад столлю пяе хор. Псальмы даносяцца нібы з самога неба.

Абразоў святога Серафіма ў храме ажно чатыры. Абгорнуты вышываным ручніком, адзін з іх пакладзены на аналоі на сярэдзіне храма. Людзі падыходзяць, хрысцяцца, цалуюць абраз, кідаюць грошы на ахвяру.


Верніца схіляе галаву да абраза святога Серафіма Сароўскага.

Другі абраз святога Серафіма стаіць у ківоце злева — перад ім ставяць свечкі. Трэці паміж іканастасам і абразом Маці Божай Вастрабрамскай — на гістарычнай Віленшчыне яе шануюць і католікі і прававаслаўныя. Чацвёрты абраз самы вялікі, вытканы на дыване.


Жанчыны ставяць свечкі каля абраза святога Серафіма Сароўскага.

Пабачыўшы, што я фатаграфую, мяне кліча настаяцель. Кажу яму, хто я такі і навошта здымаю. «Смотрите, чтобы было во благо», — наказвае мне бацюшка.

Падчас набажэнства ў храме пануе рух. Людзі заходзяць і выходзяць. Ідуць наперад, каб пацалаваць абраз і паставіць свечку. Святар моліцца. Хор спявае. Бабулькі шэптам перамаўляюцца, седзячы на лаўках. «Дорогие братия, соблюдайте тишину», — гучна кажа бацюшка. Бабулькі на хвіліну замаўкаюць, ды потым працягваюць размову.


У храме.

Падчас набажэнства.

Перад царкоўным ганкам дзяўчаты выкладаюць агромністы дыван з кветак. Па ім мае прайсці Ўладыка — архіяпіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій. Людзі глядзяць на раскладзеныя кветкі і хваляць — якая прыгажосць! — і фатаграфуюць мабільнымі тэлефонамі.


Дзяўчына выкладае дарожку з кветак, па якой мае прайсці архіяпіскап Феадосій.

Нарэшце архіяпіскап прыехаў. Уладыка выходзіць са свайго мікрааўтобуса, ідзе да вернікаў. Каля брамы яго спыняюць дзеці, дораць кветкі. Не куплёныя, са сваіх палісаднікаў. «Са святам!» — некалькі разоў усклікае ўладыка, вітаючы людзей. Менавіта так, па-беларуску, «са святам!»


Архіяпіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій падыходзіць да царквы.

На парозе царквы архіяпіскапа Феадосія сустракае прыхаджанін Тадэвуш з караваем і жонка святара з букетам кветак. «Православный Вы, Тадеуш?» — перапытвае архіяпіскап.

Калі архіяпіскап пераступіў парог храма, яму накідваюць аблачэнне бэзавага колеру з бел-чырвона-белымі стужкамі. Праз колькі хвілін яго мяняюць на літургічнае аблачэнне — уладыка будзе служыць Літургію. У храме нарэшце запанавала цішыня. Усе глядзяць на Ўладыку, ён моліцца без мікрафона, але ўсё добра чуваць.


Набажэнства з удзелам архіяпіскапа.

Хор спявае псальмы. Меладычныя іх спевы, здаецца, самы прыгожы элемент праваслаўных набажэнстваў. Потым такой жа прыгожай мелодыяй хор выводзіць Нагорную казань Хрыста. Проста стой і слухай.

«Святый Боже, Святый Крепкий, Святый Бессмертный, помилуй нас!», — моліцца архіяпіскап, выйшаўшы з алтара, з такой інтанацыяй, якая не пакідае сумневаў у шчырасці яго малітвы.

У царкву забягае старшыня райвыканкама — ставіць свечку перад абразом Серафіма, хрысціцца і адразу некуды знікае. Прыгадваю іранічныя словы аднаго праваслаўнага святара: «Некаторыя лічаць, што паставіць свечку — гэта галоўнае таінства ў царкве».

Храм раптоўна пусцее перад Прычасцем. Палова людзей выходзіць на двор. Прычасце ўдзяляе сам архіяпіскап, голасна і шчыра моліцца перад гэтым. Цела і Кроў Хрыста прымаюць некалькі дзясяткаў чалавек. З іх большасць — малыя дзеці, якіх бацькі падносяць да Чашы, ды купка старых бабулек.

Пасля Літургіі пачаўся хросны ход. Людзі нясуць крыж, харугві, абразы. Спачатку абыходзяць храм, потым выходзяць на вясковую вуліцу. Архіяпіскап Феадосій кропіць людзей свянцонай вадой, яшчэ некалькі разоў голасна віншуе: «Са святам!»


Падчас хроснага хода.

Хросны ход.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?