БелаПАН паведамляе пра "крапівенскі хапун". Выглядае на тое, што сёлета сьвяткаваньне ўгодкаў Аршанскае бітвы апынулася пад асабліва пільным наглядам. Можна нават сказаць, пад каўпаком.

Раней так не прэсынгавалі. Я не кажу ўжо пра фэнамэнальны дзень 8 верасьня 1992 году, калі на плошчы Незалежнасьці адбылася масавая прысяга на вернасьць Беларусі.

А ў гэтыя хвіліны на той самай плошчы публіка зьбіраецца вакол новага цыкляпічнага фантана на шырока разрэклямаваную сьветламузычную імпрэзу. (Дарэчы, генэральная рэпэтыцыя ня надта уразіла.)

Улада, цалкам у традыцыях валадароў Старажытнага Рыму, дае народу хлеба ды відовішчаў. Галоўнае — каб у мазгах не было палітыкі. Уладзе зручныя тыя, хто думае страўнікам, а духоўныя патрэбы вызначае словам "балдзець".

Моладзь пад Воршай хапаюць таму, што яна сьвяткуе паводле ўласнага сцэнару, не праштампаванага ў кабінэтах "вэртыкалі". Тое сьвяткаваньне не зьмяшчаецца ў пракрустаў ложак казённай ідэалёгіі, пульсуе крэатывам і вясёлай фрондай, а таму апрыёры небясьпечнае.

Здавалася б, сёньня акурат час пераасэнсаваць ідэалёгію. Ужо і вожыку зразумела, што медным тазам накрылася тая "братняя інтэграцыя", у разгар якой нашым дзяржаўным мужам здавалася жахліва непаліткарэктнай сама згадка пра тое, як воі Астроскага натаўклі пысу агрэсарам з усходу.

Чаму ж улада тармозіць? Рэч, бадай, не ў недасьведчанасьці. Дарадцы, пэўна ж, даўно паклалі на стол начальству патрэбныя гістарычныя даведкі.

Тут — мэнтальны бар'ер. На полі сапраўднай нацыянальнай гісторыі сёньняшняя ўлада пачуваецца няўтульна, быццам без адзежы. Цяпер яна, улада, нібы ў сталінскім фрэнчы. А так трэба прымерваць дасьпехі вялікіх князёў. А якое тут рыцарства!..

Самае ж сумнае, што ад гістарычных каранёў адарваная маса. Пакуль яе можна карміць саўковым варыянтам гісторыі — нашто лішні тлум, лішнія навароты? Вунь БРСМаўскія дзеячы хутка давядуць, што і Мураўёў-вешальнік — кумір.

Афіцыйныя ідэолягі спрэс дзяўбуць пра выхаваньне патрыётаў. Аднак пад "патрыётамі" маюць на ўвазе ідэалягічных зомбі. Ім накідаюць тоеснасьць між Айчынай і дзяржавай, у іх выпрацоўваюць паслухмянасьць робатаў. Грамадзянін жа выразна разумее, што "ўлада" і "Радзіма" — ня тоесныя рэчы. І гатовы, калі трэба, трохі напружваць уладу, каб у выніку стала лепей Радзіме.

Казённых патрыётаў (а насамрэч інэртных абываталяў, гатовых хадзіць статкам) зручней фармаваць праз саўковую трактоўку гісторыі. Калі ўлада адчуе патрэбу ў сапраўдных грамадзянах, яна згадае і пра Аршанскую бітву. Але, мусіць, гэта будзе ўжо іншая ўлада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?